І. Самы мужны чалавек у Амерыцы
Паводле апытання, праведзенага ў Злучаных Штатах Амерыкі ў 1991 годзе Бібліятэкай Кангрэса і кніжным клубам Book of the Month Club, кнігай, якая найбольш паўплывала на светапогляд і змяніла жыццё, амерыканцы назвалі Біблію. На другім месцы апынуўся раман амерыканскай пісьменніцы і філосафа рускага паходжання Айн Рэнд «Атлант расправіў плечы». Гэты раман разыходзіўся (і працягвае разыходзіцца) вялізнымі тыражамі, дагэтуль карыстаецца шырокай папулярнасцю сярод чытачоў, а ў апошнія гады заваёўвае таксама і постсавецкую прастору. Чаму толькі ў апошнія гады – хаця раман выйшаў больш за пяцьдзясят гадоў таму, у 1957, – цалкам зразумела. Пісьменніцу неаднаразова называлі «апалагетам капіталізму» (цікава, што рускі літаратуразнаўца Аляксандр Эткінд вызначыў яе мастацкі метад як «капрэалізм»), а эканаміст і філосаф Людвіг фон Мізес нават назваў яе «самым мужным чалавекам у Амерыцы» – цягам усяго свайго жыцця яна распрацоўвала філасофскую сістэму аб’ектывізму, якая мелася стаць філасофіяй моцных, разумных, незалежных і самадастатковых асобаў і якая прызнавала ўсе магчымыя формы калектывізму і містыцызму галоўнымі хваробамі чалавецтва. Адно з грунтоўных эсэ, якое можа даць пэўнае ўяўленне пра філасофію Айн Рэнд, «Аб’ектывісцкая этыка», раскладае па палічках тыя паняткі, на якіх пісьменніца будуе сваю сістэму. Але пра гэта ніжэй.
Ужо ў першым сваім рамане «Мы – жывыя» (We the Living, 1936) Айн Рэнд звяртаецца да паказу рэалій жыцця ў Савецкай Расіі ў першыя гады пасля рэвалюцыі і дэманструе заганнасць камуністычнага ладу жыцця. Тут пісьменніца ўжо апрабоўвае той наўпросты спосаб выказваць свае ідэі, які пасля будзе выкарыстаны ў наступных творах, асабліва ў рамане «Атлант расправіў плечы»: маналогі, ці прамовы, герояў. Прамаўляюць у творах Айн Рэнд абодва бакі, але станоўчым персанажам (якія вылучаюцца ўжо з першых старонак, бо стаўленне пісьменніцы да літаратурных герояў катэгарычнае – ёсць «чорныя» і ёсць «белыя», як у эсэ «Культ маральнай шэрасці») даецца нашмат больш «эфірнага часу»; героі твораў робяцца інструментамі для дэманстрацыі той ці іншай ідэі Айн Рэнд, якая ў сваіх поглядах вельмі паслядоўная. Але пра погляды гэтыя зноў жа ніжэй.
Другі значны твор пісьменніцы – раман «Выток» (The Fountainhead, 1943). Дзеянне гэтага рамана, як і наступнага – «Атлант расправіў плечы» (Atlas Shrugged, 1957) – адбываецца ўжо ў Злучаных Штатах, куды пісьменніца здолела вырвацца з Савецкага Саюза, атрымаўшы візу, каб наведаць родных у Амерыцы. Калі ў першым з гэтых двух раманаў пісьменніца аналізуе ўзаемаадносіны ў грамадстве паміж творцамі-індывідуалістамі і другаснікамі (second-handers), людзьмі, якія «спажываюць» чужую працу і жывуць за яе кошт, то ў другім рамане яна звяртаецца да тэмы «бунту розуму» (the mind on the strike), гаворачы пра неабходнасць разумнага чалавека абараняць свае правы, свабоду ствараць і самастойна распараджацца вынікамі свае працы.
Пасля выхаду ў свет рамана «Атлант расправіў плечы» Айн Рэнд адышла ад чыста літаратурнай творчасці і занялася тэарэтычнай распрацоўкай філасофіі аб’ектывізму. Філасофскую спадчыну Айн Рэнд складаюць зборнікі артыкулаў «Для новага інтэлектуала» (1961), «Цноты эгаізму» (1964), «Маніфест рамантызму» (1969), «Уводзіны ў эпістэмалогію аб’ектывізму» (1979), «Філасофія: каму яна патрэбная?» (1982) і інш. Але гаворачы пра Айн Рэнд, нельга аддзяляць яе філасофскую творчасць ад раманістыкі. Так, у прадмове да кнігі «Для новага інтэлектуала» яна пісала: «Мяне часта пытаюць, хто я найперш – раманіст ці філосаф. На гэта можна адказаць: і тое, і тое. У пэўным сэнсе кожны раманіст – філосаф, бо немагчыма стварыць карціну чалавечага быцця, не маючы ўласнай філасофскай сістэмы поглядаў. Гэтая сістэма поглядаў можа выяўляцца ў творы наўпрост ці ўскосна; раманіст можа ўсведамляць яе ці не і прытрымлівацца сваіх поглядаў свядома ці несвядома». Таму ўсе раманы Айн Рэнд можна назваць філасофскімі раманамі альбо «раманамі ідэі», хаця такое вызначэнне далёка не вычарпальна характарызуе іх жанравую прыроду. Прамовы з раманаў пасля склалі асобную кнігу «Для новага інтэлектуала» (апроч прамоваў герояў з усіх чатырох асноўных твораў пісьменніцы, гэтая кніга ўключае яшчэ аднайменнае эсэ). Як сама вызначыла Айн Рэнд у прадмове да кнігі, «усе гэтыя ўрыўкі ўяўляюць сабой сціслы выклад асноўнай думкі – больш поўна яна выяўляецца ў кожным рамане праз апісанне падзеяў. Падзеі ў дадзеным выпадку выконваюць функцыю канкрэтызацыі і дэталізацыі, а ў прамовах герояў робіцца адцягненае падсумаванне» – такім чынам, мастацкі і філасофскі складнікі творчасці Айн Рэнд непарыўна звязаныя.
ІІ. Зямля абяцаная
Айн Рэнд вельмі цяжка ўпісаць у літаратурны кантэкст яе часу, багатага на значных для амерыканскага прыгожага пісьменства творцаў, – гэта і Сінклер Льюіс, і Гертруда Стайн, і Фрэнсіс Скот Фіцджэралд, і Джон Стэйнбек, і Джон Дос Пасас, і Зора Нэйл Хёрстан, і Эрнэст Хэмінгуэй, і Ўільям Фолкнэр, і Томас Вулф, і многія іншыя. Усе гэты творцы мелі вельмі розныя зацікаўленні і пісалі на розныя тэмы, аднак ёсць тое, што аб’ядноўвае іх усіх і што з’яўляецца істотнай характарыстыкай амерыканскай літаратуры да сярэдзіны ХХ ст., – гэта элементы сацыяльнай крытыкі. Аналізуючы ў сваёй працы «“Выток”: Амерыканскі раман» літаратурны кантэкст другога рамана Айн Рэнд, амерыканскі даследчык Дуглас Дж. Дэн Уйл піша: «Хаця Рэнд часта была не менш крытычнай, чым усе астатнія аўтары, у сваёй крытыцы яна не аперавала такімі калектывісцкімі паняткамі, як “працоўны клас”, “агульная карысць” альбо “дабрабыт супольнасці”». Тым не менш, творчасць Айн Рэнд мае шэраг рысаў, агульных для многіх пісьменнікаў ХХ ст., і сярод іх – спроба вызначыць прычыну крызісу ў грамадстве і асэнсаваць амерыканскую мару ў святле філасофіі аб’ектывізму.
Упершыню ўласна панятак «амерыканская мара» з’яўляецца ў 1931 годзе ў гістарычным трактаце Джэймса Адамса «Эпіка Амерыкі» і вызначаецца наступным чынам: «мара пра зямлю, дзе жыццё кожнага чалавека будзе лепшым, больш багатым і поўным, дзе кожны будзе мець магчымасць атрымаць тое, што ён заслугоўвае і чаго дасягнуў».
Аднак карані амерыканскай мары ляжаць значна глыбей, у міфах пра Залатое стагоддзе, што з’яўляліся ў многіх народаў, у тым ліку і ў старажытных грэкаў, і ў біблейскім паданні пра страчаны рай. Адкрыццё Амерыкі напоўніла гэтыя міфы новым сэнсам. З’явіўся шэраг твораў, мастацкіх і філасофскіх, што праслаўлялі прыродную прастату і натуральны лад жыцця (Жан-Жак Русо). Зрабілася зразумелым, што калі немагчыма пабудаваць рай у Еўропе, яго можна пабудаваць у новых землях, і ў Амерыку рушыў натоўп перасяленцаў, сярод іх – англічане-пурытане, якія шукалі ў Новым Свеце «зямлю абяцаную». Такім чынам, амерыканская мара робіцца спачатку часткай еўрапейскай культурнай традыцыі (Айн Рэнд, руская паводле паходжання, з’яўляецца яскравым прыкладам гэтага) і толькі значна пазней асэнсоўваецца самімі амерыканцамі, але ўжо ў іншым ключы.
У азначэнні амерыканскай мары можна выдзеліць два складнікі: 1. асоба; 2. land, слова, якое можа перакладацца і як «зямля» (і для першых пасяленцаў менавіта зямля мела выключнае значэнне; валоданне зямлёй з’яўлялася гарантам свабоды і дабрабыту; так, напрыклад, пытанне зямлі ўздымаецца ў аповесці Джона Стэйнбека «Пра мышэй і людзей», 1937), і як «краіна» (краіна свабоды, якая дае ўсім роўныя магчымасці; дзяржава, якая не прыгнятае асобу). Цягам часу землі пашыраліся, і панятак «зямлі абяцанай» перарастае ў панятак «краіны магчымасцяў» (the land of opportunity), што выяўляецца ў творчасці Томаса Джэферсана, Ўолта Ўітмэна, Бэнджаміна Франкліна. Амерыканская мара пачынае падразумяваць свабоду для ўсіх жыхароў дасягаць сваіх мэтаў і асацыюецца з дабрабытам, які здабываецца цяжкай працай, калі ўсе людзі маюць роўныя правы і роўныя магчымасці, і багацце залежыць толькі ад уласных здольнасцяў; аднак разуменне амерыканскай мары паступова мадыфікуецца. Як адзначаў амерыканскі пісьменнік Роберт Пэн Ўорэн, двойчы лаўрэат Пулітцэраўскай прэміі (у 1946 і 1949 гадах), у артыкуле «Вестуны няшчасцяў: пісьменнікі і амерыканская мара», «Джэферсану бачылася грамадства свабодных людзей, незалежных індывідуумаў, якія маглі б разумна карыстацца сваімі правамі», аднак калі яшчэ ў ХІХ ст. пісьменнікі пачалі актыўна крытыкаваць амерыканскую мару, а дакладней, звязаныя з ёй рэаліі (Генры Тора, Герман Мэлвіл, Фенімор Купер і інш.), то пісьменнікі першай паловы ХХ ст. асацыявалі амерыканскую мару перш за ўсё з дасягненнем матэрыяльнага дабрабыту і ў сваіх творах звярталіся да тэмы «амерыканскай трагедыі», да якой вяло расчараванне ў амерыканскай мары. Большасць такіх твораў была напісаная да выхаду ў свет асноўных твораў Айн Рэнд: раман Джэка Лондана «Марцін Ідэн» пабачыў свет у 1909 годзе, раман Тэадора Драйзера «Амерыканская трагедыя» і Фрэнсіса Скота Фіцджэралда «Вялікі Гэтсбі» – у 1925 годзе, аднак раман Джона Стэйнбека «Зіма трывогі нашай» выйшаў пазней за абодва ключавыя раманы Айн Рэнд – у 1961 годзе. Лёсы герояў усіх гэтых твораў адрозныя, аднак ва ўсіх іх спроба герояў ажыццявіць амерыканскую мару – у дадзеным выпадку дасягнуць дабрабыту – вядзе да расчаравання і трагедыі, з чаго вынікае ідэя пра жорсткасць і амаральнасць капіталістычнага грамадства.
У раманах і эсэ Айн Рэнд выяўляецца акурат супрацьлеглы погляд – па сутнасці, усе мастацкія і філасофскія творы пісьменніцы з’яўляюцца асэнсаваннем і апраўданнем амерыканскай мары. Два складнікі азначэння амерыканскай мары – асоба і зямля – па-свойму выяўляюцца ў мастацкай і філасофскай творчасці Айн Рэнд. Па-першае, яна стварае шэраг вобразаў герояў-індывідуалістаў, якімі рухае жаданне ствараць – мастацкі твор, новы метал, хмарачос, прадпрыемства. Ствараючы нешта новае, героі дасягаюць поспеху і матэрыяльнага дабрабыту, аднак у дадзеным выпадку гэта – толькі вынік стваральнае працы. Як зазначае ў сваёй прамове адзін з герояў Айн Рэнд, «багацце – гэта вынік умення чалавека мысліць», а грошы «зрабіліся мажлівымі дзякуючы людзям, што ўмеюць ствараць». Хаця і тут ёсць свае «але»: паводле словаў іншага героя іншага рамана пісьменніцы, «грошы – гэта толькі сродак для дасягнення таго ці іншага выніку. Калі чалавек хоча рабіць іх дзеля ўласнае мэты – каб укласці ў сваю справу, каб ствараць, каб вучыцца, каб падарожнічаць, каб мець асалоду з раскошы – гэта цалкам маральна. Але людзі, якія ставяць грошы на першае месца, ідуць значна далей. Ім мала той раскошы, якой яны могуць карыстаецца. Ім патрэбна іншае, ім патрэбна паказаць сябе: прадэманстраваць сябе іншым, агаломшыць іх, забавіць, уразіць. Яны – другаснікі».
Па-другое, Айн Рэнд стварае ў раманах два розныя вобразы Амерыкі, утапічны і антыўтапічны. Калі ў больш раннім рамане «Выток» прысутнічаюць рысы антыўтопіі (у дадзеным выпадку можна гаварыць толькі пра асобныя рысы, а не пра чысты варыянт антыўтопіі), то раман «Атлант расправіў плечы» спалучае рысы і ўтопіі, і антыўтопіі; такім чынам у ім адбываецца параўнанне і супрацьпастаўленне двух формаў арганізацыі грамадства, капіталістычнай і сацыяльна-калектывісцкай. Дзеля аналізу гэтых дзвюх формаў у раман і ўводзяцца два вобразы краіны. Першы – гэта Даліна Галта, вобраз Амерыкі часоў «бацькаў Амерыканскай рэвалюцыі», утапічны ідэал краіны з неабмежаваным капіталізмам. У сваім артыкуле «Прырода дзяржавы» Айн Рэнд, гаворачы пра сапраўдныя мэты дзяржавы, наўпрост спасылаецца на Дэкларацыю Незалежнасці, дзе ўпершыню быў пазначаны прынцып існавання свабоднага грамадства: «Каб забяспечыць гэтыя правы [чалавека], людзьмі заснаваныя дзяржавы, што атрымліваюць справядлівую ўладу са згоды сваіх падначаленых...».
Сімвалам Амерыкі як the land of opportunity, страчанага раю, краіны Залатога стагоддзя ў рамане «Атлант расправіў плечы» робіцца Атлантыда, першая ўтапічная краіна, апісаная Платонам. Амерыка-Атлантыда для Айн Рэнд – акурат тая зямля, «дзе жыццё кожнага чалавека будзе лепшым, больш багатым і поўным, дзе кожны будзе мець магчымасць атрымаць тое, што ён заслугоўвае і чаго дасягнуў», дзе кожны чалавек свабодны. Свабода ўспрымаецца пісьменніцай як неабходная ўмова для стваральнае працы, і адзіным маральным палітычным ладам паводле Айн Рэнд з’яўляецца капіталізм.
Другі вобраз – гэта вобраз сучаснай Амерыкі у рамане «Выток», які ў рамане «Атлант расправіў плечы» набывае фантастычныя рысы і ператвараецца ў антыўтопію. Гэта – калектывісцкая Амерыка, дзе індывідуалістаў спрабуюць прымусіць працаваць дзеля абстрактнага «ўсеагульнага дабрабыту», у выніку чаго плёнам іх працы могуць карыстацца ўсе, апроч іх саміх. Такая Амерыка – гэта ўвасабленне «амерыканскай трагедыі» Айн Рэнд. Калі ў раманах Дж. Лондана, Т. Драйзера, Ф. C. Фіцджэралда да трагедыі вядзе расчараванне ў мары, то ў творчасці Айн Рэнд да трагедыі вядзе адмаўленне ад мары.
Такім чынам, у раманах Айн Рэнд амерыканская мара выяўляецца праз стварэнне вобразу the land of opportunity, ідэалізаванае Амерыкі, і ўвасабляе не столькі імкненне да поспеху і дабрабыту, колькі жаданне мець свабоду дзеля стваральнае працы. Адмаўленне ад амерыканскай мары вядзе ў раманах Айн Рэнд да амерыканскай трагедыі, у адрозненні ад раманаў сучасных ёй пісьменнікаў, у якіх амерыканская трагедыя з’ўялецца адваротным бокам амерыканскай мары.
ІІІ. Тытаны Айн Рэнд
Адна студэнтка на пытанне, пра што расказваецца ў рамане «Атлант расправіў плечы», адказала так: «Гэта раман пра сталёвага караля, меднага барона, жалезную лэдзі і чалавека-рухавіка». Станоўчыя персанажы раманаў Айн Рэнд, беззаганныя і магутныя тытаны, увасабляюць усё тое, што пісьменніца лічыла не проста значнымі рысамі чалавечага асобы, а чымсьці базавым, такім, без якога не можа нават ісці гаворка пра годнае жыццё, выжыванне чалавека як чалавека.
У рамане «Выток» у адной са сваіх прамоваў галоўны герой Говард Рорк вызначае асноўную якасць, якой павінен валодаць чалавек, – самадастатковае «я» (self-sufficient ego): «не хочацца называць гэта сябелюбствам ці эгаізмам, бо сэнс гэтых словаў скажоны». У далейшых творах – у рамане «Атлант расправіў плечы» і філасофскіх артыкулах – Айн Рэнд называе гэтую якасць «разумным эгаізмам» (rational selfishness), які, паводле пісьменніцы, «мае пад сабой каштоўнасці, неабходныя для выжывання, вартага чалавека». Такое разуменне эгаізму, у адрозненне ад традыцыйнага, маркіраванае станоўча; сутнасць такога разумення выяўляецца ў правіле, згодна з якім жывуць жыхары Даліны Джона Галта ў рамане «Атлант расправіў плечы» і якое ўяўляе сабой жыццёвае крэда персанажаў-індывідуалістаў: «Клянуся сваім жыццём і сваёй да яго любоўю, што ніколі не буду жыць дзеля іншага чалавека і ніколі не папрашу іншага жыць дзеля мяне». Чалавек, які валодае самадастатковым «я», не замыкаецца ў сабе і ўзаемадзейнічае з людзьмі на аснове дамоўленасці і ўласных жаданняў, як герой рамана «Выток» Говард Рорк: «Гэйл, калі гэты карабель пачаў бы тануць, я б ахвяраваў сваім жыццём, каб уратаваць цябе. Не таму, што такі мой абавязак, а толькі таму, што я люблю цябе, толькі паводле маіх уласных нормаў і з маіх уласных прычынаў. Я магу памерці дзеля цябе. Але я не магу, дый не буду, жыць дзеля цябе». Такі прынцып узаемаадносінаў Айн Рэнд называе «прынцыпам гандлю/абмену» (the principle of trade), які, паводле яе, з’яўляецца «адзіным разумным этычным прынцыпам для любых чалавечых стасункаў, прыватных і грамадскіх, індывідуальных і сацыяльных, духоўных і матэрыяльных».
Паводле філасофіі аб’ектывізму, асноўным сродкам выжывання чалавека з’яўляецца розум. Калі чалавек хоча выжыць як чалавек, ён павінен дзейнічаць самастойна, абапіраючыся на свае веды і сваю сістэму каштоўнасцяў. У артыкуле «Аб’ектывісцкая этыка» Айн Рэнд вызначае яшчэ два спосабы выжывання:
– паразітызм; гэты спосаб звязаны з перайманнем і паўтарэннем чужых дзеянняў. Жыццё такіх людзей залежыць ад іншых, а таксама ад выпадку, аднак, паводле Айн Рэнд, «іх ні на чым не сканцэнтраваная свядомасць не здольная зразумець, каго трэба пераймаць, чыйго курсу трымацца бяспечна»;
– бандытызм – спосаб выжывання шляхам ужывання грубае сілы, гвалту і махлярства. Выжыванне такіх людзей залежыць ад іх ахвяраў, тых, «хто будзе думаць і ствараць прадукцыю, якую яны, рабаўнікі, будуць адбіраць».
Такім чынам, два гэтыя спосабы выжывання залежаць ад іншых людзей, і, выбіраючы іх, чалавек перастае самастойна думаць; адмаўленне ж ад розуму, паводле аб’ектывісцкай філасофіі, вядзе да разбурэння асобы і паступовай дэградацыі.
Дзеля таго каб выжыць, чалавеку неабходны пэўны кодэкс каштоўнасцяў, які будзе скіроўваць яго дзейнасць. Паводле Айн Рэнд, панятак «жыццё» непарыўна звязаны з паняткам «каштоўнасць». У прамове Джона Галта, а пасля ў артыкуле «Аб’ектывісцкая этыка» Айн Рэнд вызначае тры асноўныя каштоўнасці: розум (reason), мэта (purpose), самапавага (self-esteem).
Розум – гэта «адзіны інструмент пазнання». Менавіта з гэтай прычыны ён ёсць найпершай каштоўнасцю, адмаўленне ад якой вядзе да смерці альбо да напаўжывёльнага існавання, залежнага ад сляпога выпадку ці ад прыхамаці іншага чалавека. Розум як каштоўнасць можа інтэрпрэтавацца і ў іншым, больш канкрэтным ключы. «Розумы чалавецтва» – гэта людзі, якія здольныя да стваральнай працы, здольныя вынайсці нешта новае; тым самым яны рухаюць чалавецтва наперад (у рамане «Атлант расправіў плечы» Айн Рэнд называе іх movers – рухальнікі).
Мэта – гэта «выбар свайго шчасця, дасягнуць якога можна пры дапамозе гэтага інструмента [розуму]». Для дасягнення галоўнай мэты жыцця чалавека «ўсе больш дробныя мэты з’яўляюцца толькі сродкамі».
Самапавага – гэта «непарушная ўпэўненасць у тым, што розум здольны мысліць і што ён [чалавек] варты шчасця, то бок варты жыцця».
Усе цноты, паводле Айн Рэнд, выцякаюць з трох гэтых каштоўнасцяў. У прамове Джона Галта вызначаецца сем такіх цнотаў: рацыянальнасць (rationality), незалежнасць (independence), цэльнасць (integrity), сумленнасць (honesty), справядлівасць (justice), здольнасць вырабляць/ствараць (productiveness), годнасць (pride). У артыкуле «Аб’ектывісцкая этыка» колькасць цнотаў скарачаецца да трох: рацыянальнасць (rationality), здольнасць вырабляць/ствараць (productiveness), годнасць (pride). Такімі цнотамі валодае чалавек, які рэалізуе асноўныя каштоўнасці, тым часам як сем цнотаў, вызначаных у прамове Джона Галта, звязаныя з «узаемадачыненнямі паміж існаваннем і свядомасцю», то бок з прыняццем свядомасцю рэальнасці з усімі яе аб’ектыўнымі законамі.
Леанард Пейкаф, адзін з вучняў Айн Рэнд, аналізуе гэтыя цноты ў адным з раздзелаў кнігі «Аб’ектывізм: філасофія Айн Рэнд» («цноты» – Virtue). Паводле Пейкафа, усе гэтыя цноты звязаныя паміж сабой, бо немагчыма валодаць адной з іх, адмаўляючы іншыя; усе яны маюць пад сабой вернасць жыццю і адрозніваюцца толькі тым наборам фактаў рэчаіснасці, якія яны вызначаюць. Пейкаф называе гэтыя цноты «мінімумам маральных ведаў, неабходных чалавеку».
Рацыянальнасць, паводле Айн Рэнд, – гэта «прызнанне факту, што існае існуе, што нічога не можа змяніць праўду і што ўсё павінна пачынацца з успрыняцця існага; што ацэньваць каштоўнасці і дзейнічаць можна толькі кіруючыся розумам; што розум – гэта абсалют, які не дазваляе кампрамісаў; што саступка ірацыянальнаму знясільвае чалавечую свядомасць і прымушае яе не ўспрымаць, а падрабляць рэчаіснасць...». Такім чынам, цнота рацыянальнасці характарызуе здольнасць адэкватна ўспрымаць рэчаіснасць і аб’ектыўна ацэньваць яе факты.
Незалежнасць, паводле вызначэння, якое даецца ў рамане «Атлант расправіў плечы», – гэта «прыняцце на сябе адказнасці за свае суджэнні і ўсведамленне, што нічога не дапаможа гэтай адказнасці пазбегнуць; што ніхто не будзе за цябе думаць і ніякі гулец не заменіць цябе на полі жыцця...». Аднак паводле меркавання Леанарда Пейкафа, найлепей значэнне гэтае цноты раскрытае ў рамане «Выток», у прамове Говарда Рорка на судзе ў абарону індывідуалізму, у якой незалежнасць называецца асноўнай патрэбай творцы: «Яму [творцу] неабходная абсалютная свабода ў дзеяннях і выбары мэтаў. Для творцы ўсе стасункі з людзьмі з’яўляюцца другаснымі».
Цэльнасць – адзін з ключавых паняткаў аб’ектывісцкай канцэпцыі асобы. У рамане «Атлант расправіў плечы» цэльнасць вызначаецца наступным чынам: «Цэльнасць – гэта прызнанне таго, што ты не можаш падрабіць сваю свядомасць <...>; што чалавек – непадзельнае цэлае, адзінства двух пачаткаў: матэрыі і свядомасці, і нельга дазваляць разрыву паміж целам і розумам, паміж дзеяннем і думкай, паміж спосабам жыцця і перакананнямі...». У гэтым жа рамане маральная цэльнасць (moral integrity), разам з сілай розуму (power of mind) называюцца асноўнымі рысамі індывідуаліста. У рамане «Выток» Айн Рэнд разглядае цэльнасць як найпершую якасць, неабходную для развіцця асобы; якасць гэтая, паводле меркавання пісьменніцы, перадугледжвае здольнасць мысліць. Для творцы цэльнасць – гэта здольнасць кіравацца ўласнымі ідэямі і ўласным бачаннем свету, а не капіяваць чужыя ўзоры; такім чынам цэльнасць – гэта сумленнасць перад самім сабой.
Цнота сумленнасці, паводле Айн Рэнд, вельмі блізкая да цноты цэльнасці і перадугледжвае «прызнанне таго, што несапраўднае з’яўляецца несапраўдным, не мае каштоўнасці і што махлюючы нельга здабыць ні каханне, ні славу, ні багацце...». Калі цэльнасць характарызуе ўзаемадачыненні з самім сабой, то сумленнасць – узаемадачыненні з навакольным светам. Сумленнасць – аснова ўзаемаадносінаў паводле прынцыпу гандлю: «гандляр – гэта чалавек, які атрымлівае тое, што зарабляе, і не дае і не бярэ незаробленага».
Справядлівасць, паводле Айн Рэнд, – гэта «прызнанне таго, што нельга падрабіць характар чалавека, гэтаксама як нельга падрабіць прыроду, што меркаваць пра ўсіх людзей трэба гэтаксама абгрунтавана, як пра неадушаўлёныя прадметы – з такой самай павагай да праўды, такімі ж самымі неперадузятымі вачыма...». Асэнсаванню цноты справядлівасці прысвечаны артыкул Айн Рэнд «Як жыць рацыянальна ў нерацыянальным грамадстве», дзе пісьменніца сцвярджае неабходнасць выказваць справядлівыя і бескампрамісныя маральныя суджэнні дзеля змагання з ірацыянальнасцю грамадства. Абвяргаючы біблейскі прынцып «не судзіце і вас не асудзяць», Айн Рэнд прапануе свой прынцып: «судзіце і будзьце гатовыя да суду над сабой».
Здольнасць вырабляць/ствараць (productiveness), паводле Айн Рэнд, – гэта «прыняцце свайго выбару жыць, прызнанне прадуктыўнай працы тым працэсам, з дапамогай якога чалавечая свядомасць кантралюе існаванне, пастаянным працэсам здабыцця ведаў <...>, прызнанне таго, што любая праца будзе творчай, калі яе выконвае разумны чалавек, і ніякая не будзе творчай, калі яе выконвае неразумны...». Такім чынам, творчасць прызнаецца ў філасофіі аб’ектывізму адной з чалавечых цнотаў, прычым творчай працай можа лічыцца любая праца (у рамане «Атлант расправіў плечы» прадстаўлены шэраг вобразаў людзей розных прафесіяў, што творча ставяцца да свайго занятку). Такім чынам, цнота productiveness перадугледжвае стаўленне чалавека да сваёй працы.
Цнота годнасці, паводле Айн Рэнд – гэта «прызнанне сябе сваёй найвышэйшай каштоўнасцю і таго, што гэтая каштоўнасць, як і ўсе іншыя, павінна быць заслужанай...». Годнасць, як сцвярджае Леанард Пейкаф, палягае ў тым, каб займацца справай, якая вартая здольнасцяў чалавека. Чалавек, ствараючы сябе ў адпаведнасці са сваімі ідэаламі, не проста мае права, а абавязаны паважаць сябе. У артыкуле «Аб’ектывісцкая этыка» гэтая цнота характарызуецца як «маральная амбітнасць» (moral ambitiousness), імкненне заслужыць права зрабіцца ўласнай найвышэйшай каштоўнасцю.
Такім чынам, можна канстатаваць, што канцэпцыя асобы ў творчасці Айн Рэнд характарызуецца пэўнай закрытасцю і нягнуткасцю, прычына гэтаму – высокія патрабаванні да крэатыўнай асобы, якая павінна ўвесь час рухацца дзеля таго, каб яе жыццё набыло статус найвышэйшай каштоўнасці. Аднак менавіта такая асоба, паводле пісьменніцы, здольная ствараць свет, рухаць яго наперад, здабываць уласнае шчасце і спраўджваць амерыканскую мару.
© Ганна Янкута