№21: Знак прысутнасці

№21: Знак прысутнасці

Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары

Чытаць далей

Катры Вала (Katri Vala)

1901 - 1944

Катры Вала
Катры Вала (сапраўднае імя Карын Аліса Вадэнстром – у дзявоцтве, Хейкель – пасля замужжа) – адна з самых вядомых паэтак Фінляндыі; як мадэрнізатарку фінскай паэзіі яе часта параўноўваюць са шведскай паэткай Эдыт Сёдэргран.

Нарадзілася Катры Вала 11 верасня 1901 году ў Муёніё ў сям’і Роберта Вальдэмара Вадэнстрома, які працаваў у Службе аховы лясоў, і Аляксандры Фрэдэрыкі Вадэнстром. У 1911 годзе бацька Катры, якія пакутаваў на маніякальна-дэпрэсіўны сіндром, памёр у шпіталі, адмовіўшыся прымаць ежу. Сям’я апынулася на мяжы галечы; маці паэткі ўладкоўвалася на розныя працы, абы пракарміць сям’ю, нават спрабавала адкрыць крамку, якая, аднак доўга не праіснавала.

Пісаць вершы будучая паэтка пачала ў 11 гадоў. У 1922 годзе яна скончыла настаўніцкую вучэльню; падчас навучання яна шмат чытала (сярод пісьменнікаў, якімі яна цікавілася, былі Гамсун і Тагор). Некалькі гадоў яна выкладала ў школе, перш чым змагла цалкам аддаць сябе творчасці. Раннія творы Катры Вала друкаваліся ў 1920-х гадах у перыядычным выданні Nuori Voima. У гэты час яна выдала першы зборнік вершаў, які называўся “Далёкі сад” (Kaukainen puutarha, 1924). Кніга пачынаецца радаснымі вершамі, прысвечанымі сонцу, зямлі, месяцу, а заканчваюцца творамі пра боль і самоту. За гэтую кнігу паэтка атрымала дзяржаўную літаратурную прэмію; восем вершаў Вала былі надрукаваныя ў анталогіі Nuoret runoilijat.

У 1928 годзе Катры Вала захварэла на туберкулёз, ад якога так ніколі канчаткова не паправілася. Крыху падлячыўшыся, паэтка выправілася ў падарожжа на Рыв’еру і ў Парыж, а пасля пасялілася ў Хельсінкі, дзе ў 1930 годзе выйшла замуж за Армаса Хейкеля.

У гады Вялікай дэпрэсіі становішча сям’і Хейкеляў было досыць складаным. Катры Вала падпрацоўвала, пішучы для часопісаў і перакладаючы пераважна шведскіх (але не толькі) паэтаў на фінскую мову. У гэты час яна пераклала творы Генрыха Гайнэ, Бертальта Брэхта, некаторых кітайскіх паэтаў. Са шведскіх паэтаў больш за ўсё Катры Вала цікавілася творчасцю Агнэс фон Крузенштэрн і Карын Бое (якую Вала нават наведала ў Стакгольме).

Другая кнігі Катры Вала “Сінія дзверы” (Sininen ovi, 1926) уяўляла сабой панегірык каханню і жыццю. У пачатку 1930-х гадоў паэтка працавала крытыкам у часопісе “Туленкантаят” (Tulenkantajat, т.б. “Носьбіты агню”), дзе друкавала агляды і рэцэнзіі пад псеўданімам Пека (Pecka). Большая частка супрацоўнікаў часопіса мела левыя погляды. Катры Вала часта крытыкавала нацызм і расізм Трэцяга Рэйху, а таксама мілітарызм, і насміхалася з такой значнай асобы ў літаратуры, як Міка Валтары.

Пазнейшая творчасць Катры Вала афарбаваная ў больш змрочныя колеры. Паэтка ўвайшла ў літаратурную групу “Кійла” (Kiila, т.б. “Клін”), аднак не падзяляла цалкам марксісцка-ленінісцкіх поглядаў большасці сябраў групы. У паэзіі Вала гэтага часу атмасфера эпохі адчуваецца праз уласную трагедыю: першае дзіця паэткі (1931) памерла праз дзве гадзіны пасля нараджэння. Вала надоўга заглыбілася ў дэпрэсію і нават паспрабавала скончыць жыццё самагубствам. Многія вершы, у якіх Вала асэнсоўвае сваю страту, трапілі ў зборнік “Вяртанне” (Paluu, 1934).

Пасля нараджэння другога дзіцяці ў 1934 годзе хвароба паэткі зноў абвастраецца. У 1940 годзе да гэтага дадаюцца яшчэ і фінансавыя праблемы, і Катры разам з сынам Маўры едзе ў Швецыю. У 1942 годзе арыштоўваюць Армаса Хейкеля, а паперы паэткі канфіскоўваюць. У тым жа годзе выходзіць апошні зборнік вершаў Вала “Роднае гняздо гарыць” (Pesäpuu palaa), куды ўвайшлі многія вершы, напісаныя ў 1935–1939 гадах. 28 красавіка 1944 году Катры Вала памірае ў Швецыі. У 1945 годзе яе прах быў перавезены ў Фінляндыю і ўрачыста пахаваны.

Чытайце таксама

Канстанты Ільдэфанс Галчыньскі

Канстанты Ільдэфанс Галчыньскі

Леапольда Лугонэс

Леапольда Лугонэс

Аргентынскі паэт, пісьменнік, журналіст. Прадстаўнік мадэрнізму

Фланэры О'Конар

Фланэры О'Конар

Амерыканская пісьменніца, эсэістка.

Жан Жыраду

Жан Жыраду

Французскі празаік, драматург і дыпламат, знакаміты стылістычнай вытанчанасцю і паэтычнай фантазіяй

1323