Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары
Чытаць далейНарадзіўся Шарль Пэро (фр. Charles Perrault, памёр 16 траўня 1703), французскі пісьменнік-казачнік, крытык, сябра Французскай акадэміі. Дзякуючы падтрымцы Жана Кальбэра шмат у чым вызначаў палітыку Людовіка XIV у галіне мастацтва. У знакамітай “спрэчцы старых і новых” быў апанентам Нікаля Буало, прадстаўляючы “новых”. Сусветную славу Пэро прынёс зборнік “Казкі матулі Гускі, альбо Гісторыі прамінулых часоў з павучаннямі” (Contes de ma mère l’Oye, ou Histoires du temps passé, avec des moralités) – дзевяць казак, якія пры жыцці пісьменніка амаль не былі заўважаныя. Гэтыя казкі, што збольшага ўяўляюць сабою апрацоўку народных, Пэро падпісаў не сваім імем, а імем свайго трэцяга сына Пэро д’Арманкура, што ў ХХ стагоддзі спарадзіла дыскусію пра іх аўтарства. На беларускую мову восем з дзевяці казак зборніка (апроч “Аслінай шкуры”) пераклаў Зміцер Колас (Шарль Пэро. Чарадзейныя казкі. Мн., 1993).
Нарадзіўся Джэк Лондан (анг. Jack London, імя пры нараджэнні – Джон Грыфіт Чэйні, памёр 22 лістапада 1916), амерыканскі празаік. За нядоўгую пісьменніцкую кар’еру (сур’ёзна займацца літаратурай пачаў у 23 гады) напісаў каля 40 кніг. Меў шалёную папулярнасць і быў самым высокааплатным пісьменнікам ЗША. У апошнія гады праз творчы крызіс не мог распачаць працу над новай кнігай і купіў сюжэт у маладога пачаткоўца Сінклера Льюіса. Лондан назваў кнігу “Бюро забойстваў”, але скончыць яе не паспеў. На беларускую мову апавяданне Лондана “Мечаны” пераклаў Уладзімір Чаркас (“Далягляды”, 1984).
Нарадзілася Флорэнс Дагдэйл (анг. Florence Emily Dugdale, памерла 17 кастрычніка 1937), брытанская пісьменніца, аўтар дзіцячых апавяданняў. Была другой жонкай Томаса Гардзі. Яны пазнаёміліся ў 1905 годзе, калі Гардзі было 65, а Флорэнс – 26. Флорэнс кідае пасаду настаўніцы ў жаночай школе Святога Андрэя і робіцца памочніцай Гардзі, адначасова распачынаючы пісьменніцкую кар’еру. Яе першы зборнік “The Book of Baby Birds” выходзіць у 1912 годзе. У 1914-м, праз два гады пасля смерці жонкі Гардзі Эмы, Флорэнс выйшла за яго замуж. Яны пражылі разам 14 гадоў, да самай смерці пісьменніка (1928).
Памёр Ян Камперт (нід. Jan Remco Theodoor Campert, нар. 15 жніўня 1902), нідэрландскі паэт. Арыштаваны за дапамогу габрэям падчас нацысцкай акупацыі Нідэрландаў і адпраўлены ў гамбургскі канцэнтрацыйны лагер Ноегамэ, дзе і памёр. Найбольш вядомы ў свеце вершам “Васямнаццаць смяротнікаў” (De achttien dooden, 1941), які апісвае пакаранне 15 падпольшчыкаў і трох забастоўшчыкаў нацыстамі. Верш напісаны ў 1941 годзе пад уражаннем артыкула ў амстэрдамскай газеце Het Parool. Першая страфа гэтага верша Камперта высечаная на камні ля былога лагера Вестэрборк. На рускую “Васямнаццаць смяротнікаў” пераклаў Іосіф Бродскі (пад назвай “Песня о восемнадцати казнённых”).
Нарадзіўся Харукі Муракамі (яп. 村上 春樹), японскі пісьменнік і перакладчык. Пераклаў на японскую мову шэраг твораў Фрэнсіса Скота Фіцджэралда, Джэрома Дэвіда Сэлінджэра, Трумана Капотэ, Джона Ірвінга, Урсулы Ле Гуін і інш.
Памерла Агата Крысці (анг. Agatha Christie, сапр. Агата Мэры Кларыса Мілер, Крысці — прозвішча першага мужа; нар. 15 верасня 1890), ангельская пісьменніца, аўтар дэтэктываў. Творы Крысці — адны з самых публікаваных у свеце (пасля Бібліі і Шэкспіра), перакладзеныя больш чым на 100 моваў. Аўтар 60 дэтэктыўных раманаў, 6 псіхалагічных (пад псеўданімам Мэры Ўэстмакот), 19 зборнікаў апавяданняў, 16 п’есаў. Да шлюбу Агата працавала медсястрой у шпіталі, што наклала своеасаблівы адбітак на яе кнігі: 83 злачынствы ў дэтэктывах Крысці былі ўчыненыя шляхам атручання. Першы шлюб Агаты з палкоўнікам Арчыбальдам Крысці скончыўся разводам, другі муж — археолаг Макс Малоўэн — быў маладзейшы за яе на 15 гадоў; пра гэта сама місіс Малоўэн заўважыла, што для археолага жанчына мусіць быць як мага старэйшай, бо яе каштоўнасць тады значна ўзрастае. Герой 33 раманаў і 51 апавядання Крысці Эркюль Пуаро стаў адзіным прыдуманым героем, на якога на першай старонцы “Нью-Ёрк Таймс” стаяў некралог: “6 жніўня 1975. Памёр Эркюль Пуаро, вядомы бельгійскі дэтэктыў”.