№21: Знак прысутнасці

№21: Знак прысутнасці

Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары

Чытаць далей

У "Букера" з'явіўся канкурэнт

14 кастрычніка 2011

У
Літагент Эндру Кід пракаментаваў узнікненне новай прэміі так: “Нашая мэта ў тым, каб задаць выразны і ясны стандарт дасканаласці, а суддзямі стануць прызнаныя эксперты ў літаратуры”.

Назваць новую ўзнагароду вырашылі проста “Літаратурная прэмія” (The Literature Prize). Сярод тых, хто падтрымаў ідэю, — лаўрэаты “Букера” Джон Бэнвіл (2005, раман “Мора”), Пэт Баркер (1995, “Дарога зданяў”) і іншыя пісьменнікі, чые творы траплялі ў шорт-ліст прэміі.

Рэгламент “Літаратурнай прэміі” яшчэ не зацверджаны, а яе рада шукае крыніцы фінансавання для прызавога фонду. Кід упэўнены, што неўзабаве зможа расказаць пра ўсё больш падрабязна. Першае ўзнагароджанне — з доўгім і кароткім спісамі і ўрачыстай цырымоніяй абвяшчэння лаўрэата — арганізатары прэміі плануюць правесці налета.

Ад суперніцтва з “Букерам” Кід загадзя адхрысціўся. “Гэта не напад на “Букер” ці нейкую кнігу з іх шорт-ліста”, — сказаў ён у інтэрв'ю BBC News. Зрэшты, зусім пазбегнуць параўнання з самай вядомай брытанскай літаратурнай узнагародай ён не змог. Ці не захацеў.

“Прэмія прапануе чытачам раманы, якія, на думку дасведчаных суддзяў, непераўзыдзеныя па якасці”, — напісаў Кід у прэс-рэлізе новай узнагароды, дадаўшы, што калісьці такую ж мэту заяўляў і “Букер”, але цяпер ён абраў у якасці прыярытэту “чытэльнасць” кнігі.

“Заявы, зробленыя арганізатарамі і суддзямі “Букера” гэтага году, паказваюць, што ў наш час гэтая прэмія робіць прыярытэтам чытэльнасць кнігі не на карысць яе мастацкім якасцям”, — дадаў ён.

Букераўскі камітэт не мог не адрэагаваць на скандальныя заявы новага суперніка. Літаратурны дырэктар “Букера” Ін Трэвін назваў абвінавачанні ў адборы кніг паводле чытэльнасці «глупствам», пашкадаваўшы, што не мае запісаў сваіх выказванняў, але нагадаўшы, што насамрэч ён казаў, што “ў літаратуры чытэльнасць і дасканаласць мусяць ісці побач”.

Цікава, што пра новую прэмію абвясцілі літаральна за некалькі дзён да цырымоніі ўзнагароджання пераможца “Букера”, якая пройдзе ў Лондане 18 кастрычніка. Сёлета на прэмію прэтэндуюць Джуліян Барнс, Кэрал Бэрч, Стывен Келман, А. Д. Мілер, Патрык дэ Віт і Эсі Эдугян.

Брытанскі “Букер” уручаецца з 1969 году; прэмію можа атрымаць пісьменнік з краін Брытанскай Садружнасці, Ірландыі ці Зімбабвэ за кнігу на ангельскай мове. За мінулыя 42 гады чацвёра лаўрэатаў “Букера” атрымлівалі Нобелеўскую прэмію па літаратуры. У 2010 годзе ўладальнікам “Букера” і 50 тысяч фунтаў стэрлінгаў стаў ангельскі пісьменнік Говард Джэйкабсан за раман “Праблема Фінклера”. А ў 2005 годзе была заснаваная Міжнародная Букераўская прэмія, якая ўручаецца раз на два гады, а яе лаўрэатамі могуць стаць як англамоўныя аўтары, так і пісьменнікі, чые творы перакладзеныя на ангельскую мову. Прызавы фонд гэтай узнагароды складае 60 тысяч фунтаў, а яе лаўрэатам сёлета стаў амерыканец Філіп Рот.

Чытайце таксама

282