№21: Знак прысутнасці

№21: Знак прысутнасці

Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары

Чытаць далей

У гэты дзень, 1 лютага

  • 1801

    Нарадзіўся Эміль Літрэ (фр. Émile Littré, памёр 2 чэрвеня 1881), французскі лексікограф і філосаф, найперш вядомы як складальнік слоўніка французскай мовы, агульнавядомага як “Літрэ” (Le Littré). Працу над слоўнікам ён працягваў каля 30 гадоў. Акрамя таго, Эміль Літрэ пераклаў на французскую ўсе творы Гіпакрата, творы Плінія, Давіда Штраўса, Ёгана Петэра Мюлера.

  • 1851

    Памерла Мэры Шэлі (анг. Mary Shelley, нар. 30 жніўня 1797), ангельская пісьменніца, драматург, эсэіст, найбольш вядомая ў свеце сваім раманам “Франкенштэйн, альбо Сучасны Праметэй” (Frankenstein; or, The Modern Prometheus, 1818). У 1816 годзе Мэры Шэлі знаёміцца ў Швейцарыі з Байранам, які прапануе ёй напісаць “звышнатуральны аповед”. Ідэю падтрымаў муж Мэры, паэт Персі Шэлі, і ў 1818 годзе пабачыў свет “Франкенштэйн”. Мэры Шэлі таксама з’яўляецца аўтарам твораў “Пераўтварэнне”, “Апошні чалавек”, “Вальпегра”. Частковы пераклад “Франкенштэйна” на беларускую зрабіла Марына Дзергачова.

  • 1870

    Нарадзіўся Матэюс Густайціс (літ. Motiejus Gustaitis, памёр 23 снежня 1927), літоўскі паэт, перакладчык, пачынальнік літоўскага сімвалізму, першы перакладчык Шарля Бадлера на літоўскую мову, першы літоўскі літаратар, які атрымаў навуковую ступень доктара навук за дысертацыю па філалогіі. Узбагаціў літоўскую паэтычную мову словамі абстрактнага характару – з прычыны іх адсутнасці ў жывой гутарцы ствараў іх сам (не заўжды ўдала). Пераклаў на літоўскую “Энеіду” Вергілія, творы Авідыя, Гарацыя, Цыцэрона, Дэмасфена, Пятраркі, літоўскіх лацінамоўных паэтаў, “Дзяды” А. Міцкевіча, творы Ю. Славацкага, Л. Кандратовіча, А. Франса і іншых.

  • 1874

    Нарадзіўся Хуга фон Гафмансталь (ням. Hugo von Hofmannsthal, памёр 15 ліпеня 1929), аўстрыйскі празаік, паэт, драматург, выразнік ідэяў дэкадэнцтва ў аўстрыйскай літаратуры канца ХІХ – пач. ХХ ст. 19 траўня 1917 году, на наступны дзень пасля прэм’еры балета Жана Както, Эрыка Саці і Пабла Пікасо “Парад”, які скончыўся грандыёзным скандалам (на сцэне стаяла палатка, а перад ёй – двое зазывалаў, якія клікалі публіку на прадстаўленне, што адбывалася ўсярэдзіне, але сярэдзіну, безумоўна, ніхто не паказваў, што публіка расцаніла як здзек), адбылася прэм’ера чарговай п’есы Гафмансталя. Убачыўшы захапленне публікі, пачуўшы гучныя авацыі і, відавочна, успомніўшы правал “Параду” і да гэтага – “Вясны святарнай” Стравінскага, Гафмансталь прамовіў: “Лепш бы скандал”.

  • 1884

    Нарадзіўся Яўгеній Замяцін (рус. Евгений Замятин, памёр 10 сакавіка 1937), рускі пісьменнік. Найбольш вядомы сваім раманам-антыўтопіяй “Мы” (1920), які стаў першым у чарадзе еўрапейскіх антыўтопій О. Хакслі, Дж. Оруэла, Р. Брэдберы. У СССР раман не выходзіў у друк, упершыню ён быў апублікаваны па-ангельску ў 1924 г. у Нью-Ёрку, а на рускай мове выйшаў толькі ў 1952 г. таксама ў ЗША.

  • 1902

    Нарадзіўся Лэнгстан Х’юз (анг. Langston Hughes, памёр 22 траўня 1967), амерыканскі паэт, празаік, драматург, першаадкрывальнік “джазавай паэзіі” і адзін з яскравых прадстаўнікоў культурнага руху, вядомага як Гарлемскі рэнесанс.

  • 1918

    Нарадзілася Мюрыэл Спарк (анг. Dame Muriel Spark, памерла 13 красавіка 2006), шатландская пісьменніца. Найбольш вядомы яе раман – “Міс Джын Броўдзі ў росквіце гадоў” (The Prime of Miss Jean Brodie, 1961). У 1966–1968 па ім была пастаўленая ў далейшым вядомая п’еса, затым – знакаміты фільм (1969) і нарэшце – шасцісерыйны тэлефільм, які таксама меў міжнародны поспех у 1978–1979 гг. У 1993 годзе Спарк была ўганараваная ордэнам Брытанскай імперыі. На беларускую мову апавяданні Мюрыэл Спарк “Жонка ўладальніка ламбарда” і “Надзвычай добры гадзіннік” пераклаў Аляксандр Дземчанка (“Далягляды”, 1979).