№21: Знак прысутнасці

№21: Знак прысутнасці

Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары

Чытаць далей

Анка Упала

“Дэльфіны жывуць лепей за нас” — у “Паміжы” №10 ідэальная прамова для Рыгора Кастусёва

11 кастрычніка 2012

“Дэльфіны жывуць лепей за нас” — у “Паміжы” №10 ідэальная прамова для Рыгора Кастусёва
Я вырашыла, што нічога не раскажу пра прэзентацыю часопіса “Паміж” №10 “Анатомія”. Хай гэты экзістэнцыйны досвед застанецца падзеленым, як яблык, паміж тымі, хто быў там.

Але магу паказаць фотаздымкі. І дадаць трохі ўласных рэфлексій.

Нядаўна да мяне прыйшла ідэя, як можна прэзентаваць літаратуру ў Беларусі.

Трэба пачаць супрацоўнічаць з тымі, хто балатуецца на выбарах. Даўно (ужо 18 гадоў як) вядомы факт: у Беларусі больш няважна, што прамаўляюць кандыдаты на тэлебачанні ў адведзены ім па законе час. Гэта ні на што не ўплывае і нічога не змяняе.

Як інтуіт-пазітывіст я бачу ў гэтым магчымасці і патрэбную платформу. Палітычныя прамовы трэба ператвараць у мастацкія акцыі, у перфомансы. Замест бессэнсоўных выступаў пачаць цытаваць літаратуру, якая пакуль не мае медыйных каналаў сувязі з беларускімі чытачамі. Чытач — ён жа і выбаршчык.

Для перфомансу на беларускім тэлебачанні прыдасца ўсялякая літаратура: класіка і сучасная, беларуская і перакладная, добрая і кепская. Найлепш — правакацыйная. Я ўпэўненая, што выбаршчык як мінімум прачнецца, калі Анатоль Лябедзька з добрай артыкуляцыяй палымяна прачытае з тэлеэкрана верш Андрэя Адамовіча “Мае яйцы” і праўдзівыя, як лязо катаны, “Пераклады з японскай”. Больш кандыдату не трэба дадаваць нічога.

Падчас мінулых парламенцкіх выбараў кандыдат ад партыі БНФ у эфіры дастаў з кішэні каўбасу. Але каўбаса не можа быць сэрцам нацыі. Сэрца нацыі — гэта культура, яе віраванне, прысабечванне яе людзьмі паспалітымі. Праўда, Дзіма Плакс? А нашае сэрца вынятае з цела і звязваецца з ім рэдкімі тэлеграмамі, з якіх даходзяць не ўсе.

Я была б радая, калі б кандыдат з каўбасой не казаў таго, што ён сказаў, але агучыў мой верш “Жэншчына з вядром на галаве”. Я адчувала б, што зрабіла для краіны нешта карыснае.

У “Паміжы” №10 змешчаная ідэальная прамова для Рыгора Кастусёва. Гэта эсэ Сяргея Календы “Мозг”.

Дазволю сабе працытаваць:

“Мазгі… чалавек ніколі не адрозніваўся колькасцю і вагою мазгоў ад млекакормячых… але з’явіўся Паўлаў — другая сігнальная сістэма — і мы ўжо ўсе “вянцы Тварэння”, рэжам свінняў, ямо мазгі, пішам вершы, молімся… па сутнасці, дэльфіны жывуць лепей за нас… малпы, дзікі, каровы — усе яны ходзяць з тым самым мозгам, а кашалот нават мае самы вялікі й цяжкі на нашай планеце, але з іншага боку, наўрад ці ён здольны хаця б на простае дзяленне ў слупок”.

Уявіце: строгі касцюм кандыдата, чырвоны гальштук, вусы.

— Чалавек ніколі не адрозніваўся колькасцю і вагою мазгоў ад млекакормячых! — кулаком па трыбуне.

— Рэжам свінняў! — рашучы жэст рукой.

— Ямо мазгі! — зноў рашучы жэст.

— Пішам вершы!..

— Молімся! — паправіць прычоску.

На кожным шматкроп’і — цвёрды позірк у камеру.

Цытату “Дэльфіны жывуць лепей за нас” я б змясціла на расцяжкі і зрабіла б лозунгам выбарчай кампаніі партыі.

Для прамовы можна абраць і сусветную класіку. Даем рады. Калі ласка, на выбар у “Паміжы” № 10: Эразм Дарвін — верш пра анатомію кракадзіла ў перакладзе Ганны Янкута з каментарамі; Ўолт Ўітмэн — верш “Пахкі травастой маіх грудзей” у перакладзе Юлі Цімафеевай; Платон — урывак з дыялогу “Федон”. Хочаце Хармса? Іх ёсць у нумары.

Ці сучасны беларускі аўтар: Ігар Кулікоў з падборкай мовазнаўчых тэкстаў “Істамова” + верш “Самавіт”. Ну, хто пажадае зарабіць сабе рэпутацыю палітыка-інтэлектуала? Аляксандр Мілінкевіч? Чаму б не.

Маргарыта Аляшкевіч напісала літаратуразнаўчы артыкул “Болевыя кропкі літпрацэсу”. Я ведаю, што яго амаль ніхто не прачытае, пакуль ён прышпілены да паперы. Між тым, яе леташні артыкул “Дзевяць прычын не любіць беларускую літаратуру” дагэтуль трымаецца ў топе наведванняў на сайце часопіса “ПрайдзіСвет”. Давайце агучым.

Пакуль што дэльфіны жывуць лепей за нас. Але гэта не значыць, што мы не можам выправіць сітуацыю.







Кірыл Стаселька і Валянцін Акудовіч





Ігар Кулікоў чытае адказ Дзмітрыя Строцава з пісьменніцкай апытанкі “Фізіялогія творчасці”



Цімур Хоміч чытае адказ Змітра Вішнёва з пісьменніцкай апытанкі “Фізіялогія творчасці”



Ліна Мядзведзева

Чытайце таксама

Трэба не быць сквапным, каб падараваць твор іншаму

Юрый Вінічук

Трэба не быць сквапным, каб падараваць твор іншаму

 Імя львоўскага пісьменніка Юрыя Вінічука добра вядомае на радзіме і за мяжой. Але ведаюць яго не толькі пад сваім іменем. Валійскі манах Рыянгабар, сведка нападу Батыя на Кіеў, паэтка XVII стагоддзя…

Канцэпцыя “двайнога бачання” сусвету ў навэлістыцы Густава Майрынка

Наталля Ламека

Канцэпцыя “двайнога бачання” сусвету ў навэлістыцы Густава Майрынка

Аўстрыйская экспрэсіянісцкая культура пачатку ХХ стагоддзя вылучаецца асаблівай атмасферай патаемнага і містычнага. Так званы “чорны” экспрэсіянізм шырока эксплуатуе матывы падарожжа ў іншасвет, хваравітай…

Старамодна думаць, што нейкая тэма складаная для дзіцячага ўспрыняцця

Яніна Арлоў

Старамодна думаць, што нейкая тэма складаная для дзіцячага ўспрыняцця

Выраз “феномен шведскай дзіцячай літаратуры” разумеюць і прымаюць і тыя, хто вывучае дзіцячую літаратуру на прафесійным узроўні, і тыя, хто абірае кнігі для чытання сваім дзецям ва ўсім свеце...

Эфект Пігмаліёна

Кацярына Маціеўская

Эфект Пігмаліёна

“Азіраючыся, я бачу вакол (у тым, што датычыць мяне) толькі густа нацукраваныя легенды, у якіх лыжка стане тарчма”, — напісаў у 1950 годзе ў кнізе “Цяжар быцця” французскі пісьменнік, мастак і рэжысёр…

2490