— У розныя перыяды было многа розных. Мама мне часта чытала кніжку “Цёма і Жучка” з “Дзяцінства Цёмы” Гарына-Міхайлоўскага і казку П. Бажова “Срэбнае капытца”. Я іх любіла. Ведала на памяць дзіцячае выданне паэмы П. Броўкі “Над ракой Бярозай” і ўводзіла дзіцячую паліклініку ў транс, чытаючы гэтую кнігу ўголас (праўда, дагары нагамі). З дзіцячага садка запомніўся “Карлсан”. Асабліва смешным чамусьці падаўся эпізод, дзе дзядзечка Юліюс намачыў пальцы ў каве. Яшчэ вельмі тады спадабаліся “Навасёлы” Паўла Місько. Пазней, у пачатковай школе, была эра мумітроляў Тувэ Янсан і “Дзяніскіных апавяданняў” Драгунскага. Кэрал быў сярод любімых недзе ў класе сёмым.
— Што падштурхнула Вас перакладаць менавіта "Скрозь Люстэрка, і Што ўбачыла там Аліса"?
— У маім выпадку гэта не што, а хто: Андрэй Хадановіч. Скажу шчыра, калі б ён не прапанаваў мне зрабіць гэта, я сама не наважылася б.
— З чым Вы звязваеце сучасную тэндэнцыю з'яўлення цэлага шэрагу беларускіх перакладаў дзіцячай літаратуры?
— Мне здаецца, тут няма нічога дзіўнага: раней усе гэтыя творы не перакладаліся. А дзяцей выхоўваць трэба. Сёння дзякуючы інтэрнэту і іншым абставінам беларускамоўныя бацькі і дзеткі маюць шырэйшыя зносіны, чым раней, і лепей бачна, чаго ім не стае. Раней даводзілася чытаць па-руску або рабіць “сінхронны пераклад” з рускага перакладу. Цяпер нават на “дзетках.орг” ёсць форум пра тое, што варта было б перакласці. І, я думаю, яно будзе перакладацца. Бо ёсць і перакладчыкі, якія або адчуваюць, што трэба людзям, або самі бацькі. У мяне з’яўляецца нейкае ўражанне адраджэння, агульнага руху, хай і лакальнага. Гэта тэндэнцыя запаўнення лакунаў, яна цалкам натуральная і слушная.
— Ці трэба ў чымсьці здзяцінець, каб перакласці або напісаць дзіцячы твор?
— Напэўна, каму як. Ёсць пісьменнікі, якія “застаюцца дарослымі” і з гэтай пазіцыі звяртаюцца да дзяцей (напрыклад, Леў Талстой): ты малы і недасведчаны, я вялікі і разумны, я цябе навучу. І таксама класікі! А ёсць тыя, хто цалкам ператвараецца ў дзіця, нават сапраўднае дзіця можа падумаць: ну, дзядзька загуляўся! Кэрал, напэўна, з другіх. Ёсць цэлы спектр прамежкавых варыянтаў. Я сама, калі пісала вершы для сына, адчувала сябе мамай, а значыць, дарослай. Але агульнавядома, што калі мама гуліць разам са сваім немаўляткам, іх разумовы ўзровень аднолькавы.
— Ці ўплывае дзіцячая літаратура на свет дарослых і наадварот? Калі так, то якім чынам?
— Я ўпэўненая, што яшчэ як. Дзіцячая літаратура — гэта нашыя першыя кніжкі. Гэта першы ўзор кніжкі, які мы бачым у жыцці. Дзіцячыя пісьменнікі — самыя знакамітыя. Я ў дзяцінстве была ўпэўненая, што Агнія Барто — зорка, не меншая за Алу Пугачову, вышэйшая толькі няня Пушкіна (пры тым, што да паэзіі была абыякавай), а, напрыклад, пра Дастаеўскага ці пра Хэмінгуэя нават не чула — і не паверыла б, што такія пісьменнікі ёсць. Потым я ні да кога з пісьменнікаў не ставілася з такім апрыёрным піетэтам, як у дзяцінстве. Я ўпэўненая, што ад таго, што нам чытаюць у дзяцінстве, шмат залежыць у далейшым жыцці, нават калі мы гэтага не ўсведамляем. А дарослы свет не можа не ўплываць, бо дзіцячую літаратуру пішуць у асноўным дарослыя, з усім сваім досведам і інтэлектам, ад якога ім і не варта адмаўляцца.
— Ці плануеце Вы перакладаць і надалей? Ці будзе гэта зноў твор для дзяцей?
— Планую. Даўно хачу перакласці як найбольш апавяданняў ангельца Мантэгю Родса Джэймса (гэткія калядныя жахалкі 1920-х), пакуль зробленае толькі адно. Прагна пазіраю на сучасную ўкраінскую паэзію. Для дзяцей? Чаму б не? Калі атрымаецца, то з радасцю!
— Якія дзіцячыя творы, на Вашую думку, яшчэ неабходна перакласці на беларускую мову?
— Асабіста мне не хапае Тувэ Янсан. Усёй запар. Ці ёсць па-беларуску Гары Потэр? Яшчэ мне, напрыклад, падабаюцца кніжкі пра Алівію Яна Фалконэра, але іх можна і “сінхронна”. Пры жаданні. Ёсць шмат добрых твораў, і ўвесь час з’яўляюцца новыя. У нармальных умовах гэта б адсочвалася і вартае адразу б перакладалася. Але каб нам “давярнуць” да нармальнага, трэба шмат часу і, што істотна, грошай. Я спадзяюся, што паступова гэтая праблема вырашыцца.
— Якой традыцыяй перакладу (чысты пераклад або адаптацыя) Вы кіраваліся і чаму? Як Вы ставіцеся да гэтых традыцый, якія іх моцныя і слабыя бакі?
— Спадзяюся, што гэта ўсё ж чысты пераклад. Кэрал пісаў не для малечаў: Алісе было сем гадоў, яе сёстрам — яшчэ больш, але трэба ўлічваць, што дзяўчаты Лідэл былі з рэктарскай сям’і, дый час спрыяў большай чуласці да слова. Таму для сучаснага “сярэдняга” чытача варта прыплюсаваць гады тры: маем 10. Мінімум. Тэкст Кэрала сам па сабе (у арыгінале) стылёва досыць просты, менавіта на гэтым тле зручней разгортваюцца лінгвістычныя гульні. Таму далей спрашчаць няма куды. “Аліса” — ангельская казка, таму я прынцыпова супраць Алесяў, Басяў і іншага “схілення на нашыя норавы”. Аліса ў маім перакладзе — па магчымасці ангельская дзяўчынка свайго часу, якая плаціць пенсамі, у святы есць пудынг, умее рабіць кніксэн і марыць стаць каралевай. Але гульні ў казцы Кэрала часам пабудаваныя на такіх рэаліях, пра якія нават сучасныя ангельскія дзеці даведваюцца толькі з каментароў да “Алісы”. Кэрала, вядома ж, выпраўляць недапушчальна (тут ужо што ёсць, тое ёсць). А вось у перакладзе такія моманты я лічу за найлепшае адаптаваць. І там, дзе Кэрал гуляўся са спецыфічна ангельскім полем паняткаў (найперш звязаных з малавядомай ангельскай літаратурай, школьным распарадкам і г.д.), і гэта ніяк нельга выкруціць зразумела, я магу перайсці на беларускі кантэкст. Бо інакш зноскі з тлумачэннямі аб’ёмам перавысяць сам твор. Праўда, не хочацца адмаўляцца ад каментароў, “што было па-ангельску”, але іх лепей у канец кнігі, бо гэта ж казка, якая павінная цікава чытацца. Тут важней захаваць агульнае ўражанне. Часам я дапускаю вольнасці і з іншае прычыны. Для Кэрала стварэнне казак было натхнёнай гульнёй. Для перакладчыка гэтая гульня (у найлепшым выпадку лагічная, у найгоршым і найчасцейшым — моўная) можа ператварыцца ў пакуту. Для чытача ў выніку таксама. Выйсце? Гуляцца падобным чынам — весела і натхнёна — са сваёй мовай. Але іншая мова — гэта ўжо іншая свядомасць, іншы кантэкст, іншы міф. Яна непазбежна “перацягне” перакладзены тэкст у нашую культурную прастору. Я вырашыла гэтага не баяцца. Проста ў маім варыянце Кэрал умее жартаваць па-беларуску (прынамсі, спадзяюся). Дарэчы, падобным шляхам пайшоў і ўкраінскі перакладчык, але да гэтага перакладу ў мяне ёсць і заўвагі.
Я думаю, права на жыццё маюць абедзве традыцыі. Для малодшых дзяцей без адаптацыі нікуды. Ім цікавая казка. Старэйшым дзецям падыдзе “чысты” пераклад (ну, Рабле можна і ў адаптацыі). А для дарослых — пераклад, пры неабходнасці з каментарамі. Іншага шляху, можа, і няма. Хіба што ў перакладах Кэрала.