Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары
Чытаць далейНарадзіўся Яраслаў Івашкевіч (польск. Jarosław Iwaszkiewicz, псеўд. Eleuter; памёр 2 сакавіка 1980), польскі паэт, празаік, драматург, перакладчык. Найбольшай папулярнасцю карыстаецца яго раман “Слава і хвала” (Sława i chwała, 3 тт.– 1956, 1958, 1962), які апісвае жыццё польскай інтэлігенцыі першай паловы XX стагоддзя. Перакладаў на польскую Шэкспіра, Андэрсэна, Гальдоні, Нэруду, Талстога, Чэхава і інш. Некаторыя творы былі экранізаваныя, у прыватнасці, знакамітымі польскімі рэжысёрамі А. Вайдам і Е. Каваляровічам.
Апублікаваны “Маніфест футурызму”, напісаны італьянскім мастаком Філіпа Тамаза Марынэці. Маніфест быў надрукаваны ў выглядзе платнай аб’явы на першай старонцы французскай газеты Le Figaro. На беларускую мову “Маніфест футурызму” пераклаў Глеб Маліноўскі.
Памёр Клас Понтус Арнальдсан (шведск. Klas Pontus Arnoldson, нар. 27 кастрычніка 1844), шведскі пісьменнік, журналіст, палітык, сумесна з Фрэдрыкам Баерам лаўрэат Нобелеўскай прэміі міру (1908). Быў заснавальнікам і першым старшынём Шведскага саюза міру і арбітражу, створанага ў 1883 годзе.
Памерла Сара Кейн (анг. Sarah Kane, нар. 3 лютага 1971), ангельская пісьменніца-драматург. Пакутуючы на маніякальна-дэпрэсіўны сіндром, яна павесілася ў псіхіятрычнай клініцы. Яе першая п’еса “Падарваныя” (Blasted, 1995) з апісаннем анальнага згвалтавання, канібалізму і іншых праяваў чалавечай жорсткасці зрабілася найвялікшым тэатральным скандалам з часоў сцэны забівання дзіцяці камянямі ў п’есе Эдварда Бонда. Тэатральныя крытыкі накінуліся на маладога драматурга, назваўшы яе п’есу “агіднай”, а прагляд пастаноўкі – “акунаннем галавы ў памыйнае вядро”. Але “Падарваныя” атрымалі добрыя водгукі ангельскіх драматургаў Марціна Крымпа, Гаральда Пінтэра (у далейшым яе сябра) і Кэрыл Чэрчыль. Яна паспела напісаць яшчэ 4 п’есы, сцэнар да кароткаметражнай стужкі “Скура” (Skin, 1995) і два артыкулы для ангельскага выдання The Guardian.
Памёр Марыс Бланшо (фр. Maurice Blanchot, нар. 22 верасня 1907), французскі пісьменнік, літаратуразнаўца, філосаф. Творчасць Бланшо моцна паўплывала на мысленне постструкруралістаў, такіх як Ж. Дэрыда. У сваіх працах імкнуўся сінтэзаваць вучэнне пра “волю да ўлады” Ніцшэ, экзістэнцыялізм Хайдэгера, суб’ектыўна-экзістэнцыйную дыялектыку Батая, неагегельянства Кожава. Асноўнай сферай зацікаўленняў Бланшо заўжды была літаратура (асабліва творчасць С. Малармэ, Ф. Кафкі). З літаратурных твораў найбольш вядомыя раманы Бланшо “Цёмны Тама” (Thomas l'Obscur, 1941) і “Амінадаў” (Aminadab, 1942). Ад напісання раманаў перайшоў да меншых жанраў, крытычных артыкулаў і эсэ. Шматлікія літаратуразнаўчыя артыкулы Бланшо сабраныя ў кнігах “Латрэамон і дэ Сад” (1949), “Прастора літаратуры” (1955), “Бясконцы дыялог” (1969), “Кафка супраць Кафкі” (1981), і інш. З 1970-х Бланшо пісаў творы на скрыжаванні жанраў, якія складаліся з мастацкіх і філасофскіх фрагментаў.
Памёр Хантэр Стоктан Томпсан (анг. Hunter Stockton Thompson, нар. 18 ліпеня 1937), амерыканскі пісьменнік і журналіст, заснавальнік гонза-журналістыкі. Вядомасць яму прынесла аповесць “Ромавы дзённік” (1968, экранізаваная ў 2011). Папулярызаваў у журналістыцы стыль “гонза”, які вылучаўся аповедам ад першай асобы і глыбока суб’ектыўным апісаннем падзей. Для гэтага журналіст павінен быў асабіста ўдзельнічаць у падзеях, каб потым выкарыстаць свой досвед і эмоцыі для дакладнага апісання і ўзмацнення значнасці таго, што адбывалася. У 1970-я – 1990-я пісаў артыкулы для вядомага часопіса Rolling Stone. Тамсама быў апублікаваны самы вядомы твор пісьменніка – “Страх ды агіда ў Лас-Вегасе. Дзікунская вандроўка ў сэрца амерыканскай мроі” (Fear and Loathing in Las Vegas. A Savage Journey to the Heart of the American Dream, 1971, экранізаваны ў 1998). Томпсан быў вялікім аматарам агнястрэльнай зброі і меў буйную калекцыю. Скончыў жыццё самагубствам, стрэліўшы сабе ў галаву.