Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары
Чытаць далейНарадзіўся Эмануэль Сведэнборг (шведск. Emanuel Swedenborg, памёр 29 сакавіка 1772), шведскі навуковец, філосаф і тэосаф, чые ідэі моцна паўплывалі на многіх сусветна вядомых творцаў: Ўільяма Блэйка, Анарэ дэ Бальзака, Шарля Бадлера, Адама Міцкевіча, Ўільяма Батлера Ейтса, Чэслава Мілаша і інш. Сведэнборг займаўся ледзь не ўсімі магчымымі навукамі, апроч усяго іншага, напісаў працу па апрацоўцы металаў і запачаткаваў такія дысцыпліны, як мінералогія і фізіялогія мозгу. Самая значная літаратурная праца Сведэнборга – “Пра нябёсы, пра свет духаў і пра пекла” (лац. De Caelo et Ejus Mirabilibus et de inferno). Філосаф сцвярджаў, што можа камунікаваць з духамі памерлых людзей.
Нарадзіўся Хуберт Карнэліс Пот (Hubert Kornelisz Poot, памёр 31 снежня 1733), нідэрландскі паэт. Пот, селянін паводле паходжання, напісаў вялікую колькасць вершаў з нагоды тых ці іншых падзеяў, але на сённяшні дзень яны не маюць вялікай цікавасці. Найлепшымі яго вершамі лічацца любоўныя і пейзажныя. Пры жыцці яго часта наведвалі знакамітыя людзі і студэнты – ім было цікава паглядзець на селяніна, які піша вершы. Паэт Схолмэйстэр (сапр. імя Герыт ван дэ Ліндэ) напісаў пасля смерці Пота наступную эпітафію для паэта: “Прылёг тут Пот // На многа год”(пераклад з нідэрландскай Віктара Жыбуля).
Нарадзіўся Антон Чэхаў (руск. Антон Чехов, памёр 15 ліпеня 1904), рускі празаік і драматург, доктар па прафесіі. “Медыцына — мая законная жонка, а літаратура — каханка. Калі абрыдае адна, начую ў другой”, — казаў ён. Аўтар твораў, якія зрабіліся класікай сусветнай прозы і драматургіі (апавяданні “Чалавек у футляры”, “Палата №6”, “Дуэль”, п’есы “Дзядзька Ваня”, “Чайка”, “Тры сястры”, “Вішнёвы сад”). Першы пераклад Чэхава на беларускую мову — вадэвіль “Сватанне” ў перакладзе Напалеона Чарноцкага — выпусціла ў 1910 годзе выдавецтва “Загляне сонца і ў наша аконца”. На беларускую мову творы Чэхава таксама перакладалі А. Якімовіч, К. Крапіва, Я. Маўр, Я. Брыль, І. Шамякін, А. Каляда, У. Скарынкін. П’есы Чэхава доўгія гады былі ў рэпертуары трупы Ігната Буйніцкага.
Нарадзіўся Рамэн Ралан (фр. Romain Rolland, памёр 30 снежня 1944), французскі пісьменнік, лаўрэат Нобелеўскай прэміі па літаратуры за 1915 год. Пісьменнік з дзяцінства цікавіўся музыкай, спачатку вырашыў прысвяціць жыццё вывучэнню гісторыі музыкі і абараніў у Сарбоне дысертацыю па гэтай спецыяльнасці. Аднак пасля выдання і пастаноўкі шэрагу яго п’есаў, прысвечаных Вялікай французскай рэвалюцыі набыў вядомасць як пісьменнік, хаця яго цікавасць да музыкі не аслабла – сярод самых вядомых твораў Ралана, апроч “Жана Крыстофа” і “Кала Бруньёна”, можна назваць “Жыццё Бетховена” і “Бетховен. Вялікія творчыя эпохі”.
Памёр Эдвард Лір (анг. Edward Lear, нар. 12 траўня 1812), ангельскі паэт, мастак. Ужо сама назва першага твора пісьменніка, “Ілюстрацыі сям’і Псітацыдаў, альбо Папугаі” (Illustrations of the Family of Psittacidae, or Parrots, 1830) сведчыць пра характар яго творчасці. Нядзіўна, што “Кніга нонсэнсу” (існуюць розныя варыянты перакладу гэтага твора, анг. A Book of Nonsense) натхняла Льюіса Кэрала, сюррэалістаў, Данііла Хармса і абэрыутаў. Лімерыкі Эдварда Ліра на беларускую мову перакладалі Марыя Мартысевіч, Макс Шчур.
У Мінску быў створаны Інстытут беларускай культуры, які пазней рэарганізуюць у Беларускую акадэмію навук.
Скончыла жыццё самагубствам Сара Тысдэйл (анг. Sara Teasdale, нар. 8 жніўня 1884), амерыканская паэтка. Самы вядомы яе верш – “There will come soft rains...”; існуе чатыры пераклады гэтага верша на беларускую мову (А. Арцёмава, А. Пятровіч, А. Стэфановіча і Г. Янкута). Падборку вершаў Сары Тысдэйл можна знайсці тут.
Нарадзілася Вольга Такарчук (польск. Olga Tokarczuk), адзін з самых паспяховых і папулярных польскіх творцаў свайго пакалення, псіхолаг паводле адукацыі. На беларускую мову перакладзены яе раман “Правек ды іншыя часы” (Prawiek i inne czasy, 1996, а таксама шэраг апавяданняў (выйшлі ў зборніку “Дваццаць польскіх апавяданняў”, 2007): “Прачынайся, ты забіты” (пер. Ганны Пазюк), “Прафесар Эндрус у Варшаве” (пер. Марыны Шода), “Самая брыдкая жанчына ў свеце” (пер. Андрэя Хадановіча). У “ПрайдзіСвеце” друкаваліся ўрывак з рамана “Правек ды іншыя часы” (пераклад Марыны Шода) і апавяданне “Жаданне Сабіны” (пераклад Юльяна Гайдука).
Памёр амерыканскі паэт Роберт Фрост (анг. Robert Frost, нар. 26 сакавіка 1874). Першая кніга паэта выйшла ў Вялікабрытаніі, куды пісьменнік з’ехаў разам з сям’ёй, ратуючыся ад нястачы. Там Фрост пазнаёміўся з Эзрам Паўндам. У пачатку Першай сусветнай вайны сям’я Фростаў вярнулася ў ЗША, дзе паэт пачаў паступова заваёўваць вядомасць. Вершы Роберта Фроста на беларускую мову перакладалі В. Вітка і В. Зуёнак. Фрост – аўтар сумнеўнага выслоўя: “Паэзія – гэта тое, што губляецца ў перакладзе”.