№21: Знак прысутнасці

№21: Знак прысутнасці

Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары

Чытаць далей

У гэты дзень, 28 снежня

  • 1807

    Нарадзіўся Аўрам Мапу (ідыш אברהם מאפו, памёр 27 верасня 1867), габрэйскі пісьменнік родам з-пад Коўна. У 1852 годзе Мапу выдаў свой самы знакаміты раман “Ahabat Zion”, які зрабіўся першым белетрыстычным творам у новагабрэйскай літаратуры. У гэтым рамане звыродліваму і ненармальнаму жыццю ў габрэйскім гета ён супрацьпастаўляе свабоднае існаванне ў біблейскія часы.

  • 1864

    Нарадзіўся Анры дэ Рэнье (фр. Henri-Francois-Joseph de Régnier, памёр 23 траўня 1936), французскі пісьменнік, сябра Французскай акадэміі, аўтар вершаў, навелаў і раманаў. Быў жанаты з дачкой аднаго з лідараў “Парнаса”, Жазэ Марыі дэ Эрэдыя. На творчасць пісьменніка моцна паўплываў Малармэ. Рэнье быў блізкі да сімвалістаў, сябраваў і ліставаўся з Андрэ Жыдам і Полем Валеры. У паэзіі трымаўся сярэдняй лініі паміж парнасцамі і сімвалістамі, эксперыментаваў са свабодным вершам, разам з тым часам вяртаючыся да санэтнай формы і працягваючы традыцыю Нэрваля і Вэрлена. У прозе развіваў стылістыку “галантнага” XVIII стагоддзя.

  • 1872

    Нарадзіўся Піё Бароха-і-Нэсі (гішп. Pío Baroja y Nessi, памёр 30 кастрычніка 1956), гішпанскі пісьменнік, баск паводле паходжання, адна з ключавых фігураў “пакалення 1898 году”, якое востра перажывала ў сваёй творчасці распад гішпанскай імперыі і сацыяльны, палітычны і маральны крызіс у краіне. Пасля Першай сусветнай вайны Бароха пасябраваў з Артэга-і-Гасэтам, і з іх спрэчак нарадзілася знакамітая кніга апошняга “Дэгуманізацыя мастацтва”. Перэс дэ Аяла так ахарактарызаваў творчасць Барохі: “Раман Барохі падобны да трамвая з пасажырамі, якія ўваходзяць і выходзяць, але не ведаюць, куды яны едуць”.

  • 1880

    Нарадзіўся Крысціян Фрэдэрык Луі Лейпалт (афр. Christiaan Frederik Louis Leipoldt, памёр 12 красавіка 1947), паўднёваафрыканскі пісьменнік, які лічыцца адным з самых значных творцаў ПАР “Другога руху” — пакалення творцаў, што пісалі на афрыкаанс, такім чынам распрацоўваючы мову і ўводзячы яе ў літаратурны ўжытак адразу пасля Другой англа-бурскай вайны. Лейпалт пісаў вершы, раманы, п’есы, апавяданні, кнігі для дзяцей, падарожныя нататкі і нават кулінарныя кнігі і працы па батаніцы і дыеталогіі. Паэт Дыдэрык Ёханэс Оперман назваў яго “самым шматгранным творцам”. На беларускую мову вершы Лейпалта перакладалі Кацярына Маціеўская і Ганна Янкута.

  • 1908

    У Вільні заснаванае кнігавыдавецкае таварыства “Наша хата”.

  • 1918

    Памёр Алаву Білак (парт. Olavo Brás Martins dos Guimarães Bilac, нар. 16 снежня 1865), бразільскі паэт-парнасец, журналіст і перакладчык. У 1896 стаў адным з заснавальнікаў і сябраў Бразільскай акадэміі літаратуры. Аўтар тэксту дзяржаўнага гімна Бразіліі, майстар санэту, у 1907 абраны часопісам Fon-Fon “каралём бразільскіх паэтаў”.

  • 1925

    Памёр Сяргей Ясенін (руск. Сергей Есенин, нар. 3 кастрычніка 1895), рускі паэт, прадстаўнік новасялянскай паэзіі і (у позні перыяд творчасці) імажынізму. Аўтар зборнікаў вершаў “Трерядница” (1921), “Исповедь хулигана” (1921), “Стихи скандалиста” (1923), “Москва кабацкая” (1924) і іншых, паэмаў “Чёрный человек” (1925), “Анна Снегина” (1925). Да 1970-80-х гадоў лічылася, што Ясенін скончыў жыццё самагубствам у стане дэпрэсіі. Аднак пазней пачалі высоўвацца версіі пра яго забойства супрацоўнікамі ГПУ.

  • 1932

    Нарадзіўся Мануэль Пуіг (гішп. Manuel Puig, памёр 22 ліпеня 1990), аргентынскі пісьменнік, вядомы перш за ўсё як аўтар раманаў “Здрадніцтва Рыты Хейварт” (La traición de Rita Hayworth, 1968), “Фарбаваныя губкі” (Boquitas pintadas, 1969), “Пацалунак жанчыны-павука” (El beso de la mujer araña, 1976). Паводле апошняга рамана быў зняты аднайменны фільм, які атрымаў прэмію “Оскар”.

  • 1945

    Памёр Тэадор Драйзер (анг. Theodore Dreiser, нар. 27 жніўня 1871), амерыканскі пісьменнік і грамадскі дзеяч. Першы раман Драйзера “Сястра Кэры” (Sister Carrie, 1900) быў сустрэты чытачамі і крытыкамі вельмі варожа — як “амаральны” твор. Самы значны твор пісьменніка “Трылогія жадання” (раманы “Фінансіст”, 1912, “Тытан”, 1914, “Стоік”, 1947) зрабіўся адным з найвядомейшых твораў амерыканскай і сусветнай літаратуры ХХ ст., як і раман “Амерыканская трагедыя” (1925), які выклікаў станоўчыя водгукі. Сцэнар паводле рамана быў замоўлены савецкаму рэжысёру Сяргею Эйзейнштэйну, аднак праз некаторы час кантракт быў разарваны.

  • 1973

    Апублікаваны раман-даследаванне Аляксандра Салжаніцына “Архіпелаг ГУЛАГ”.

  • 1984

    Памёр Мікола Лобан (нар. 27 кастрычніка 1911), беларускі пісьменнік і мовазнавец. Аўтар апавяданняў, мовазнаўчых даследаванняў, эсэ і крытычных артыкулаў па праблемах пісьменніцкага майстэрства, псіхалогіі творчасці. У 1984 выйшла яго кніга артыкулаў і эсэ “Пяць раніц тыдня”, у 1986 — выбраныя творы ў 3-х тамах. Адзін са складальнікаў “Правілаў беларускай арфаграфіі і пунктуацыі” (1959), “Арфаграфічнага слоўніка” (з М. Р. Суднікам, 1948, 1961, 6-е выд. перапрацаванае і дапоўненае ў 1990), “Руска-беларускага слоўніка” (1953), “Беларуска-рускага слоўніка” (1962), кіраваў падрыхтоўкай “Тлумачальнага слоўніка беларускай мовы” ў пяці тамах (1977—1984, рэдактар т. І). Пераклаў аповесць М. Горкага “У людзях” (з Э. Агняцвет, 1952).

  • 2004

    Памерла Сьюзан Зонтаг (анг. Susan Sontag, сапр. Сьюзан Разэнблат; нар. 16 студзеня 1933), амерыканская пісьменніца, літаратурны і мастацкі крытык, грамадскі дзеяч, лаўрэат нацыянальных і міжнародных прэмій. Першымі шырокавядомымі яе творамі сталі даследаванні “Пра фатаграфію” (On Photography, 1977) і “Хвароба як метафара” (Illness as Metaphor, 1978). У 1980 выйшаў зборнік апавяданняў Зонтаг “Пад знакам Сатурна” (Under the Sign of Saturn, 1980) з прысвячэннем І. Бродскаму, які у адказ прысвяціў Зонтаг першыя “Венецыянскія строфы”. Найбольш папулярнымі раманамі Зонтаг лічацца “Прыхільнік вулканаў” (The Volcano Lover, 1992) і “У Амерыцы” (In America, 1999, экранізаваны ў 2006), за які ёй прысудзілі Нацыянальную кніжную прэмію США ў 2000.