Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары
Чытаць далейНарадзіўся Мальер (фр. Molière, сапр. Жан-Батыст Паклен, памёр 17 лютага 1673), французскі камедыёграф-класіцыст, актор і тэатральны дырэктар. У маладосці ездзіў з тэатральнай трупай па Францыі, граючы ў асноўным трагічныя ролі, бо быў упэўнены, што гэта ягонае амплуа. Камедыі пачаў пісаць праз недахоп у трупы рэпертуару. Пасля дэбюту ў Луўры 24 кастрычніка 1658 году трупа Мальера стала асталявалася пры двары Людовіка XIV. Многія п’есы Мальера выклікалі незадаволенасць і абурэнне двара, святароў і г.д.: сам Мальер з гэтай нагоды пасля забароны “Тарцюфа” пісаў у лісце да караля, што “арыгіналы дабіліся забароны копіі”. 17 лютага 1673 году на чацвертым прадстаўленні п’есы “Уяўны хворы” Мальеру, які граў ролю Аргана, зрабілася кепска, і праз некалькі гадзінаў ён памёр. Парыжскі арцыбіскуп не даваў дазволу на пахаванне Мальера, які як актор павінен быў прынесці пакаянне перад смерцю, і зняў забарону толькі на загад караля. Мальера пахавалі, нібы самагубцу, – ноччу, без абрадаў, за агароджай могілак. На беларускую мову п’есу “Тарцюф, альбо Ашуканец” пераклаў Рыгор Барадулін.
Нарадзілася Марджары Флемінг (анг. Marjorie Fleming, скотс Mairjorie Fleemin, памерла 6 студзеня 1811) – шатландская паэтка. Памерла ў 8 гадоў. Стала знакамітая сваімі дзённікамі, якая вяла апошнія 18 месяцаў жыцця. Дзённікі былі надрукаваныя праз 50 гадоў пасля яе смерці ў віктарыянскую эпоху, і значна перапрацаваныя, бо лічылася, што васьмігадовай дзяўчынцы нельга было так пісаць. Арыгінальныя дзённікі выйшлі толькі ў 1935 годзе.
Нарадзіўся Міхай Эмінэску (рум. Mihai Eminescu, памёр 15 чэрвеня 1889), самы вядомы румынскі пісьменнік у свеце, найвялікшы румынскі рамантык. Вучыўся ў Чарнаўцах на Букавіне. Галоўны твор – паэма “Лучафэр” (Luceafărul). У 1880-х гг. Эмінэску захварэў на маніякальна-дэпрэсіўны псіхоз і быў змешчаны ў лякарню для псіхічна хворых у чэрвені 1883-га. У снежні таго ж году выйшаў яго адзіны прыжыццёвы паэтычны зборнік “Вершы” (Poesii). Прычына смерці Эмінэску ў лякарні нявысветленая і застаецца загадкай. На беларускую мову Міхая Эмінэску працягвае перакладаць К. Коракс.
Нарадзіўся Станіслаў Выспяньскі (польск. Stanisław Wyspiański, памёр 28 лістапада 1907), польскі паэт, драматург, мастак. Яго называюць “чацвертым польскім прарокам” (пасля Міцкевіча, Красіньскага і Славацкага), а яго значэнне як нацыянальнага драматурга супастаўнае са значэннем Ейтса для ірландскай літаратуры, Метэрлінка – для французскай, О’Ніла – для амерыканскай. Жывапісу вучыўся спачатку ў Яна Матэйкі, потым у французскіх мастакоў. У сярэдзіне 1890-х вярнуўся ў родны Кракаў і прыкладна ў той самы перыяд узяў удзел у стварэнні інтэр’ера царквы францысканцаў (у прыватнасці, напісаў вітражы). Таксама Выспяньскі стварыў праект рэканструкцыі Вавельскага замка, які так і не быў увасоблены.
Нарадзіўся Восіп Мандэльштам (руск. Осип Мандельштам, памёр 27 снежня 1938), рускі паэт, празаік, эсэіст, перакладчык, літаратурны крытык, адзін з найбуйнейшых рускіх паэтаў ХХ ст. Асноўная роля ў захаванні творчай спадчыны Мандэльштама належыць яго жонцы Надзеі Мандэльштам. Рукапісы паэта яна хавала ў ботах і рондалях, а ў сваім тэстаменце адмовіла Савецкай Расіі ў любых правах на выданне вершаў Мандэльштама. На беларускую мову вершы В. Мандэльштама перакладалі Р. Барадулін, А. Хадановіч, М. Мартысевіч.
Памёр Давід Бурлюк (руск. Давид Бурлюк, нар. 21 ліпеня 1882), рускі паэт, мастак, адзін з заснавальнікаў рускага футурызму. Удзельнік футурыстычных зборнікаў “Садок суддзяў”, “Аплявуха грамадскаму густу” і інш. У 1920 эміграваў у Японію, дзе пражыў два гады, вывучаў культуру Усходу. З 1922 г. — у ЗША, дзе актыўна ўдзельнічаў у прасавецкіх групах, выдаваў свае зборнікі, брашуры, часопісы і праз сяброў распаўсюджваў гэтыя выданні пераважна ў межах СССР. Выдаваў часопіс “Колер і рыфма” (Color and Rhyme) на ангельскай і рускай мовах.