Нямецкая кніжная прэмія абвясціла фіналістаў
18 верасня 2013
Мірка Боне вядомы як перакладчык паэзіі Кітса і Ейтса і ўжо апублікаваў некалькі раманаў і зборнікаў паэзіі. Яго раман “Калі мы знікаем” увайшоў у лонг-ліст Нямецкай кніжнай прэміі ў 2009 годзе. “Часопіс папрасіў мастака Маркуса Лі намаляваць масты ў Нармандыі для ілюстрацыі матэрыялу аб высадцы саюзніцкіх войскаў у 1944 годзе. Ён выпраўляецца ў паездку, захапіўшы з сабой 15-гадовага пляменніка, які цяжка перажывае смерць маці, што ўчыніла суіцыд. Паездка, якая мусіла заняць тыдзень, расцягваецца на месяц і цалкам змяняе ход жыцця Маркуса і астатніх”, — апісвае раман “Ноч ніколі не прыйдзе” выдавецтва Schöffling.
Райнхард Іргль у сваёй кнізе апісаў будучыню чалавецтва, якое вычарпала запасы Зямлі і вымушанае шукаць новыя светы, прыдатныя для засялення. У ХХIII стагоддзі людзі масава эвакуююцца на Марс і на Месяц, але да XXV стагоддзя жыццё на Марсе аказваецца занадта варожым для чалавечай цывілізацыі, і марсіяне вымушаныя вярнуцца на Зямлю, каб каланізаваць яе зноў. Аўтар рамана “Нічога пасля цябе на Зямлі” нарадзіўся і жыве ў Берліне, яго літаратурныя творы атрымалі шматлікія ўзнагароды, у тым ліку прэмію Георга Бюхнера.
Клеменс Маер называе свае творы “літаратурай, якая робіць балюча”. У рамане “У камені” ён апісвае свет прастытутак і сутэнёраў і складаныя любоўныя інтрыгі ў гэтым свеце. Маер — малады пісьменнік, які ўжо дамогся поспеху. Яго першая кніга “Пакуль мы марылі”, выпушчаная ў 2006 годзе, мела велізарны поспех, а зборнік апавяданняў “Ноч , агні” здабыў прыз Ляйпцыгскага кніжнага кірмашу ў 2008 годзе.
Tерэзія Мора ў рамане “Монстр” апісвае гісторыю IT-спецыяліста, які страціў спачатку працу, затым жонку і выправіўся ў падарожжа на радзіму жонкі ў Венгрыю, чытаючы яе таемны дзённік, знойдзены пасля яе смерці. Пісьменніца сама родам з Венгрыі, але з 1990 году жыве ў Берліне і працуе перакладчыкам. Яе першы раман здабыў некалькі прызоў і перакладзены на 16 моваў.
Марыён Пошман напісала раман пра сучасную Германію, дзе ўсё яшчэ жывыя цені ваеннага мінулага. Галоўны герой “Становішча сонца” ўладкоўваецца на працу ў псіхіятрычную клініку і лічыць, што ён мусіць быць для тамтэйшых хворых промнем сонца і надзеі. Паступова збліжаючыся з пацыентамі , ён пакутуе ад успамінаў пра ўласную сямейную гісторыю.
Моніка Зайнер у рамане “Зоркі сышліся над Кома” апісала гісторыю джазавага піяніста, які пасля разыходжання з жонкай едзе ў канцэртны тур па Італіі. У канцы паездкі ён спадзяецца сустрэцца са сваёй юнацкай любоўю, Бэці Моргенталь, і зразумець прычыны трагічнай смерці свайго найлепшага сябра Марка. Пісьменніца жыве ў Берліне і абараніла доктарскую дысертацыю на тэму кахання і меланхоліі ў сярэднія вякі. Яна таксама вакалістка і аўтарка песняў італьянскага гурта Marinafon.
Раман нямецкага пісьменніка Ральфа Дутлі, прысвечаны жыццю французска-беларуска-габрэйскага мастака Хаіма Суціна “Апошняя вандроўка Суціна”, з доўгага спіса прэміі ў кароткі не трапіў.
Нямецкая кніжная прэмія традыцыйна ўручаецца ўвечары напярэдадні адкрыцця штогадовага Франкфурцкага кніжнага кірмашу. Яна была заснаваная ў 2005 годзе, каб лепш азнаёміць сусветнага чытача з нямецкамоўнай літаратурай.