№21: Знак прысутнасці

№21: Знак прысутнасці

Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары

Чытаць далей

"Партрэт Дарыяна Грэя" без цэнзурных правак апублікаваны ў Англіі

29 красавіка 2011

Аднаўленне літаратурнай справядлівасці, зрэшты, не кранула крытыкаў, якія сышліся ў меркаванні, што арыгінальны тэкст рамана ўяўляе не такую ўжо вялікую каштоўнасць для шырокага чытача.

Адзіны раман Ўайлда быў упершыню апублікаваны ў 1890 годзе ў ліпеньскім нумары Lippincott's Monthly Magazine, які выдаваўся ў Філадэльфіі. Азнаёміўшыся з тэкстам перад публікацыяй, уладальнік часопіса Дж. М. Стодарт вырашыў, што для цнатлівага XIX стагоддзя ў ім зашмат адкрытых алюзій. Яго знервавалі не толькі ўказанні на гомасэксуальнасць мастака Бэзіла Холуарда, але нават наўпростыя згадкі каханак Дарыяна Грэя, і ўсё гэта ён вырашыў прыбраць. Стодарт заўпэўніў свайго працадаўцу Крэйга Ліпінкота, што зробіць тэкст рамана “цікавым для патрабавальнага чытача”.

Пасля рэдагавання з тэксту знікла слова “каханка” (“Сібіла Вэйн вашая каханка?” ператварылася ў “Якія ў вас стасункі з Сібілай Вэйн?” і гэтак далей), а таксама многія іншыя фрагменты, паводле словаў Стодарта, “з прысмакам дэкадансу”. Аднак усе намаганні рэдактара (які зрабіў па вялікім рахунку касметычныя праўкі) пайшлі прахам: ангельскія рэцэнзенты затаўравалі “Партрэт Дарыяна Грэя” азначэннямі “амаральны, ганебны і агідны”. Хваля негатыўных рэцэнзіяў і заклікі аддаць аўтара пад суд прымусілі Ўайлда перарабіць тэкст рамана нашмат мацней, чым гэта зрабіў (і, уласна кажучы, мог зрабіць) Стодарт.

Вынік гэтай працы з'явіўся ў 1891 годзе, калі “Партрэт Дарыяна Грэя” выйшаў асобнай кнігай. Можна сказаць, гэта быў зусім іншы раман: калі пасля працы Стодарта тэкст скараціўся ўсяго прыкладна на 500 словаў, то Ўайлд не толькі пазбавіўся гомаэратызму, але і дапісаў сем новых раздзелаў, пашырыўшы раман амаль на траціну. Акрамя танальнасці тэксту значныя змены зведаў і сюжэт, і нават задума кнігі.

Як бы там ні было, новая версія — менавіта тая, якая шырока вядомая цяпер, — таксама не задаволіла крытыкаў. Сумны лёс рамана (у крытыкаў, але не чытачоў, якія прынялі кнігу з захапленнем) неўзабаве напаткаў і яго аўтара — у 1895 годзе Оскар Ўайлд быў прысуджаны да двух гадоў турмы па абвінавачанні ў “непрыстойных паводзінах”. Пасля выхаду з турмы пісьменнік пераехаў у Францыю, дзе неўзабаве памёр.

На думку рэдактара арыгінальнай версіі “Партрэта Дарыяна Грэя” Нікаласа Фрэнкела, калі б Ўайлд быў жывы, ён бы захацеў прадставіць на суд чытачоў XXI стагоддзя менавіта гэтую версію рамана. Акрамя адноўленых фрагментаў тэксту выдання Harvard University Press змяшчае падрабязныя каментары, якія ўказваюць на літаратурныя крыніцы натхнення Ўайлда і элементы рамана, якія перагукаюцца з іншымі творамі пісьменніка.

паводле vsiknygy.net.ua

Чытайце таксама

1187