№21: Знак прысутнасці

№21: Знак прысутнасці

Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары

Чытаць далей

Хрыста Боцеў

Развітанне

Вершы



Мая малітва

(Моята молитва)

               “Блаславёны бог наш...”

О мой божа, правы божа,
непадлеглы паняверцы.
Ды не той, што ў высях, божа, –
што ў маёй душы і сэрцы.

Ты не той, якому ставяць
скрозь штодня, штоночы свечкі,
ты не той, якога славяць
праваслаўныя авечкі.

Ты не той, які калісьці
удыхнуў свой дух у гліну
і людзей – для іх карысці! –
на зямлі рабамі кінуў.

Ты не той, хто даў уладу
патрыярхам і тыранам,
каб братоў да заняпаду
век піхаць беспакарана.

І не той, што наша гора
сунімае павучаннем:
несці крыж свой у пакоры,
цешыць сэрца спадзяваннем.

Ты не бог хлусоў і хціўцаў,
ашуканцаў бессаромных,
і не ідал крывапіўцаў –
ненажэрных, вераломных.

Ты, мой божа, – бог сумлення,
ты – рабоў заступнік смелы:
хай жа святу вызвалення
свет узрадуецца цэлы.

Удыхні ва ўсіх дазвання
прагу шчасця, прагу волі,
каб паўсталі на змаганне
за нязнойдзеную долю.

Барацьба не за гарамі –
і маім рукам дай сілу:
я пайду са змагарамі
і знайду сабе магілу.

Не дазволь, каб астывала
маё сэрца на чужыне,
каб мой голас заняпалы
заціхаў, як у пустыні.

 

пераклад з балгарскай –Алесь Разанаў

Хаджы Дзімітр

(Хаджи Димитър)

Не, не памёр ён!.. Там, на Балканах,
ляжыць і стогне на стромым схіле
юнак бясстрашны ў глыбокіх ранах,
юнак у самай красе і сіле.

Абломак шаблі шпурнуў направа,
налева стрэльба ўбок адляцела.
Вочы цямрэюць імглой крывавай,
вусны свет праклінаюць цэлы.

Ляжыць юнак, а высока ў небе
без жалю сонца пячэ-праменіць,
жняя спявае у полі недзе,
і ўсё мацней з раны кроў струменіць!

Жніво якраз... Спявайце, рабыні,
напевы жальбы! У паняверцы
свяці ім, сонца! Тут і загіне
юнак балгарскі... Ды змоўкні, сэрца!

Той, хто ў змаганні паў за свабоду,
не памірае: па ім рыдаюць
зямля і неба, звер і прырода,
і людзі песні яму складаюць.

Днём яму кідае цень арліца,
воўк яму раны пяшчотна ліжа,
і сокал тужыць, па брату быццам,
над ім лятае і сумна кліча.

Надыдзе вечар, месяц затлее,
зоры абсеюць прастор нябесны,
лес загамоніць, вецер павее –
пяюць Балканы гайдуцкія песні!

І самадзівы ў сукенках белых,
сёстры-красуні, са сховаў ночы
ціха ступаюць па травах спелых
і ля юнáка садзяцца моўчкі.

Адна да ранаў зёлкі прыклала,
другая сцюдзёнай вадой абмыла,
трэцяя ў вусны пацалавала –
і ён паглядзеў ёй у вочы, мілай.

“Дзе Караджа – адкажы, сястрыца?
Дзе мая верная ўся дружына?
Скажы – і душу маю забярыце:
хай я навечна тут супачыну!”

Далоньмі пляснуўшы, абняліся
і ў неба начное пырхнулі раптам –
шукаць, пакуль не світае ў высях,
дух Караджы, што быў яму братам...

Ды ноч праходзіць!.. І на Балканах
ляжыць ён – кроплямі кроў сцякае,
воўк яму ліжа лютыя раны,
і сонца зноў пячэ-прыпякае!

 

пераклад з балгарскай –Ніл Гілевіч

Пакаранне Васіла Леўскага

(Обесването на Васил Левски)

О, маці любая, маці-радзіма,
чаму ты плачаш гаротна, слёзна?
А ты, крумкач, над чыёй магілай,
пракляты птах, гэтак крачаш грозна?

Ах, знаю, знаю – ты плачаш, маці,
што цяжка ў няволі табе – рабыні:
твой крык святы аб ратунку, маці,
бездапаможны, нібы ў пустыні.

Плач, Балгарыя! Ускрай Сафіі
бачыў я вісельні прывід чорны:
пад перакладзінай страшным цяжарам
вісіць, о маці, твой сын непакорны!

Крумкач злавесна каркае дзесьці,
выюць ваўкі і сабакі ў полі,
галосяць жанчыны, румзаюць дзеці,
старцы паклоны б’юць на багамоллі.

Вецер ганяе ў разлогах церні,
віхуры злосную песню спяваюць,
мароз, і сцюжа, і плач безнадзейны
тугу на сэрца тваё навяваюць.

 

пераклад з балгарскай –Ніл Гілевіч

Развітанне

(На прощаване)

Не тужы, маці, і не плач,
што я гайдуком зрабіўся,
гайдуком, маці, паўстанцам,
што ў горы цябе пакінуў,
у жальбе па першым сыне.
Не кляні мяне, а кляні
турэцкую погань-нечысць,
што нас, маладых, пагнала
ад роднай зямлі ў чужбіну,
дзе мы горш бадзяг бяздомных,
няпрошаных, нежаданых!
Я знаю, маці, ты плачаш,
што сын твой можа загінуць –
ах, заўтра, калі пяройдзем
мы ціхі Дунай блакітны!
Ды што я, скажы, рабіцьму,
калі ты мяне радзіла
з мужчынскім сэрцам гарачым,
і сэрца, маці, не можа
глядзець, як шалее турак
на бацькаўшчыне любімай:
там, дзе мяне ты колісь
з грудзей малаком карміла;
там, дзе маё каханне
чорныя вочы ўздымала
і з ціхай усмешкай сумнай
у сэрца маё глядзела;
там, дзе браты і бацька
з думак па мне чарнеюць!..
Ах, мама – маці юнáка!..
Даруй мне – і будзь здарова!
Я ўзяў на плячо ўжо стрэльбу,
каб рушыць на кліч народны
супроць чужакоў няверных.
Я ў бітве за ўсё адпомшчу –
за дом, за цябе, за бацьку,
там хіжы чужак спазнае,
на што мая шабля здатна
і гонар юнацкі, маці!
А ты, як пачуеш, родная,
што кулі пяюць над вулкай
і хлопцы на конях скачуць,
выйдзі да іх, спытайся:
чаму твайго сына не бачна?
Калі табе скажуць, маці,
што паў я, працяты куляй, –
не плач і тады: не трэба,
і злых языкоў не слухай,
што пра мяне замянцяць:
“Выракся маці роднай!”,
а ціха пайдзі дадому
і ўсё раскажы папраўдзе
братам маім недарослым,
хай помняць яны і знаюць,
што быў у іх брат старэйшы
і ён у баі загінуў,
таму што не мог пакорна
схіляць галаву прад туркам,
з чужацкім ярмом змірыцца!
Скажы ім, маці, хай помняць,
помняць мяне і шукаюць:
белае цела на скалах,
на скалах, на стромах дзікіх,
а кроў чырвоную ў доле,
у доле, маці, у чорным!
Яшчэ няхай знойдуць стрэльбу,
стрэльбу, маці, і шаблю,
і дзе напаткаюць злыдня –
хай куляю прывітаюць,
а шабляю хай палашчаць...
Калі ж ты ад жалю-смутку
і гэта зрабіць не зможаш, –
напэўна, тады дзяўчаты
ля нас на харо збяруцца,
мае аднагодкі прыйдуць,
і між таварышак верных –
каханне маё ў жалобе, –
ты выйдзі тады паслухай
з сынамі, яшчэ малымі,
песню маю юнацкую –
чаму і як я загінуў
і словы сказаў якія
смерці ў твар і дружыне...
Горка табе будзе, маці,
глядзець на харо на тое,
калі ж ты сустрэнеш позірк
любай маёй, каханай –
глыбока ўздыхнуць і цяжка
два сэрцы, мне дарагія –
яе і твае, матуля!
І слёзы ўпадуць на грудзі –
на ўсохлыя і маладыя...
Сыны твае гэта ўбачаць
і як узмужнеюць, маці, –
як я, любіць будуць моцна,
і моцна, як я, ненавідзець...
Калі ж я, матуля мілая,
жывым у сяло вярнуся,
са сцягам над галавою,
з таварышамі баявымі,
ды ўсе як адзін у форме –
з ільвом залатым на шапцы,
са стрэльбаю за плячыма,
з шабляй-змяёй пры боку, –
тады, о маці юнáка!
о, дарагая каханка! –
бяжыце і рвіце кветкі,
плюшч і герань ірвіце,
пляціце вянкі – украсіць
галовы і стрэльбы нашы!
Тады – з вянком і з букетам –
ты падыдзі да сына,
падыдзі, маці, прыгарні
і пацалуй над брывамі
гнеўна-чырвоную стужку,
дзе два запаветныя словы
накрэслены: “Смерць ці свабода!”
А я абдыму каханую
рукой у бінтах крывавых –
хай чуе яна, як б’ецца,
стукоча сэрца юнáка,
плач супыню пацалункам,
слёзы сап’ю губамі...
Пакуль жа... бывай, матуля!
І ты не забудзь, каханая!

Дружынаў паход выходзіць,
шлях страшны, затое – слаўны:
можа, я ў бітве загіну...
Ды... большай мне славы не трэба,
як сціплы ўспамін народа:
“Памёр ён, бядак, за праўду,
за праўду і за свабоду...”

 

пераклад з балгарскай –Ніл Гілевіч


Каментар

Юнак – герой, храбрэц, волат.
Хаджы Дзімітр – Дзімітр Ніколаў Асенаў (1840–1868), герой нацыянальна-вызваленчай барацьбы, ваявода.
Гайдук – паўстанец супроць турэцкага ярма.
Караджа – Стэфан Тодараў Дзімаў (1840–1868), герой нацыянальна-вызваленчай барацьбы, ваявода.
Васіл Леўскі – Васіл Іванаў Кунчаў-Леўскі (1837–1873), кіраўнік і ідэолаг вызваленчай барацьбы, нацыянальны герой Балгарыі.

Упершыню ў кнізе: Хай зорыць дзень! Выбраныя старонкі класічнай балгарскай паэзіі. – Мінск: “Мастацкая літаратура”, 1973.

Пераклад – Ніл Гілевіч, Алесь Разанаў © 2013

Чытайце таксама

Сулейман Дыяманка

Сулейман Дыяманка

Сенегальска-французскі паэт, слэмер, спалучае паэзію і музыку

Чэслаў Мілаш

Чэслаў Мілаш

Польскі паэт, празаік, эсэіст, гісторык літаратуры, перакладчык, юрыст і дыпламат

Паўль Цэлан

Паўль Цэлан

Нямецкамоўны паэт і перакладчык, адзін з найлепшых еўрапейскіх лірычных паэтаў

Вірджынія Вулф

Вірджынія Вулф

Ангельская раманістка і эсэістка, адна з самых яркіх фігураў ангельскага мадэрнізму XX ст.

2835