№21: Знак прысутнасці

№21: Знак прысутнасці

Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары

Чытаць далей

У гэты дзень, 13 снежня

  • 1720

    Нарадзіўся Карла Гоцы (іт. Carlo Gozzi, памёр 4 красавіка 1806), італьянскі драматург, аўтар казачных п’есаў (ф’яба), што выкарыстоўваюць фальклорныя элементы сюжэту і прынцыпы камедыі дэль артэ ў выбары персанажаў-масак. Згодна з легендай сваю першую п’есу Гоцы напісаў, паспрачаўшыся з Гальдоні (які быў тады ў зеніце славы), што напіша п’есу з самым простым сюжэтам, якая зробіцца знакамітай. Так з’явілася “Любоў да трох апельсінаў” — п’еса, якая перадвызначыла з’яўленне жанру ф’ябы, альбо трагікамічнай казкі для тэатра.

  • 1797

    Нарадзіўся Генрых Гайнэ (ням. Christian Johann Heinrich Heine, памёр 17 лютага 1856), нямецкі паэт, публіцыст, крытык. Лічыцца апошнім паэтам “рамантычнай эпохі”. Акрамя паэзіі займаўся палітычнай публіцыстыкай. Шырокую вядомасць яму прынесла выданне чатырохтомніка “Карціны дарогі” (1826—1831), напісанага на падставе вандровак па Германіі. Стаміўшыся ад цэнзуры, у 1831 г. паэт пераязджае ў Парыж (пазней, у 1935, бундэстаг афіцыйна забараніў творы Гайнэ). Апошнія восем гадоў жыцця Гайнэ быў прыкаваны да ложка, бо хварэў на параліч. Тым не менш, ён не кідаў займацца паэзіяй, у выніку чаго з’явіліся зборнікі “Рамансэра” (1851) і “Вершы 1853 і 1854 гг.”

  • 1873

    Нарадзіўся Валерый Брусаў (руск. Валерий Брюсов, памёр 9 кастрычніка 1924), рускі паэт, празаік, драматург, перакладчык, літаратуразнаўца, літаратурны крытык і гісторык. Адзін з заснавальнікаў рускага сімвалізму. Першы зборнік яго вершаў называецца Chefs d’oeuvre (“Шэдэўры”, 1905). Перакладаў Верхарна, Вэрлена, Метэрлінка, Гюго, Ўайлда, Байрана і інш.

  • 1893

    Нарадзіўся Мікола Хвылявы (укр. Микола Хвильовий, памёр 13 траўня 1933), украінскі празаік, паэт, публіцыст, адзін з заснавальнікаў украінскай паслярэвалюцыйнай літаратуры, аўтар выслоўя “Геть від Москви!” На беларускую мову апавяданні Хвылявога перакладалі Уладзь Лянкевіч і Ганна Міхальчук.

  • 1909

    Памёр Інакенцій Аненскі (руск. Иннокентий Анненский, нар. 1 верасня 1855), рускі паэт, драматург, перакладчык. Асноўная стыхія творчасці Аненскага — свет “хворай душы”. Паводле ўласных словаў, у паэзіі Аненскі імкнуўся выказаць “гарадскую, часткова каменную, музейную душу”, якую “катавалі Дастаеўскім”, “хворую і чулую душу нашых дзён”. Аненскі — аўтар чатырох п’есаў. На рускую мову пераклаў поўны збор п’есаў Эўрыпіда, а таксама вершы Гарацыя, Гётэ, Мюлера, Гайнэ, Бадлера, Вэрлена, Рэмбо, Рэнье. Зрабіў вялікі ўплыў на рускіх мадэрністаў (акмеістаў і футурыстаў).

  • 1983

    Памёр Нікіта Стэнэску (рум. Nichita Stănescu, нар. 31 сакавіка 1933), адзін з самых значных румынскіх паэтаў другой паловы ХХ ст., які атрымаў шэраг літаратурных узнагародаў, у тым ліку быў намінаваны на Нобелеўскую прэмію 1980 году. Тройчы быў жанаты (яго вяселлі адбыліся ў 1952, 1962 і 1982 гадах). Памёр ад гепатыту ва ўзросце 50 гадоў.

  • 2005

    Пакараны смерцю Стэнлі “Тукі” Ўільямс (анг. Stanley Tookie Williams III, нар. 29 снежня 1953), бандыт, адзін з заснавальнікаў банты “The Crips”, аўтар шэрагу кніг для дзяцей. У 1981 годзе быў арыштаваны, прычым не толькі за стварэнне злачыннай групоўкі, але і як меркаваны забойца 4 чалавек. Быў асуджаны на страту, чаканне якой расцягнулася на 24 гады, за якія Ўільямс раскаяўся і пачаў пісаць дзіцячыя кнігі. Галоўная тэма яго твораў — барацьба з вулічным злачынствам. Ўільямс дзевяць разоў рабіўся намінантам на Нобелеўскую прэмію, пяць з якіх — за мір і чатыры — па літаратуры. Апроч гэтага пісьменнік атрымаў прэмію прэзідэнта ЗША. Нобелеўскай прэміі ён так і не атрымаў, але зрабіўся адзіным яе намінантам, асуджаным на страту. Прысуд быў выкананы 13 снежня 2005.