У Мінску пройдзе фестываль Януша Корчака
16 лістапада 2012
Таксама ў Мінску пройдзе шэраг мерапрыемстваў, звязаных з імем пісьменніка.
24 лістапада (субота) у галерэі сучаснага мастацтва “Ў” і кнігарні “логвінаЎ” (пр. Незалежнасці, 37А) пройдзе дзіцячы ранішнік “Кароль Мацюсь назаўжды”.
У праграме:
- прагляд урыўкаў польскага мюзікла “Януш Корчак”;
- мастацкія чытанні пра прыгоды караля Мацюся і Кайтуся-чарадзея ад акторкі Ганны Хітрык;
- пачастунак для дзяцей.
Вядоўца ранішніка — Андрэй Хадановіч.
Пачатак а 14-й.
Уваход вольны.
27 і 29 лістапада ў другім корпусе гатэля “Мінск” (пр. Незалежнасці, 11), у навучальнай зале №609, адбудуцца адкрытыя лекцыі па гісторыі педагогікі і дзейнасці Януша Корчака з удзелам прафесара Анджэя Яноўскага.
Мадэратарка — Інэса Кур’ян.
Пачатак абедзвюх лекцыяў у 18.30.
Запрашаюцца ўсе ахвотныя.
28 лістапада (серада) творы Януша Корчака прэзентуюць студэнтам педуніверсітэта імя Максіма Танка (Савецкая, 18, актавая зала, другі паверх). У імпрэзе возьме ўдзел польскі прафесар педагогікі Анджэй Яноўскі, перакладчыкі Інэса Кур’ян і Уладзімір Васілевіч, а таксама нашчадкі перакладчыцы Ядвігі Бяганскай.
Вядоўца імпрэзы — Марына Шода.
Пачатак аб 11-й.
Януш Корчак — доктар, педагог, пісьменнік, публіцыст, грамадскі дзеяч, афіцэр польскага войска. Педагог-наватар, аўтар публікацый па тэорыі і практыцы выхавання. Пачынальнік дзейнасці па абароне правоў дзяцей і абсалютнага раўнапраўя дзяцей. У якасці дырэктара дзіцячага дому стварыў, між іншым, дзіцячы сяброўскі суд, у якім дзеці самі разглядалі свае справы і маглі прыцягваць да суду сваіх выхавальнікаў.
Корчак заснаваў першы педагагічны часопіс, які змяшчаў матэрыялы, дасланыя дзецьмі, і разлічаныя галоўным чынам на юнага чытача — “Малы агляд” (Mały Przegląd). Ён быў адным з пачынальнікаў даследаванняў у галіне развіцця і псіхалогіі дзіцяці, а таксама выхаваўчай дыягностыкі.
Польскі габрэй, ён усё жыццё казаў пра сваю прыналежнасць да абодвух народаў.