№21: Знак прысутнасці

№21: Знак прысутнасці

Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары

Чытаць далей

У гэты дзень, 11 снежня

  • 1810

    Нарадзіўся Альфрэд дэ Мюсэ (фр. Alfred de Musset, памёр 2 траўня), французскі паэт, раманіст, драматург. Акрамя паэтычных твораў вядомы як аўтар аўтабіяграфічнага рамана “Споведзь сына стагоддзя” (Confession d’un enfant du siècle, 1836). На творчасць паэта ў значнай ступені паўплывала каханне да французскай пісьменніцы Жорж Санд. Імя Мюсэ фігуруе ў клініцы ўнутраных хваробаў: вядомы такі тэрмін, як сіндром Мюсэ — рытмічнае хістанне галавы, сінхроннае з пульсам. Такі сіндром меў сам паэт, які пакутаваў на хваробу сэрца. На беларускую мову ўрывак з паэмы Мюсэ “Травеньская ноч” пераклаў Андрэй Стэфановіч (пераклад можна знайсці ў тэксце п’есы Рэймона Радыге “Пеліканы”).

  • 1911

    Нарадзіўся Нахіб Махфуз (арабск. نجيب محفوظ‎, памёр 30 жніўня 2006), егіпецкі пісьменнік-раманіст, драматург, сцэнарыст, лаўрэат Нобелеўскай прэміі па літаратуры 1988 году за “рэалізм і багацце адценняў арабскага апавядання, які мае значэнне для ўсяго чалавецтва”. Першы зборнік навелаў Махфуза “Подых вар’яцтва” выйшаў у 1938 годзе. Потым пісьменнік стварыў шэраг гістарычных раманаў, напісаных у рамантычнай манеры і прысвечаных часам фараонаў. Еўрапейскае прызнанне Махфузу прынесла ў 1950-х гадах “каірская трылогія” (“Бейн ал-Касрэйн”, “Каср аш-Шоўк” і “Ас-Сукарыя”), у якой апісваецца жыццё трох пакаленняў каірскай сям’і і палітычная гісторыя Егіпта. Апошняя кніга Махфуза — зборнік апавяданняў пра жыццё пасля смерці “Сёмае неба” — выйшла ў 2005 годзе.

  • 1918

    Нарадзіўся Аляксандр Салжаніцын (руск. Александр Солженицын, памёр 3 жніўня 2008), рускі празаік, публіцыст, паэт, грамадскі і палітычны дзеяч, які жыў і працаваў у СССР, Швейцарыі, ЗША і Расіі. Лаўрэат Нобелеўскай прэміі па літаратуры (1970). У 1974 годзе быў пазбаўлены грамадзянства за дысідэнцкую дзейнасць і друк сваіх твораў на Захадзе, абвінавачаны ў здрадзе радзіме і сілком дастаўлены самалётам у ФРГ. У 1990 годзе савецкае грамадзянства Салжаніцыну вярнулі і ўзнагародзілі Дзяржаўнай прэміяй РСФСР за “Архіпелаг ГУЛАГ”. У 1994 Салжаніцын з сям’ёй вярнуўся ў Расію.

  • 1918

    Памёр Іван Цанкар (славенск. Ivan Cankar, нар. 10 траўня 1876), славенскі празаік, драматург, эсэіст, паэт, чыя творчасць у многім вызначыла развіццё славенскай літаратуры ХХ стагоддзя, адзін з пачынальнікаў мадэрнізму ў славенскай літаратуры. Лічыцца найвялікшым пісьменнікам, што працаваў на славянскай мове, яго часта параўноўваюць з Францам Кафкам і Джэймсам Джойсам.

  • 1920

    Памерла Аліў Шрайнер (анг. Olive Schreiner, нар. 24 сакавіка 1855), паўднёваафрыканская пісьменніца, актывістка антываеннага руху. Найбольш вядомая як аўтар аўтабіяграфічнага рамана “Гісторыя афрыканскай фермы” (The Story of an African Farm, 1883), у якім выказваліся смелыя погляды на незалежнасць, індывідуалізм і прафесійныя імкненні жанчын.

  • 1933

    Нарадзіўся Эрнст ван Алтэна (нід. Ernst van Altena, памёр 14 чэрвеня 1999), нідэрландскі паэт, празаік і перакладчык, знакаміты перадусім як аўтар тэкстаў для многіх песняў Жака Брэля (у тым ліку песні “Раўнінны край” (Mijn vlakke land), перакладзенай на беларускую мову Ганнай Янкута). Перакладаў таксама песні Жака Брэля з французскай на нідэрландскую. Напісаў два раманы: “Адзін паміж двума” (Eén tussen twee, 1973) і “Звычайны нягоднік” (Een gewone schoft, 1974).

  • 1991

    Памёр Артур Лундквіст (шведск. Artur Lundkvist, нар. 3 сакавіка 1906), шведскі пісьменнік, літаратурны крытык, сябра Шведскай акадэміі, лаўрэат некалькіх значных літаратурных прэміяў Швецыі, а таксама Міжнароднай Ленінскай прэміі. Лундквіст быў зацікаўлены ў абнаўленні мовы, развіцці памежных літаратурных жанраў, што адбівалася на яго творчасці. Як творца ж ён вызначаўся надзвычайнай прадуктыўнасцю, агулам выдаўшы каля 80 кніг. Гэта зборнікі паэзіі, падарожных нататак, навелаў, а таксама раманы. Акрамя гэтага, ён публікаваў свае эсэ і артыкулы ў прэсе. Творы Лундквіста перакладзеныя на тры дзясяткі моваў. Лундквіст дэбютаваў у 1928 годзе паэтычным зборнікам “Жар” (Glöd). Яго вершы ўвайшлі пазней у анталогію “Пяцёра маладых” (Fem unga, 1929), якая адыграла вялікую ролю ў прарыве мадэрнізму ў шведскай літаратуры. У 1993 годзе пабачыла свет факсімільнае перавыданне гэтай кнігі. Творчасць Лундквіста адпачатку вызначалася пазітыўнасцю, аднак з часам рабілася ўсё больш песімістычнай (1930-я). У гэты час ён выдае зборнікі сюррэалістычных вершаў. У 1940-х пачынае шукаць новыя формы творчасці. Зборнік “Скрыжаванне” (Korsväg, 1942) змяшчае вершы-партрэты, якія апісваюць бацьку Лунквіста, Фройда, некаторых шведскіх літаратараў ды інш.). Паступова Лундквіст пераходзіць да прозы, піша падарожныя нататкі, навелы, афарызмы, а пазней звяртаецца да вершаў у прозе, якія лічацца вялікім здабыткам шведскай літаратуры.

  • 2002

    Памёр Сяргей Грахоўскі (нар. 24 верасня 1913), беларускі паэт, празаік і перакладчык. Аўтар зборнікаў паэзіі “Дзень нараджэння” (1958), “Чаканне” (1960), “Табе зайздросціць сонца” (1963), “Памяць” (1965), “Тры вымярэнні” (1967), “Вершы” (1968), “Паэма дарог” (1970), “Зазімак” (1976), “Лірыка” (1978), “Зачараванасць” (1978), “Асеннія гнёзды” (1982), “Кругі надзеі” (1985), “Верую” (1987), “І радасць і боль” (1988). Выдаў кнігі вершаў для дзяцей “Ад вясны да вясны” (1959), “Сёння і заўтра” (1961), “Гарыць касцёр” (1966), “Сонечная сцежка” (1980), “Знаходка” (1985), апавяданняў “Агеньчык у акне” (1972). Пераклаў на беларускую мову “Выбраныя вершы і паэмы” А. Блока (1980), кнігу лірыкі М. Дудзіна “Пасля спаткання” (1984), асобныя творы А. Пушкіна, Т. Шаўчэнкі, У. Маякоўскага, Я. Райніса, С. Ясеніна, Лесі Украінкі, П. Варанько, М. Забалоцкага, А. Твардоўскага, М. Ціханава, М. Ісакоўскага, Р. Гамзатава, А. Венцлавы, Т. Масэнкі, М. Нагнібеды, У. Сасюры, Я. Судрабкална і іншых паэтаў.