Сэлінджэр пісаў кнігі пасля 1965 году
11 ліпеня 2011
Тры апошнія лісты да Мітчэла, які стварыў вокладку для першага выдання “Лаўца ў жыце”, знайшла яго сяброўка Рут Лінк. Яна прадала іх бібліятэцы і музею Моргана, дзе знаходзяцца яшчэ 11 лістоў Сэлінджэра да сябра.
Адно з пасланняў разам з творам пяцігадовага Моцарта і вершамі чатырнаццацігадовай Сільвіі Плат прабудзе ў экспазіцыі музея да 25 верасня. Астатнія два публіцы пакажуць ўжо ў наступным годзе.
Дэбютны раман Сэлінджэра “Лавец у жыце” (Catcher in the Rye) выйшаў у 1951 годзе. Сэлінджэр апублікаваў яшчэ некалькі кніг у 1950-х — пачатку 60-х, аднак з 1965 году, калі была надрукаваная яго апошняя аповесць “Шаснаццаты дзень Хэпварта-1924”, ён вёў жыццё самотніка, забараніўшы перавыданне сваіх ранніх твораў. Апошняе інтэрв'ю ён даў у 1980 годзе.
Нягледзячы на адмову ад удзелу ў публічным жыцці, у 2009 годзе Сэлінджэр зноў трапіў у загалоўкі СМІ, пасля таго як швед Фрэдрык Колтынг напісаў сіквэл да “Лаўца ў жыце”. Сэлінджэр па судзе заблакаваў выданне гэтай кнігі. Ужо пасля смерці пісьменніка, у студзені 2011, яго спадчыннікі дазволілі публікацыю кнігі Колтынга.
У нешматлікіх інтэрв'ю, дадзеных пасля 1965 году, Сэлінджэр не хаваў, што працягвае займацца літаратурай, хоць і не хоча публікаваць свае кнігі.
У прыватнасці, яго дачка Маргарэт сцвярджала, што Сэлінджэр “ніколі не пераставаў пісаць пра сямейства Глас, што жыццё кожнага з іх было прадуманае ім да драбнюткіх дэталяў, што ў сейфах пісьменніка захоўваюцца нявыдадзеныя рукапісы, але ён не мае і найменшага намеру выдаваць іх пры жыцці”.