№21: Знак прысутнасці

№21: Знак прысутнасці

Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары

Чытаць далей

Бацьку Скруджа, Олівера Твіста і Піпа — 200 гадоў

7 лютага 2012

Бацьку Скруджа, Олівера Твіста і Піпа — 200 гадоў
Тады ён на ўласныя вочы мог бы пабачыць усе мерапрыемствы, прымеркаваныя ў Вялікабрытаніі і ўсім свеце да яго юбілею: перагледзеў бы новыя выданні, наведаў бы шэраг выставаў, адседзеў бы некалькі спектакляў і кінасеансаў (чытачы ахвотна патлумачылі б істотна састарэламу мэтру, што такое кіно і чым яно адрозніваецца ад тэатра віктарыянскай эпохі) і, можа, нават расплаціўся б у краме манетай з уласным профілем.

Цікава, колькі б у такім выпадку ён паспеў напісаць, калі плён яго 58-гадовага жыцця вылічваецца дзясяткамі тамоў? У рускім перакладзе, напрыклад, выйшаў 30-томны збор твораў Чарлза Дыкенса. Відаць, тады б перакладчыкам мінулага і гэтага стагоддзя давялося б выдаткаваць на класіка нашмат больш сілаў, адклаўшы ўбок яго менш цікавых і менш паспяховых сучаснікаў.

Гісторыя беларускага Чарлза Дыкенса пачалася ў 30-х гадах з перакладу рамана “Домбі і яго сын” (1937), падрыхтаванага пры пасярэдніцтве рускай мовы. Пазней такім жа чынам быў перакладзены раман “Great Expectations”, які ў беларускім варыянце атрымаў назву “Вялікія чаканні” (1940). На гэтым дзіўныя рэчы з перакладамі Дыкенса на беларускую не скончыліся — хто дачытаў да апошняй старонкі не так даўно выдадзенага “Олівера Твіста” (2010, перакладчык Я. Бяласін), той зразумее, наколькі нечаканымі могуць быць шляхі замежнай класікі да чытачоў. Нейкія пераклады — часткова “Калядны харал” (пераклад Ганны Янкута) і цалкам “Гісторыю пра гоблінаў, якія скралі далакопа” (пераклад Антона Францішка Брыля), якая ў сваю чаргу — толькі частка “Пасмяротных нататак Піквікавага клуба” — можна знайсці на сайце “ПрайдзіСвета”.

Далучаючыся да ўсеагульнай радасці з нагоды таго, што аднойчы ў свеце нарадзіўся Чарлз Дыкенс, часопіс “ПрайдзіСвет” прапануе вашай увазе зусім свежы пераклад апавядання “Дзіця марыць пра зорку”, зроблены Янінай Прыстаўкай. Ангельскія выдавецтвы чамусьці любяць змяшчаць яго ў зборніках Дыкенсавай готыкі, але ці ёсць для гэтага падставы — мяркуйце самі.

Чытайце таксама

379