№21: Знак прысутнасці

№21: Знак прысутнасці

Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары

Чытаць далей

Роберт Рос (Robert Ross)

1869 - 1918

Роберт Рос
Роберт Болдуін (“Робі”) Рос, ангельскі мастацтвазнаўца і літаратурны крытык канадскага паходжання, вядомы перадусім як блізкі сябра Оскара Ўайлда, а пасля яго смерці — ягоны павернік. Але Рос дапамагаў не толькі Оскару Ўайлду — сярод яго сяброў можна назваць нямала значных для ангельскай літаратуры асобаў, такіх як Обры Бёрдслі, Зігфрыд Сасун, Ўілфрэд Оўэн.

Роберт Рос нарадзіўся 25 траўня ў Туры (Францыя). Яго бацька, Джон Рос, нарадзіўся ў Ірландыі, большую частку жыцця правёў у Канадзе, дзе стаў юрыстам і генеральным пракурорам у 1853 годзе, а ў 1853—1862 гадах быў прэзідэнтам чыгуначнай кампаніі Grand Trunk Railway. Маці Роса, Аўгуста Элізабэт Болдуін, была дачкой канадскага віцэ-прэм’ера Роберта Болдуіна. У Роберта было дзве сястры і двое братоў. Пачатковую адукацыю Рос атрымаў у прэстыжнай школе Сэндрайд у Сурэі, дзе выявіў сябе здольным вучнем, асабліва ў галіне антычнай літаратуры і мастацтва. У 13 гадоў яго прынялі на класічнае аддзяленне ў Грыфтан-каледж, аднак маці вырашыла, што сын занадта слабы для таго, каб вучыцца ў школе, а таму наступныя два гады ён правучыўся дома. Брат Алек, які на той момант ужо скончыў Кембрыдж, пачаў уводзіць Роберта ў літаратурныя колы Лондана. Прыкладна ў гэты час Рос пазнаёміўся з Оскарам Ўайлдам, аднак абставіны іх знаёмства невядомыя.

Хутка пасля знаёмства 17-гадовы Роберт спакусіў Ўайлда, але сувязь іх цягнулася вельмі нядоўга. У 1888 годзе Роберт быў прыняты ў кембрыджскі Кінгз-каледж. Адным з выкладчыкаў гісторыі там быў Оскар Браўнінг, які пасля шмат дапамагаў Росу. Аднакурснікі не любілі Роса, магчыма, праз яго паводзіны і смелыя артыкулы ва універсітэцкім часопісе. У сакавіку 1889 году група з шасці чалавек напала на Роса і скінула яго ў фантан у двары каледжа. У Роса здарыўся нервовы крызіс (асабліва калі ён даведаўся, што крыўдзіцелі не будуць пакараныя), і сям’я забрала яго дадому. У выніку ён вырашыў кінуць універсітэт.

У той жа час у сям’і заўважылі гомасэксуальнасць Роберта і вырашылі адаслаць яго далей ад спакусаў Лондана. Рос з’ехаў у Эдынбург, дзе працаваў у часопісе “Шатландскі назіральнік” (Scott Observer). Прыкладна тады ж Рос напісаў апавяданне “Як мы згубілі Кнігу Яшэр” (How we Lost the Book of Jasher), адно з тых нешматлікіх апавяданняў, якія ён напісаў за сваё жыццё.

Разам з Морам Эйдзі Рос напісаў прадмову да перавыдання рамана “Мельмот-вандроўнік” Чарлза Мэцьюрына і адаслаў гэтую прадмову вядомаму і ўплывоваму крытыку Эдмунду Госу, жадаючы звярнуць на сябе ўвагу. Праз некаторы час Гос стаў добрым сябрам Роса. Апроч гэтага, Рос пазнаёміўся з Обры Бёрдслі і Ўільямам Ратэнштайнам, з якімі таксама досыць шмат стасаваўся.

Калі ў 1895 годзе Оскар Ўайлд падаў у суд на маркіза Куінсбэры, бацьку Алфрэда Дугласа, Роберт Рос спрабаваў яго адгаварыць ад гэтае задумы. Пасля арышту пісьменніка менавіта Рос забраў з яго дома некаторыя рэчы Ўайлда, частку рукапісаў і прыватных папераў (каб апошнія не з’явіліся ў судзе як кампрамат). Пасля шматлікіх настойлівых просьбаў маці Рос пакінуў Англію і пасяліўся ў Кале, адкуль сачыў за далейшым ходам падзеяў з газетаў. 25 траўня Ўайлду быў вынесены прысуд, у той жа дзень Роберт даведаўся пра смерць жонкі свайго брата Джэка і вярнуўся ў Англію. Рос наведваў Ўайлда ў турме і дапамагаў яму ўладкаваць фінансавыя праблемы.

У 1897 годзе Оскара Ўайлда выпусцілі з турмы, і ён паехаў у Францыю, дзе яго чакаў Рос. Цягам некалькіх першых месяцаў Ўайлд нават не загаворваў пра Дугласа, але праз некаторы час стала відавочна, што сустрэча непазбежная. Нягледзячы на ўсе аргументы сяброў, у верасні Ўайлд з’ехаў да Дугласа ў Неапаль, што вымусіла Роса ледзь не першы раз у жыцці страціць сваю стрыманасць і закідаць Ўайлда раззлаванымі лістамі. Памірыліся яны толькі праз некалькі месяцаў.

У гэты час рэзка пагоршылася здароўе яшчэ аднаго сябра Роса — Обры Бёрдслі, які быў хворы на туберкулёз. Хутка пасля яго смерці Рос напісаў яму панегірык, які ўвайшоў у выданне камедыі Бэна Джонсана “Вальпонэ” з ілюстрацыямі Бёрдслі, выпушчанае Леанардам Смітэрзам. У траўні Рос дапамог маці і сястры Бёрдслі арганізаваць памінальную імшу ў езуіцкай капэле і аплаціў палову расходаў за яе.

У кастрычніку 1900 году Оскар Ўайлд моцна захварэў і папрасіў Роса прыехаць. Разам з Рэджыналдам Тэрнэрам Рос заставаўся з Ўайлдам да самай смерці, знайшоў святара, які, згодна з жаданнем пісьменніка, ахрысціў яго і памазаў, а пасля смерці Ўайлда заняўся развязаннем усіх фінансавых праблемаў, арганізацыяй пахавання і адказамі на лісты са спачуваннямі. На пахаванні Ўайлда Рос абмяняўся з Дугласам, які не наведаў пісьменніка падчас хваробы, але ўзяў на сябе ролю галоўнага плакальшчыка, некалькімі рэзкімі фразамі.

Пасля вяртання ў Лондан Рос атрымаў месца адміністратара ў галерэі “Карфакс” і ўзяўся за гэтую справу разам з Морам Эйдзі. Менавіта ў гэтай галерэі адбылася выстава сатырычных малюнкаў Макса Бірбама. Апроч гэтага, Рос займаўся літаратурнай спадчынай Ўайлда, афіцыйна аформіўшыся павернікам пісьменніка. Настроены Рос быў рашуча: ён верыў у тое, што з часам творчасць Ўайлда зойме вартае месца ў літаратуры і на сцэне, і тады ўсе прыбыткі будуць атрымліваць сыны пісьменніка — Сірыл і Вівіян Холанды. Хутка Рос зрабіўся значнай асобай у свеце мастцтва. У 1903 годзе ў “Карфаксе” прайшла вальмі паспяховая выстава Роджэра Фрая, крытыка і мастака, пасля чаго “Карфакс” атрымаў рэпутацыю рэспектабельнага месца, якое пастаянна наведвалі знаўцы мастацтва.

У наступныя гады Рос шчыльна займаўся праблемамі літаратурнай спадчыны Ўайлда. У 1905 годзе ў Дрэздэне адбылася прэм’ера славутай оперы “Саламея” Рыхарда Штраўса, у 1906 годзе было ануляванае банкруцтва Ўайлда, і ўвесь прыбытак ад аўтарскіх правоў пачалі атрымліваць Сірыл і Вівіян, у 1908 годзе дзякуючы Росу пачаў выдавацца 12-томнік твораў Ўайлда, а парэшткі самога пісьменніка былі перавезеныя на могілкі Пер-Лашэз. Помнік Рос замовіў скульптару Джэйкабу Эпштэйну. 1908 год скончыўся трыюмфам Роса: 1 снежня ў лонданскім гатэлі “Рытц” сабралося больш за сто пяцьдзесят гасцей, каб падзякаваць Росу за ўсю яго працу над рэабілітацыяй рэпутацыі Ўайлда як выбітнага пісьменніка.

Першая кніга Роберта Роса выйшла ў 1909 годзе, была прысвечаная Обры Бёрдслі і так і называлася — “Обры Бёрдслі” (Aubrey Beardsley). У верасні таго ж году выйшла яшчэ адна кніга, “Маскі і фазы” (Masques and Phases) — зборнік эсэ, артыкулаў і кароткіх апавяданняў (адзін з артыкулаў кнігі зноў жа прысвечаны творчасці Бёрдслі і мае падзагаловак “Погляд у мінулае”).

У пачатку 1910-х гадоў Рос прайшоў праз шэраг судовых працэсаў. Ініцыятарам некаторых з іх выступіў Алфрэд Дуглас: ён падаваў у суд на біёграфа Ўайлда Рэнсама, які выкарыстаў у сваіх працах тэкст “De Profundis”, а таксама на Роса, абвінаваціўшы яго ў гомасэксуальных сувязях. Першую справу Дуглас прайграў, другая была закрытая, як і справа Крослэнда, які абвінавачваў Роса ў злосным пераследзе (Рос да гэтага падаваў у суд на Дугласа і Крослэнда за паклёп). За Роса заступаліся Герберт Ўэлс, Вівіян Холанд, Эдмунд Гос.

Апошнія гады жыцця Роса звязаныя з паэтам Зігфрыдам Сасунам. Рос ставіўся да Сасуна як апякун — падтрымліваў яго маральна, даваў прыстанак, уводзіў у літаратурныя колы і знаёміў з пісьменнікамі (у прыватнасці, з Гербертам Ўэлсам і Арналдам Бэнэтам). Сасун шмат напісаў пра Роса ў сваёй аўтабіяграфіі “Падарожжа Зігфрыда” (Siegfried's Journey, 1945).

У пачатку 1918 году Рос захварэў; 5 кастрычніка ён вярнуўся пасля абеду з сябрамі і сказаў, што ў яго баліць у грудзях і што ён крыху адпачне. Калі прыйшлі клікаць яго да вячэры, ён быў мёртвы. Прычынай смерці стала страта прытомнасці, выкліканая хранічным бранхітам і гастрытам. У адпаведнасці з тэстаментам ён быў крэміраваны, а урна з яго прахам была ў 1950 годзе дастаўленая ў Парыж і змешчаная ў спецыяльным паглыбленні ў помніку Оскару Ўайлду — ужо замаўляючы помнік Эпштэйну, Рос вырашыў, што яго прах будзе ляжаць побач з прахам сябра.

Зігфрыд Сасун у вышэйзгаданай аўтабіяграфіі напісаў: “Адпачываючы перад вячэрай, ён памёр — у яго спынілася сэрца. І, думаю, да месца будзе сказаць, што гэта быў адзіны выпадак, калі сэрца яго падвяло”.

Чытайце таксама

Джакама Леапардзі

Джакама Леапардзі

Італьянскі паэт.

Янка Купала

Янка Купала

Паэт, драматург, публіцыст, перакладчык, адзін з заснавальнікаў новай беларускай літаратурнай мовы

Эмілі Дыкінсан

Эмілі Дыкінсан

Амерыканская паэтка, пры жыцці надрукавала каля дзясятка вершаў, пасля смерці зрабілася класікам

Інгрыд Ноль

Інгрыд Ноль

Нямецкая аўтарка дэтэктываў і трылераў

1577