№21: Знак прысутнасці

№21: Знак прысутнасці

Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары

Чытаць далей

Адам Міцкевіч

Даследаванні славянскіх старажытнасцяў (Badania starożytności słowiańskich)

Пераклад з польскай Уладзь Лянкевіч


Лекцыя 22

(24 сакавіка 1843)


Пачнем нашу гутарку аб славянскай міфалогіі заўвагамі наконт міфалогіі літоўскай. Да гэтага прыходзяць усе сучасныя этнографы і міфолагі, якія ў ходзе свайго даследавання заглыбляюцца ў славяншчыну. Яны не могуць ухапіць асноваў славянскай рэлігіі, пакуль не заглыбяцца ў старажытнасць і літоўскія паданні. Такім чынам, у гэтага самага непрыкметнага еўрапейскага народа і ў гэтай самай пісьмова неразвітай сярод еўрапейскіх моваў знайшоўся ключ да столькіх пытанняў.

Раней мы ўжо акрэслілі літоўскую гісторыю. Купка гэтага насельніцтва – доўга нязнанага і ціхага, чужога і славянам, і фінам, адасобленага ад іх ланцугом азёр, балот і лясоў прыціснутага да Балтыйскага мора паміж вусцем Віслы, Нёмана і Дзвіны – раптам з’яўляецца на славянскай сцэне з захопніцкім і заканадаўчым імпэтам, заваёўвае мноства рускіх княстваў, рабуе Польшчу, потым уступае з ёй у хаўрус, стварае адну з найвялікшых дзяржаў на поўначы і зноў знікае з поля зроку, здаецца, занепадае, забываючыся на ўсе стасункі з Руссю ды Польшчай і захоўваючы толькі сваю мову і пракаветныя паданні.

Сёння літоўская мова лічыцца адной з найстаражытнейшых еўрапейскіх моваў. Боп, Клапрот і Болен даволі добра даказалі гэта. Барон Экштайн лічыць яе найстарэйшай пасля санскрыту і найменш змененай. У літоўскіх паданнях захавалася першабытная думка, душа цэлай традыцыі. Але паколькі на літоўскай мове пісьмовых помнікаў няшмат, вучоныя для тлумачэння і інтэрпрэтацыі гэтых паданняў звяртаюцца да славянскай мовы. Такім чынам дзейнічаюць Гануш і Данкоўскі.

І як Альма-пара-брама [1] ў індыйцаў быў боствам нябачным, неспазнавальным, усюдыісным, то ў літвінаў такім быў Пражымас, якога ва ўсёй паўнаце разумення называюць Дэвас, што значыць Бог; гэтае слова было б цяжка зразумець, калі б мы не ведалі славянскага слова дзеяч, дзейнічаць. Таму Данкоўскі вельмі добра перакладае грэцкае Σεύς (якое грэкі вымаўляюць Дзейс) словам дзей, якое мы знаходзім у якасці кораня ў словах дабрадзей, чарадзей і г.д. Таму Θεύς, Σεύς, Дзей абазначае боства, якое існуе як дзейная істота. Здаецца, гэта найлепшае тлумачэнне гэтых імёнаў, пра якія было так шмат разважанняў.

У славянскай мове хапае словаў, каб раскрыць усю іерархію згаданага боства; але гісторыя, разважанні, традыцыя гэтага радаводу багоў ёсць у літвінаў. Нідзе рэлігійныя ўяўленні не ўтваралі такой поўнай і стройнай сістэмы. Перажыткі ўяўленняў, рассеяных па розных краінах свету, можна ўбачыць у матэрыяле, сабраным заходнімі аўтарамі, якія пісалі пра Літву, і ў тым, што сёння захоўваецца ў народных паданнях. Там ёсць сляды брамінскіх перакананняў пра прыроду чалавечай душы, пра ейны стан пасля выхаду з цела, пра найлепшыя спосабы выратавання; таксама ёсць рэшткі рэлігіі дзэн, веры ваеннай касты, шанавальнікаў агню і вады, у барацьбу гэтых дзвюх стыхій, у пакліканне дзяцей сонца знішчаць дзяцей цемры; ёсць рытуалы адпаведныя гэтым уяўленням, ёсць і іншыя рытуалы – для асвячэння побыту, якія нам нагадваюць падобныя ў грэкаў і рымлян, і дазваляюць іх лепш зразумець. Адным словам, гэтая міфалогія, бярэ пачатак ад індыйскага брамінізму, ахоплівае персідскія паданні, грэцкія і рымскія рытуалы і ўрэшце ўсе забабоны, усе практыкі ідалапаклонства, што былі ў Еўропе. Зацікаўленых у гэтай тэме адсылаем да прац, якія больш падрабязна тлумачаць менавіта гэтыя рэчы, і не будзем тут асобна гаварыць ані пра бостваў, ані пра міфы, а звернем увагу толькі на некаторыя паняцці, як, напрыклад, несмяротнасць душы.

Паводле старажытнай веры літвінаў, душа пасля расстання з целам можа або перайсці ў іншую форму – у чалавека, у жывёліну ці нават расліну, у адпаведнасці са сваёй маральнай прыродай, – або, калі яна дастаткова ўдасканалілася, – адразу адправіцца на неба. Такія велічныя, найбольш развітыя душы, адлятаюць з зямлі і выпраўляюцца Млечным Шляхам на поўнач у месца, дзе сярод зораў жывуць шчаслівыя. Калі нараджаецца чалавек – запальваецца новая зорка. Парка прывязвае да яе нітку новага жыцця, цягне яе, пакуль яму прызначана жыць, а напярэдадні смерці – перацінае. Можам тут згадаць, што імёны грэцкіх парак зусім славянскія. Зоркі дзяцей і людзей, што жывуць нядоўга, – малыя і цьмяныя; тыя, што мы называем знічкамі – прадказваюць гвалтоўную смерць, а яркія – належаць багам і героям. Мы прыводзім гэтыя падрабязнасці, бо іх няма ні ў якой іншай міфалогіі. Шанаванне памерлых, культ продкаў яднае літвінаў з шматлікімі іншымі старажытнымі народамі, але нідзе ён так моцна не трымаецца і не захоўвае першаснай чысціні, як у іх.

Прыгадаем яшчэ некаторыя гістарычныя традыцыі гэтага народа.

Найперш, што вельмі важна, яны не лічаць сябе спрадвечнымі жыхарамі населенай імі зямлі, яны лічаць сябе чужынцамі, што калісьці прыйшлі сюды з нейкай невядомай мясцовасці з усходу. Таксама гэтае паданне сведчыць, што калі пасля патопу выжыла некалькі пар людзей, найстарэйшая з іх размножылася падобным чынам, як Дэўкаліён і Піра, скочучы праз косткі вялікай маці (прыроды), то бок праз каменне. Ад яе і пайшоў літоўскі народ, і з прычыны гэтага старшынства іншыя народы заўжды ненавідзелі яго, пераследавалі і скрозь прыгняталі. Што датычыць яго гісторыі, то яе распачынаюць два міфічныя імёны – Прута і Вайдэвод. Прута, альбо Прутэна [2], быў вялікім жрацом і першы навучыў рэлігіі, апавёў пра паходжанне багоў, адкрыў таямніцу роду; Вайдэвод [3] быў ваяром і збіраў народ пад сваю ўладу, і нібыта заснаваў нейкае каралеўства. Абодва гэтыя правадыры пасля многіх стагоддзяў шчаслівага валадарання скончылі жыццё дабравольнай смерцю на вогнішчы. Амаль усе іх наступнікі паміралі такім жа чынам, што нагадвае нам індыйскі звычай, – гэта брамінская традыцыя. Пазней, у сярэднявечных хроніках, мы знаходзім сляды дзвюх кастаў, што кіравалі гэтым племенем. Адну з іх утваралі жрацы на чале з Крыве-Крывейтам, вярхоўным жрацом, і адрозніваюцца яны ад брамінаў тым, што іх выбіраюць; другую касту складалі ваяры, званыя Вітамі або Вітынгамі. Невядома, адкуль узялося гэтае імя. Віты нібыта прыйшлі са Скандынавіі, але і там іх лічаць прышлымі. Гэта была вельмі старажытная каста ваяроў, агульная для скандынаваў і літвінаў, якія настолькі часта сутыкаліся між сабой, што скандынавы ўрэшце цалкам зваявалі прускіх літвінаў і самі зрабіліся іх кастай ваяроў. Пра просты народ традыцыя не гаворыць нічога.

Такім быў стан рэчаў, пакуль недзе ў 1150 годзе з гэтай глушы раптам не рушылі захопніцкія, заваёўніцкія атрады. Прычына гэтага рушэння добра не высветлена. Ёсць меркаванне, што гэтае племя абудзіў з аднаго боку націск крыжакоў, з другога – зручны момант для нападаў падчас нашэсця татараў на славянскія землі; і нягледзячы на тое, што выпадкі гэтыя ўжо значна пазнейшыя, выразна відаць, што імпульсам для гэтых дзеянняў служыў рэлігійны элемент.

Не аднойчы мы выступалі супраць перадузятасці тых вучоных, што ўсе напады варвараў на чужыя краіны абгрунтоўваюць іхнай хцівасцю і прагай рабаваць. Квінет слушна гаворыць, што бітву персаў з грэкамі, тую слаўную выправу Ксеркса на Пелапанэс і Афіны, немагчыма растлумачыць, не ўлічваючы рэлігійных падставаў: гэта быў нібыта крыжовы паход, распачаты паклоннікамі Армузды [4] супраць паганскіх – на іхную думку – народаў. Нават татары, гэтыя найвялікшыя рабаўнікі, выступілі з паходамі не дзеля ўзбагачэння. Замест таго каб ваяваць багатыя краіны, цывілізаваныя азіяцкія народы, яны выбраліся некуды ў лясы і балоты; да таго ж, не прымалі даніны, а проста спусташалі ўсё навокал, лічачы сябе пасланцамі, якія караюць няверных. Цяжэй разгадаць думкі літоўскіх правадыроў. Аднак вядома, што яны палілі і тапілі палонных, прыносячы іх у ахвяру багам агню і вады. Відаць, рэлігійныя погляды касты ваяроў акурат саспелі да таго часу і далі плён: іх раптоўна ахапіла жаданне распаўсюджваць сваю веру або прынамсі даваць адпор іншаверцам. Такім чынам можна ўразумець дзіўную ўнутраную энэргію гэтых людзей. Якія узначальвалі спачатку дробныя грамадкі, складзеныя з саміх жа літвінаў, а потым цэлыя атрады, што колькасна выраслі за кошт воінаў, набраных са славянскага насельніцтва і некаторых татарскіх ордаў; яны заваёўвалі гарады, рэспублікі і княствы Русі, бесперапынна захоплівалі суседнія польскія землі, дабіраліся да татараў у далёкіх стэпах. Рынгольд [5], гаспадар толькі некалькіх сённяшніх паветаў, уладар не больш як двухсот тысяч падданых, пазаваёўваў далёкія краіны. Яго наступнікі Віцень і Гедымін зрабіліся найважнейшымі ўладарамі на поўначы. Нашчадкі Гедыміна ажно да Ягайлавічаў ішлі традыцыйным шляхам сваіх продкаў; з тым самым авантурысцкім імпэтам, з такой жа самаўпэўненасцю, яны пашыралі нечуванае дагэтуль гаспадарства ад Балтыйскага да Чорнага мора, ад Нарвы і Днястра да Волгі. Тройчы іх войскі дакраналіся маскоўскіх муроў, пільнуючыся толькі Палярнай зоркі, яны гналіся за татарамі ў качэўі за Дняпром, і перайшоўшы роў, абрабавалі і падпарадкавалі паўвостраў Крым.

Калі між польскімі валадарамі мы не сустрэнем прыкладаў унутрысямейных злачынстваў і душагубстваў, то гісторыя літоўскіх князёў, наадварот, поўная ўзаемных здрадаў і забойстваў. Гэта былі лютыя, гарачыя людзі; яны не былі так прывязаныя да сваёй зямлі, як Пясты, і, як валадары нарманаў на захадзе, не ведалі паняцця айчыны. Айчына была для іх паўсюль: куды б яны ні прыйшлі – там быў іх дом, дзе б яны ні ўзнялі сваю харугву – там распачыналі новую дынастыю і новую гісторыю. Яны нідзе не думалі навязваць сваёй нацыянальнасці, а наадварот, лёгка прымалі мясцовую – рускую, польскую; аднак кожнай краіне прышчаплялі свае агрэсіўныя, заваёўніцкія погляды.

Вось агульныя рысы гэтай ваеннай касты, што распаўсюдзіла імя Літвы па ўсёй поўначы. Гэты край, ледзьве прыкметны на мапе, мае велічную гісторыю. З аднаго боку, гэтая каста пасадзіла сваіх князёў у Полацку, у Пскове, у Ноўгарадзе, у Цверы, у Туле, на Валыні, у Кіеве, з другога – дала Польшчы векапомную дынастыю Ягайлавічаў. Літоўскія князі на Русі, прыгнечаныя потым нашчадкамі Рурыка, доўга, аднак, былі супраціўнікамі маскоўскай палітыкі, і зніклі з палітычнай сцэны разам з Глінскім у часы царавання Івана Жахлівага. Ягайлавічы ж сфармавалі уласную палітыку, выпрацавалі новае бачанне Польшчы, новую аснову ейнага быцця. Але літоўскі народ не атрымаў з гэтага ніякай выгады – ён не стаў ані багацейшым, ані магутнейшым. Сёння ён жыве на тых самых землях, дзе жыў раней, нават яшчэ і на меншых. Паціху знікаючы ў Прусіі, ён там цяпер ледзь налічвае чатырыста-пяцьсот тысяч насельніцтва; а заціснуты між славянскіх земляў, уяўляе сабой каля двух мільёнаў літвінаў, латышоў і куршаў.

Хатні побыт гэтага народа вельмі падобны да славянскага, аднак фізічная будова адрозніваецца ад славян. Літвін ніжэйшы ростам, лоб не такі адкрыты, вочы меншыя і невыразныя, скура бляднейшая, выраз твару спакайнейшы і глыбейшы; ягоныя рысы вельмі нагадваюць тыя, што сустракаем на індыйскіх выявах.

Агульныя для гэтых двух народаў звычаі ў літвінаў захаваліся нашмат чысцей. Нідзе так свята не шануецца гасціннасць, як у іх. І адныя, і другія аднолькава любяць прыроду, але славянін неяк растае ад яе вонкавых прынадаў, літвін жа ўнікае чуццём у яе ўнутранае жыццё. Нарбут заўважаў, што літоўскі народ неяк асабліва прывязаны да кветак, гэта нагадвае нейкае рэлігійнае шанаванне. Для кожнага свята ў касцёле, для кожнага хатняга абраду выкарыстоўваюцца менавіта тыя ці іншыя кветкі – для асвячэння або для ўпрыгожвання. У іх аповедах і песнях адлюстравалася мноства павер’яў пра паходжанне і прызначэнне разнастайных зёлак і раслін. Што яшчэ датычыць цікавых асаблівасцяў гэтага народа, дык гэта тое, што ў невымерна багатым зборы ягоных песень – да яго гонару – няма аніводнай не толькі бессаромнай, але нават непрыстойнай. У літоўскай мове няма непрыстойных, нешляхетных словаў. Гэтая нейкая пабожная, святая мова не трывае іх, не можа іх асвоіць; а калі такія і ёсць, то яны пазычаныя ў славян і ніколі не ўжываюцца ў прыстойнай літоўскай сям’і.

Такім чынам падагульніўшы ўсё, што мы сказалі, можна патлумачыць паходжанне і ролю гэтага народу. Як мы ўжо згадвалі, некаторыя этнографы сцвярджаюць, што Індыя – калыска ўсіх еўрапейскіх плямёнаў, што індыйская каста ваяроў, якая хацела ўсталяваць іншы рэлігійны культ, была адрынута брамінамі, пакінула краіну і дала пачатак гэтаму нешматлікаму, але вядомаму насельніцтву, якое называюць азамі, адна галіна якога засталася на ўсходзе, дзе ўвесь час валадарыла пад іменем медаў, персаў і лезгінаў, і прабілася ў цэнтр Еўропы пад іменем ляхаў і чэхаў, а другая, завандраваўшы ў яе паўночную частку, выявілася ў так званых сынах Одына, вікінгах, і агулам утварыла шляхту інда-германскага, або нямецкага, племені. Гэтыя ж этнографы знаходзяць яшчэ сляды іншых індыйскіх каст – шудраў і нават парыяў. Шматлікі качэўны цыганскі народ мае шмат супольных рысаў з парыямі. Таму калі мы возьмем пад увагу, як рэлігійныя традыцыі Індастану выразна выяўляюцца ў паданнях літоўскага народа, якая дакладная сувязь узнікае паміж санскрытам і літоўскай мовай, як тут і там можна ўбачыць падобны склад грамадства, як жрэцкая іерархія, у найвышэйшай ступені развітая і закончаная ў літвінаў, мае ў сабе нешта брамінскае, як вітынгі адпавядаюць індыйскай касце ваяроў, як урэшце найніжэйшыя слаі народа заўсёды заставаліся падданымі і рахманымі, – тады мы зможам зрабіць выснову, што літоўскае племя ёсць выключэннем у гісторыі рассялення індыйскага насельніцтва і заключае ў сабе ўсе яго складнікі. Розныя былі перасяленні з Індыі. Браміны аселі на берагах Ніла і далі пачатак касце егіпецкіх жрацоў; ёсць звесткі аб узнікненні ў Грэцыі асобных жрэцкіх, ваярскіх паселішчаў жрацоў, ваяроў, простага люду, але ў Літве бачны аскепак цэлага народа, аселага тут са сваімі жрацамі, ваярамі і абшчынай.

Так, складаная структура грамадства магла лепш за іншыя супраціўляцца ўсялякім нападам. Таму і да сёння гэты народ вызнае свае традыцыі, размаўляе на сваёй мове, забытай самімі жыхарамі Індастану і захаванай толькі ў іх святых кнігах, трымаецца сваіх звычаяў у грамадскім і хатнім жыцці.

Паколькі ў санскрыце ёсць элементы практычна ўсіх еўрапейскіх моваў, натуральна, што літоўская мусіць быць роднаснай з гэтымі мовамі; таму доўгі час лічылася, што яна была менавіта мяшанкай разнастайных славянскіх і германскіх словаў. Аднак урэшце з’явілася перакананне, што яна мае ўласныя элементы, цалкам адрозныя ад фінскай, славянскай, германскай і любой іншай. Але, несумнеўна, мусіла быць вялікае падабенства паміж ёй і старажытнай гоцкай мовай, якую прынесла з усходу гоцкая каста ваяроў, а са славянскай мовай яна таксама цесна звязаная, бо прызначаная даносіць да яе многія філасофскія тлумачэнні.

Як мы ўжо сказалі, у літоўскага народа ёсць ключ ад усіх славянскіх задач. У яго няма сваёй нацыянальнасці, свайго нацыянальнага быцця, ён нават не думае дамагацца гэтага; у яго мове няма словаў “народ”, “айчына”, ён, відаць, і не ведае, што ёсць іншыя народы. Расейцаў ён называе гудас, што азначае готы, палякаў – ланкас – імя гэтае, відаць, прынесена з Азіі, бо калі мы не памыляемся, гэтак індыйцы называюць жыхароў Цэйлона. Але ўжо двойчы ён бліснуў у гісторыі сваім унутраным жыццём. Спярша ён даў імпульс поўначы, які ў Русі спыніўся толькі за Іванам Жахлівым, а ў Польшчы згас з апошнім Ягайлавічам.

Што ж тады звязвае яго з гэтымі палякамі, гісторыі якіх ён не ведае і чыёй мовы не разумее? Гэта адно з праблемных пытанняў славяншчыны. Мы не можам сказаць, чаму ў літоўскіх песнях ланкас заўжды выступае адважным і шляхетным рыцарам. Для вытлумачэння гэтай прыхільнасці, магчыма, трэба было б звярнуцца да самых асноваў традыцый гэтага народа, але дакладна, што яго ўнутраная повязь з Польшчай – глыбокая таямніца, якую яшчэ дагэтуль гісторыя не змагла праясніць, а вонкавая повязь – гэта каталіцызм. Гэты народ прыпаў да каталіцтва, ды іначай і быць не магло. Як жа ён мог прыняць пратэстантызм, які адмаўляў некаторых святых, або вышэйшых духаў, калі сам не перастае ўшаноўваць памяць памерлых продкаў, калі Задушны дзень, свята Дзядоў – гэта для яго найвялікшая ўрачыстасць? Як жа ён мог адступіцца ад веры ў сувязь бачнага свету з нябачным, калі сам пастаянна адчувае яе прысутнасць? Гэтая вера настолькі натуральная, што найноўшы літоўскі гісторык – Нарбут, – прыводзячы народныя павер’і пра духаў, якія кіруюць стыхіямі, гаворачы, напрыклад, пра водных німфаў, або ундзін, пасярод гэтых аповедаў, нібы выхапленых з Тысячы і адной ночы, часта раптоўна затрымліваецца і дадае: “але навошта паўтараць агульнавядомыя рэчы”. З гэтага ўжо лёгка зрабіць выснову, што гэты народ не мог прыняць іншую рэлігію, як толькі тую, што нікога не адштурхоўвае ад вялікіх праблем, над якімі задумваецца чалавек.

Безумоўна, рэлігійныя ўяўленні на берагах Ганга развіліся буйней: там усталяваўся брамінізм, цвёрда замацавалася каста ваяроў, народ трымаўся ў строга вызначаных рамках; у славян, як мы ўжо сказалі, рэлігійныя ўяўленні засталіся чыстымі, не затуманенымі філасофскімі думкамі і паэтычнымі мроямі, яны ўвайшлі ў прыватнае, хатняе, вясковае жыццё славянаў, а ў літвінаў рэлігійныя ўяўленні перайшлі таксама і ў жыццё палітычнае. Славяне – згодна з тым, што мы пра іх ведаем, – не мелі вышэйшых каст, не ўтваралі міфічнага грамадства, а складалі супольнасць паасобна раскіданых абшчын; літвіны, будучы рэшткамі каст жрацоў, ваяроў і прасталюдзінаў, утваралі моцна знітаваны і наскрозь пранізаны ўплывам вельмі разасобленых рэлігійных уяўленняў палітычны арганізм. Ведаючы гісторыю славяншчыны, лёгка ўразумець, чаму Літва дзейнічала толькі час ад часу, і пасля яе хвілінных выбухаў маса народу зноў цалкам нерухомела.

Не разглядаючы тут грамадска-палітычных пытанняў, скажам каротка, што гэты народ не мог актыўна ўвязацца ў спрэчкі, якія дагэтуль залівалі крывёй славянскую зямлю. Аднойчы ён зварухнуўся, каб пасадзіць сваіх князёў на тронах Русі і Польшчы, а калі гэтыя дынастыі дэнацыяналізаваліся, ён стаўся зусім чужым для іх: дык як можна жадаць, каб ён змагаўся за манархію, рэспубліку ці якую-колечы іншую форму кіравання, калі ён нават не разумее гэтых словаў, калі іх няма ў ягонай мове?




[1] – Альма пара-брама – маецца на ўвазе Брахма (“Бог над багамі”).

[2] – Прутэна ці Брутэна – легендарны пачынальнік прускага роду.

[3] – Вайдэвод – хутчэй за ўсё маецца на ўвазе Вайдэлот – міфалагізаваны вобраз жраца ў балтаў (параўн. літ. vaideliõtas, лат. valdelis); сустракаецца таксама імя Відэвуд.

[4] – варыянт імя Агура-Мазды, найвышэйшага боства старажытных іранцаў (у Авесце – Ahurômazdâo, новаперс. Hôrmazd, Ormazd).

[5] – Рынгольд ці Рымгольд (літ.: Rimgaudas, летапісн. Ringelt, Ringolt і інш.) – міфічны вялікі князь літоўскі з роду Палямонавічаў і бацька Міндоўга.




пераклад з польскай – Алена Пятровіч і Уладзь Лянкевіч

Пераклад з польскай – Уладзь Лянкевіч © 2009

Чытайце таксама

Багуслаў Радзівіл

Багуслаў Радзівіл

Арыстакрат, адзін з самых багатых магнатаў Вялікага Княства Літоўскага, вядомы грамадска-палітычны дзеяч

Албрэхт Радэнбах

Албрэхт Радэнбах

Адзін з самых значных фламандскіх паэтаў і лідар руху за адраджэнне фламандскай літаратуры

Мэцью Грэгары Льюіс

Мэцью Грэгары Льюіс

Ангельскі раманіст і драматург, стаў знакамітым дзякуючы раману “Манах”, напісанаму ў 19 гадоў

Аўром Рэйзен

Аўром Рэйзен

Габрэйскі навэліст, паэт і журналіст.

1320