Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары
Чытаць далейПамёр сэр Томас Мэлары (анг. Thomas Malory, нар. каля 1405), ангельскі пісьменнік, аўтар (альбо кампілятар) кнігі – зводу артураўскіх легендаў “Смерць Артура” (сярэднефранц. Le Morte Darthur, надрук. 1485), які складаецца з васьмі частак: “Аповесць пра караля Артура” (Fro the Maryage of Kynge Uther unto Kyng Arthure that Regned Aftir Hym and Ded Many Batayles), “Аповесць пра Артура і Луцыя” (The Noble Tale Betwyxt Kynge Arthure and Lucius the Emperor of Rome), “Аповесць пра Ланселота Азёрнага” (The Noble Tale of Sir Launcelot Du Lake), “Аповесць пра сэра Гарэта Аркнейскага” (The Tale of Sir Gareth of Orkney), “Кніга пра Трыстрама” (The Fyrst and the Secunde Boke of Syr Trystrams de Lyones), “Аповесць пра Святы Грааль” (The Noble Tale of the Sankgreal), “Аповесць пра Ланселота і каралеву Гвіневеру” (Sir Launcelot and Queen Gwenyvere), “Смерць Артура” (The Dethe of Arthur).
Памёр Ігнацы Красіцкі (польск. Ignacy Krasicki, нар. 3 лютага 1735), польскі паэт, драматург і публіцыст эпохі Асветніцтва, дзеяч каталіцкай царквы ў Польшчы. Аўтар шматлікіх твораў, разнастайных паводле жанру і тэматыкі. Вядомы як аўтар гераічна-камічных паэмаў “Мышаіда” (Myszeida, 1775), “Манахамахія” (Monachomachia, 1778), “Антыманахамахія” (Antymonachomachia, 1779). Напісаў першы польскі раман “Прыгоды Мікалая Дасвядчыньскага” (Mikołaja Doświadczyńskiego przypadki, 1776). Таксама напісаў некалькі камедый, у якіх часткова пераймаў Мальера.
Нарадзіўся Тэадор дэ Банвіль (фр. Théodore de Banville, поўнае імя – Эцьен Жан Батыст Клод Тэадор Фален дэ Банвіль; памёр 13 сакавіка 1891), французскі паэт-парнасец, драматург, журналіст, крытык. Сябраваў з Бадлерам, Гюго, Гацье, ад якога ўспрыняў ідэю “мастацтва дзеля мастацтва”. Аўтар зборнікаў “Карыятыды” (Les Cariatides, 1842), “Сталактыты” (Les Stalactites, 1846), “Акрабатычныя оды” (Odes funambulesques, 1857), “Выгнаннікі” (Les Exilés, 1867), “Маленькі трактат пра французскую паэзію” (Petit traité de poésie française, 1872) і інш. На вершы Банвіля першыя свае рамансы напісаў Клод Дэбюсі.
Нарадзіўся Александру Мачэдонскі (рум. Alexandru Macedonski, памёр 24 лістапада 1920), румынскі паэт. Фармальныя пошукі ў яго творчасці і наследаванне французскім сімвалістам паклалі пачатак сімвалізму румынскаму. Першы сярод румынскіх паэтаў пачаў пісаць свабодным вершам. Крытыкай разглядаецца як другі пасля Міхая Эмінэску нацыянальны паэт. Асноўныя зборнікі – “Prima verba” (лац. “Першыя словы”, 1872), “Вершы” (Poesii, 1882), “Святарныя кветкі” (Flori sacre, 1912).
Нарадзіўся Алджэрнан Блэквуд (анг. Algernon Henry Blackwood, памёр 10 снежня 1951), ангельскі пісьменнік, класік літаратуры жахаў і жанру ghost stories. Літаратурная кар’ера Блэквуда пачалася, калі яму было 36 гадоў: ён напісаў некалькі апавяданняў без намеру іх друкаваць, але яго сябар, не паведамляючы Блэквуду, аднёс іх выдаўцу, і яны былі прынятыя. Жахі і прывіды былі літаратурнай “спецыяльнасцю” Блэквуда і высока цаніліся паслядоўнікамі. Говард Філіпс Лаўкрафт лічыў Блэквуда настаўнікам і казаў, што той “валодае безумоўным і бясспрэчным уменнем ствараць атмасферу жаху”. Апроч літаратурных твораў былі шырока вядомыя выступы Блэквуда на радыё і тэлебачанні, прысвечаныя звышнатуральным з’явам. Яго называлі “Чалавекам з прывідамі”. Пра сябе Блэквуд пісаў: “У мяне з’явілася вострая цікавасць перш за ўсё да “псіхічных з’яваў”. <...> Сапраўдныя мае інтарэсы заўсёды былі скіраваныя (гэта і цяпер так) на спазнанне межаў чалавечых магчымасцяў, прычым я мяркую, што любы самы звычайны чалавек з вуліцы мае дзіўныя здольнасці, якія ніяк не праяўляюцца ў паўсядзённым жыцці”.
Памёр Карл Густаў Осіянільсан (шведск. Karl Gustav Ossiannilsson, нар. 30 ліпеня 1875), шведскі празаік, паэт і перакладчык. Вядомасць яму прынеслі яго паэтычныя зборнікі “Пяць вершаў” (Fem dikter), “Маскі” (Masker) і “Паганцы” (Hedningar).