№21: Знак прысутнасці

№21: Знак прысутнасці

Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары

Чытаць далей

У гэты дзень, 15 лістапада

  • 1511

    Нарадзіўся Ян Секунд (лац. Johannes Secundus, сапр. Ян Эверартс; памёр у 1536), нідэрландскі лацінамоўны паэт, аўтар цыклу “Пацалункі” з 19 вершаў, напісаных пад уплывам Катула, а таксама шэрагу іншых твораў. Зборнік “Пацалункі” выклікаў шмат перайманняў не толькі суайчыннікаў паэта, але і паэтаў Плеяды (перш за ўсё П. Рансара), Д. Флетчэра, У. Драманда, Дж. Марына; матывы зборніка выкарыстоўвалі Ў. Шэкспір, Б. Джонсан, М. Опіц; М. Мантэнь у “Доследах” называе “Пацалункі” адным з новых твораў, што “могуць забавіць чытача”. Першы верш з цыклу на беларускую мову пераклаў Л. Баршчэўскі (пераклад змешчаны ў анталогіі “Галасы з-за небакраю”).

  • 1607

    Нарадзілася Мадлен дэ Скюдэры (фр. Madeleine de Scudéry, памерла 2 чэрвеня 1701), французская пісьменніца, прадстаўніца прэцыёзнай літаратуры. Мадлен дэ Скюдэры не была асаблівай прыгажуняй; замуж яна не выйшла па перакананні, аддаючы перавагу платанічнаму пачуццю (гарантыя свабоды ад шлюбнай сувязі). У гэтым сэнсе яе можна лічыць папярэдніцай фемінізму. “Сапфо” (мянушка пісьменніцы) набыла еўрапейскую славу; у 1695 Людовік XIV загадаў выбіць медаль з яе выявай. Кар'еру пісьменніцы пачала ў 1641 г. Усе свае галантна-гераічныя раманы друкавала пад імем брата (частка гэтых раманаў была напісаная ў суаўтарстве з ім).

  • 1862

    Нарадзіўся Герхарт Гаўптман (ням. Gerhart Johann Robert Hauptmann, памёр 6 чэрвеня 1946), нямецкі драматург і раманіст. Аўтар драмаў “Перад узыходам сонца” (Vor Sonnenaufgang, 1889), “Свята міру” (Das Friedenfest, 1890), “Адзінокія” (Einsame Menschen, 1891), “Ткачы” (Die Weber, 1892) і інш. Пачаўшы з натуралізму, з праблемы спадчыннасці ў сваіх ранніх творах, Гаўптман перайшоў да псіхалогіі асобы ў барацьбе з асяроддзем. Лаўрэат Нобелеўскай прэміі па літаратуры (1912) “на знак прызнання плённай, разнастайнай і выбітнай дзейнасці ў галіне драматычнага мастацтва”.

  • 1887

    Нарадзілася Марыяна Мур (анг. Marianne Moore, памерла 5 лютага 1972), амерыканская паэтка, адна з асноўных прадстаўніц амерыканскага рамантызму, лаўрэатка шэрагу прэміяў (улучаючы Пулітцэраўскую ў 1951 і National Book Award). Т. С. Эліят называў творчасць Мур “часцінкай таго вельмі рэдкага рэчыва, якое называецца неэфемернай сучаснай паэзіяй). У 1955 годзе супрацоўнічала з “Фордам”, прыдумляючы назвы для новых мадэляў аўтамабіляў.

  • 1912

    Памёр Дзмітрый Мамін-Сібірак (руск. Дмитрий Мамин-Сибиряк, сапр. прозвішча Мамін; нар. 6 лістапада 1852), рускі празаік і драматург. Шмат падарожнічаў па Урале і вывучаў гісторыю, эканоміку, этнаграфію і народнае жыццё гэтага рэгіёна, што значна паўплывала на яго творчасць.

  • 1916

    Памёр Генрык Сянкевіч (польск. Henryk Adam Aleksander Pius Sienkiewicz, нар. 5 траўня 1846), польскі пісьменнік, лаўрэат Нобелеўскай прэміі 1905 году “за выбітныя заслугі ў жанры эпасу”. Першая аповесць — “Дарэмна” (1872). Найбольш вядомы твор 1880-х — гістарычная трылогія: раманы “Агнём і мячом” (1883—1884), у якім паказаная казацкая вызваленчая вайна 1648 — 1654, “Патоп” (1884—1886) пра вызвольную барацьбу народаў Рэчы Паспалітай супраць шведскай інтэрвенцыі 1655—1656 і “Пан Валадыёўскі” (1887—1888) пра барацьбу з турэцкім нашэсцем у 1672—1673. У рамане “Quo vadis?” (1895—1896) паказаў барацьбу ранніх хрысціян з дэспатызмам Нерона. Раман “Крыжакі” (1897—1900) — эпапея пра барацьбу славян супраць Тэўтонскага ордэна на мяжы XIV—XV стст. На беларускую мову раманы “Крыжакі” і “Quo vadis?” пераклаў П. Татарыновіч, апавяданне “Дазорца маяка” — Паліна Маслянкова, некалькі перакладаў з Сянкевіча можна знайсці на Беларускай палічцы.

  • 1930

    Нарадзіўся Джэймс Грэм Балард (анг. James Graham Ballard, памёр 19 красавіка 2009), ангельскі пісьменнік, адзін з найбуйнейшых прадстаўнікоў ангельскай літаратуры другой паловы XX стагоддзя. Вялікі ўплыў на яго творчасць зрабіла мастацтва сюррэалізму. Спачатку вядомасць яму прынеслі навукова-фантастычныя апавяданні і раманы, пазней — псіхапаталагічныя трылеры. Найбольш вядомыя з іх — “Аўтакатастрофа” (Crash, 1973; экранізаваны ў 1996) і “Імперыя сонца” (Empire of the Sun, 1984; экранізаваны С. Спілбергам у 1987).