Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары
Чытаць далейПамёр Джамбатыста Марына (іт. Giambattista Marino, нар. 18 кастрычніка 1569), вядомы італьянскі паэт, адзін з найвыбітнейшых пачынальнікаў літаратуры барока ў Італіі. Літаратурная спадчына Марына вялікая і неаднастайная. Яго пяру належаць лірычныя вершы, аб’яднаныя ў зборнік “Ліра” (La lira, 1602—1614), празаічныя “Святыя казані” (Dicerie sacre, 1614), зборнік “Галерэя” (La Galeria, 1619), у якім змешчаныя вершаваныя каментары да твораў выяўленчага мастацтва, збор міфалагічных і пастаральных ідылій “Валынка” (La Sampogna, 1620), велізарная эпічная паэма “Адоніс” (L'Adone, 1623), якая выклікала супярэчлівыя водгукі крытыкаў, паэма “Збіванне немаўлятаў” (La strage degli innocenti, 1605). У лірычнай паэзіі Марына стаў заснавальнікам асаблівага кірунку, які атрымаў назву “марынізм”.
Памёр Наваліс (ням. Novalis, сапр. Фрыдрых фон Гардэнберг, нар. 2 траўня 1772), нямецкі празаік, паэт, містык, прадстаўнік нямецкага рамантызму. Уласную філасофію “магічнага ідэалізму” развіваў у паэтычна-філасофскіх “Фрагментах” (1798), аповесці “Вучні ў Саісе” (Die Lehrlinge zu Sais, 1800). Іх асноўная ідэя: свет навукі — штучны, рэчаіснасць спасцігаецца не розумам, а адчуваннем. Самая значная праца — незавершаны раман-міф “Генрых фон Афтэрдзінген” (Heinrich von Ofterdingen, выд. 1802), у якім ідэал гарманічнага чалавека ўвасоблены ў вобразе паэта. Памёр ва ўзросце 29 гадоў ад сухотаў. На беларускую мову Наваліса перакладаў Лявон Баршчэўскі.
Нарадзіўся Егішэ Чарэнц (арм. Եղիշե Չարենց, сапр. Егшэ Сагаманян, памёр 27 лістапада 1937), выбітны армянскі паэт, перакладчык, класік армянскай літаратуры. У 1936 арыштаваны па абвінавачанні ў контррэвалюцыйнай дзейнасці, нацыяналізме і трацкізме, загінуў у ерэванскай турме, пасмяротна рэабілітаваны ў 1950-х гг. Аўтар вершаваных зборнікаў “Тры песні сумнай і бледнай дзяўчыне” (1914), “Блакітнавокая Бацькаўшчына” (1915), перакладаў на армянскую А. Пушкіна, В. Маякоўскага, Ў. Ўітмэна, Ё. В. Гётэ, М. Горкага і інш., сатырычнага рамана “Краіна Наіры” (1926).
Памёр Фрэдэрык Містраль (фр. Frédéric Mistral, нар. 8 верасня 1830), французскі пісьменнік, лексікограф аксітанскай мовы, лаўрэат Нобелеўскай прэміі па літаратуры 1904 году. Аўтар шэрагу невялікіх п'есаў на аксітанскай (правансальскай) мове, знакамітай сельскай паэмы “Мірэй” (Miréio, 1859, з французскім перакладам), за якую атрымаў прэмію Французскай Акадэміі. Містраль быў адным з галоўных арганізатараў руху за адраджэнне правансальскай літаратуры, які атрымаў назву “фелібрыж” (ад правансальскага “фелібр” — паэт).
Нарадзілася Фланэры О’Конар (анг. Mary Flannery O'Connor, памерла 3 жніўня 1964), амерыканскі празаік і публіцыстка ірландскага паходжання. Аўтарка двух раманаў і 32 апавяданняў, а таксама аглядаў і каментароў. Прадстаўніца літаратуры Паўднёвых штатаў, з уласцівым ім стылем “паўднёвай готыкі”.
Нарадзіўся Хаймэ Сабінэс Гуцьерэс (гішп. Jaime Sabines Gutiérrez, памёр 19 сакавіка 1999), мексіканскі паэт, палітык, аўтар дзесяцітомнага збору вершаў, перакладзеных на розныя мовы свету. Лаўрэат Нацыянальнай прэміі па літаратуры 1983 году.
Нарадзілася Юн Чжан (кіт. 張戎, анг. Jung Chang), брытанская пісьменніца кітайскага паходжання, вядомая аўтабіяграфіячным раманам “Дзікія лебедзі” (1992), які зрабіўся міжнародным бэстсэлерам і быў перакладзены на мноія мовы свету. У 2005 выдала біяграфію Маа Цзэдуна “Невядомы Маа”, напісаную ў супрацоўніцтве з мужам.
Памёр Ралан Барт (фр. Roland Barthes, нар. 12 лістапада 1915), французскі літаратуразнаўца, філосаф-структураліст, крытык, семіётык. Заснавальнік Цэнтра па вывучэнні масавых камунікацый (1960), кіраўнік кафедры літаратурнай семіялогіі ў Калеж дэ Франс (з 1977). Загінуў у аўтакатастрофе. Асноўныя працы: “Нулявая ступень пісьма” (Le degré zéro de l'écriture, 1953), “Міфалогіі” (Mythologies, 1957), “Пра Расіна” (Sur Racine, 1963), “Крытычныя нарысы” (Essais critiques, 1964), “Элементы семіялогіі” (Eléments de sémiologie, 1964), “Крытыка і ісціна” (Critique et Vérité, 1966), “S/Z. Досвед даследавання” (S/Z, 1970) і інш.