№21: Знак прысутнасці

№21: Знак прысутнасці

Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары

Чытаць далей

У гэты дзень, 20 лютага

  • 1894

    Нарадзіўся Яраслаў Івашкевіч (польск. Jarosław Iwaszkiewicz, псеўд. Eleuter; памёр 2 сакавіка 1980), польскі паэт, празаік, драматург, перакладчык. Найбольшай папулярнасцю карыстаецца яго раман “Слава і хвала” (Sława i chwała, 3 тт.– 1956, 1958, 1962), які апісвае жыццё польскай інтэлігенцыі першай паловы XX стагоддзя. Перакладаў на польскую Шэкспіра, Андэрсэна, Гальдоні, Нэруду, Талстога, Чэхава і інш. Некаторыя творы былі экранізаваныя, у прыватнасці, знакамітымі польскімі рэжысёрамі А. Вайдам і Е. Каваляровічам.

  • 1909

    Апублікаваны “Маніфест футурызму”, напісаны італьянскім мастаком Філіпа Тамаза Марынэці. Маніфест быў надрукаваны ў выглядзе платнай аб’явы на першай старонцы французскай газеты Le Figaro. На беларускую мову “Маніфест футурызму” пераклаў Глеб Маліноўскі.

  • 1916

    Памёр Клас Понтус Арнальдсан (шведск. Klas Pontus Arnoldson, нар. 27 кастрычніка 1844), шведскі пісьменнік, журналіст, палітык, сумесна з Фрэдрыкам Баерам лаўрэат Нобелеўскай прэміі міру (1908). Быў заснавальнікам і першым старшынём Шведскага саюза міру і арбітражу, створанага ў 1883 годзе.

  • 1999

    Памерла Сара Кейн (анг. Sarah Kane, нар. 3 лютага 1971), ангельская пісьменніца-драматург. Пакутуючы на маніякальна-дэпрэсіўны сіндром, яна павесілася ў псіхіятрычнай клініцы. Яе першая п’еса “Падарваныя” (Blasted, 1995) з апісаннем анальнага згвалтавання, канібалізму і іншых праяваў чалавечай жорсткасці зрабілася найвялікшым тэатральным скандалам з часоў сцэны забівання дзіцяці камянямі ў п’есе Эдварда Бонда. Тэатральныя крытыкі накінуліся на маладога драматурга, назваўшы яе п’есу “агіднай”, а прагляд пастаноўкі – “акунаннем галавы ў памыйнае вядро”. Але “Падарваныя” атрымалі добрыя водгукі ангельскіх драматургаў Марціна Крымпа, Гаральда Пінтэра (у далейшым яе сябра) і Кэрыл Чэрчыль. Яна паспела напісаць яшчэ 4 п’есы, сцэнар да кароткаметражнай стужкі “Скура” (Skin, 1995) і два артыкулы для ангельскага выдання The Guardian.

  • 2003

    Памёр Марыс Бланшо (фр. Maurice Blanchot, нар. 22 верасня 1907), французскі пісьменнік, літаратуразнаўца, філосаф. Творчасць Бланшо моцна паўплывала на мысленне постструкруралістаў, такіх як Ж. Дэрыда. У сваіх працах імкнуўся сінтэзаваць вучэнне пра “волю да ўлады” Ніцшэ, экзістэнцыялізм Хайдэгера, суб’ектыўна-экзістэнцыйную дыялектыку Батая, неагегельянства Кожава. Асноўнай сферай зацікаўленняў Бланшо заўжды была літаратура (асабліва творчасць С. Малармэ, Ф. Кафкі). З літаратурных твораў найбольш вядомыя раманы Бланшо “Цёмны Тама” (Thomas l'Obscur, 1941) і “Амінадаў” (Aminadab, 1942). Ад напісання раманаў перайшоў да меншых жанраў, крытычных артыкулаў і эсэ. Шматлікія літаратуразнаўчыя артыкулы Бланшо сабраныя ў кнігах “Латрэамон і дэ Сад” (1949), “Прастора літаратуры” (1955), “Бясконцы дыялог” (1969), “Кафка супраць Кафкі” (1981), і інш. З 1970-х Бланшо пісаў творы на скрыжаванні жанраў, якія складаліся з мастацкіх і філасофскіх фрагментаў.

  • 2005

    Памёр Хантэр Стоктан Томпсан (анг. Hunter Stockton Thompson, нар. 18 ліпеня 1937), амерыканскі пісьменнік і журналіст, заснавальнік гонза-журналістыкі. Вядомасць яму прынесла аповесць “Ромавы дзённік” (1968, экранізаваная ў 2011). Папулярызаваў у журналістыцы стыль “гонза”, які вылучаўся аповедам ад першай асобы і глыбока суб’ектыўным апісаннем падзей. Для гэтага журналіст павінен быў асабіста ўдзельнічаць у падзеях, каб потым выкарыстаць свой досвед і эмоцыі для дакладнага апісання і ўзмацнення значнасці таго, што адбывалася. У 1970-я – 1990-я пісаў артыкулы для вядомага часопіса Rolling Stone. Тамсама быў апублікаваны самы вядомы твор пісьменніка – “Страх ды агіда ў Лас-Вегасе. Дзікунская вандроўка ў сэрца амерыканскай мроі” (Fear and Loathing in Las Vegas. A Savage Journey to the Heart of the American Dream, 1971, экранізаваны ў 1998). Томпсан быў вялікім аматарам агнястрэльнай зброі і меў буйную калекцыю. Скончыў жыццё самагубствам, стрэліўшы сабе ў галаву.