Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары
Чытаць далейПамёр Мансур Халадж (перс. منصور حلاج, араб. منصور الحلاج, нар. 858), ісламскі багаслоў, містык і пісьменнік з паўднёвага Ірану. Самае вядомае выказванне Халаджа “Я ёсць Ісціна” было ўспрынятае тагачаснымі суфіямі як самаабагаўленне (Ісціна – адно з імёнаў Бога) і прывяло да смяротнага пакарання Халаджа, які пасля зрабіўся амаль легендарнай асобай — яго вучэнне, якое асуджалі сучаснікі, старанна вывучалі і каментавалі нашчадкі.
Памёр Джон Ванбру (анг. John Vanbrugh, дакладная дата нараджэння невядомая, ахрышчаны 24 студзеня 1664), ангельскі драматург і архітэктар, адзін з самых значных прадстаўнікоў ангельскага барока. У 1714 атрымаў ад караля Георга І рыцарскі тытул. Пэўны час праседзеў у французскай турме па падазрэнні ў шпіянажы, за гэты час засвоіў прынцыпы мальераўскай камедыі і напісаў сваю п’есу “Невыпраўляльны, ці Цнота ў небяспецы” (The Relapse, Or, Virtue in Danger). П’еса мела ў Англіі вялікі поспех. Многіх сучаснікаў абурала лёгкасць (“непрыстойнасць”, паводле іх меркавання) п’есаў Ванбру, што не перашкодзіла яму да 40 гадоў перапрацоўваць французскія сюжэты. Аднак у сорак ён нечакана захапіўся архітэктурай і ў далейшым цалкам прысвяціў сябе гэтай галіне мастацтва.
Нарадзіўся Алфрэд Эдвард Хаўсмэн (анг. Alfred Edward Housman, памёр 30 красавіка 1936), ангельскі паэт і філолаг. Хаўсмэн лічыў сябе перадусім навукоўцам і не ставіўся сур’ёзна да сваіх заняткаў паэзіяй, і першы яго зборнік “Шропшырскі хлопец” (A Shropshire Lad, 1896), надрукаваны аўтарам за свой кошт, зрабіўся сапраўдным сюрпрызам для яго сяброў і студэнтаў. Пры жыцці паэта выйшла толькі два зборнікі — другі, “Апошнія вершы” (Last Poems), пабачыў свет у 1922. Пасля смерці было надрукавана яшчэ некалькі зборнікаў, у тым ліку “Кепскае стаўленне да адзінарогаў” (Unkind to Unicorns, 1995), зборнік жартоўных вершаў Хаўсмэна. На вершы Хаўсмэна напісана шмат песняў (асабліва папулярнымі яны былі ў часы Першай сусветнай вайны, бо многія з іх прысвечаныя салдатам і вайне), а Том Стопард зрабіў паэта галоўным героем сваёй п’есы “Вынаходніцтва кахання” (The Invention of Love). Паводле даследаванняў, Хаўсмэн з’яўляецца адным з самых цытаваных аўтараў ангельскай літаратуры ХХ ст. — яго вершы займаюць трэцяе месца пасля Бібліі і твораў Шэкспіра. Вершы А. Э. Хаўсмэна на беларускую мову перакладалі К. Маціеўская, Г. Янкута, І. Гаравая.
Памёр Міхал Годжа (славацк. Michal Hodža, нар. 22 сакавіка 1811), славацкі пісьменнік і кіраўнік славацкага паўстання супраць венграў. Годжа, тэолаг паводле адукацыі, шмат сілаў аддаваў распрацоўцы славацкай мовы, удзельнічаў у выданні славацкіх часопісаў і ў літаратурным жыцці краіны. Імем Міхала Годжы названая галоўная плошча ў сталіцы Славакіі Братыславе.
Нарадзіўся Роберт Фрост (анг. Robert Frost, памёр 29 студзеня 1963), амерыканскі паэт. Першая кніга паэта выйшла ў Вялікабрытаніі, куды пісьменнік з’ехаў разам з сям’ёй, ратуючыся ад нястачы. Там Фрост пазнаёміўся з Эзрам Паўндам. У пачатку Першай сусветнай вайны сям’я Фростаў вярнулася ў ЗША, дзе паэт пачаў паступова заваёўваць вядомасць. Вершы Роберта Фроста на беларускую мову перакладалі В. Вітка і В. Зуёнак. Фрост — аўтар сумнеўнага выслоўя: “Паэзія — гэта тое, што губляецца ў перакладзе”.
Памёр Ўолт Ўітмэн (анг. Walt Whitman, нар. 31 траўня 1819), амерыканскі паэт і публіцыст, які лічыцца рэфарматарам ангельскамоўнай паэзіі. Галоўны твор Ўітмэна — зборнік вершаў “Лісце травы” (Leaves of Grass) — пераробліваўся і дапаўняўся да апошніх гадоў жыцця паэта. Адзін з апошніх вершаў, у якім паэт нібы развітваецца са светам, называецца “Бывай, маё натхненне!”. Вершы Ўітмэна выходзілі па-беларуску двойчы: “Лісце травы: Вершы” (пер. Я. Сіпакоў, 1978) і “Спеў аб Гаяваце: Паэма / Г. Лангфэла. Лісце травы: Вершы / Ў. Ўітмэн” (пер. А. Куляшоў, Я. Сіпакоў, серыя “Скарбы сусветнай літаратуры”, 1994), таксама друкаваліся паасобныя пераклады А. Мардвілкі, А. Мусорына.
Нарадзіўся Тэнесі Ўільямс (анг. Tennessee Williams, памёр 25 лютага 1983), амерыканскі празаік і драматург. Сёлета Тэнесі Ўільямсу — 100 гадоў. Яго п’есы “Шкляны звярынец” (The Glass Menagerie, 1945), “Трамвай “Жаданне” (A Streetcar Named Desire, 1947), “Котка на распаленым даху” (Cat on a Hot Tin Roof) і іншыя шырока вядомыя і ставяцца ў многіх тэатрах свету (так, у беларускім Моладзевым тэатры ідзе “Шкляны звярынец”, праўда, па-руску), па многіх п’есах Ўільямса знятыя фільмы. На беларускую мову п’есу “Шкляны звярынец” (пад назвай “Шкляныя звярунчыкі”) пераклала В. Калацкая, асобныя вершы — Юля Цімафеева і Марыя Мартысевіч.
Нарадзіўся Жак Фрынс (нід. Jacques Vriens), нідэрландскі пісьменнік. Ужо з дзяцінства Фрынс пачаў пісаць п’есы і разам з сябрамі ставіць іх у адным з пакояў гатэля, які належаў яго бацькам. Ужо тады Жак зразумеў, што пісаць — гэта здорава, а таму працягнуў займацца гэтым і ў сталым узросце. На сённяшні дзень Жак Фрынс — аўтар шэрагу раманаў (у асноўным для дзяцей і моладзі), якія хаця і вылучаюцца звычайна вясёлым сюжэтам, часта закранаюць і сур’ёзныя праблемы — разводы, расізм, сэксуальнасць, невылечныя хваробы і інш.
Нарадзіўся Патрык Зюскінд (ням. Patrick Süskind), нямецкі пісьменнік, вядомы перадусім дзякуючы раману “Парфума” (Das Parfum, 1985). Аднак Зюскінд зрабіўся знакамітым пасля выхаду свайго першага твора, аднаактоўкі “Басэтля” (Der Kontrabass, 1981). Творы Зюскінда перакладзеныя больш чым на 46 моваў, а паводле “Парфумы” не толькі зняты нашумелы фільм “Парфума: Гісторыя аднаго забойцы” (2006), але і рок-опера “Парфумер” (Расія, 2008, музыка Ігара Дэмарына, лібрэта Юрыя Рыбчынскага). Раман “Парфума”, а таксама аповесць “Двубой” і “Басэтлю” на беларускую мову пераклаў В. Сёмуха.
Нарадзіўся Хай Цзы (кіт. 海子, памёр 26 сакавіка 1989), самы значны кітайскі паэт у эпоху пасля культурнай рэвалюцыі. У гэты ж дзень праз 25 гадоў паэт здзейсніў самагубства. Пісаць вершы Хай Цзы пачаў у студэнцкія гады, пасля заканчэння ўніверсітэта ён дасылаў свае творы ў многія выданні, але амаль нічога так і не было надрукавана – вядомасць прыйшла да яго толькі пасля смерці. Усе вершы Хай Цзы пасля смерці былі надрукаваныя самым вялікім кітайскім выдавецтвам. Самагубства паэта часам звязваюць з яго зацікаўленнем тыбецкімі практыкамі цыгун.
Нарадзіўся Марцін Мак-Донах (анг. Martin McDonagh), ірландскі драматург, аўтар шэрагу п’есаў для тэатру. Брат Марціна вырашыў зрабіцца пісьменнікам, але ў яго не атрымалася, і гэта падштурхнула самога Марціна паспрабаваць пісаць. Доўгі час яго п’есы і сцэнары нідзе не прымаліся, але ў 1997 годзе яго “Каралеву прыгажосці” (напісаную ўсяго за восем дзён) паставілі на Брадвеі, і гэта зрабіла Мак-Донаха папулярным сцэнарыстам і драматургам.
Памёр Лінь Юйтан (кіт. 林語堂, нар. 10 кастрычніка 1895), кітайскі пісьменнік, філосаф і навуковец. Кніга пісьменніка “Мая краіна і мой народ” (1935), напісаная па-ангельску, па версіі The New York Times зрабілася адным з найлепшых сусветных бэстсэлераў. Пераклаў шмат класічных кітайскіх твораў на ангельскую мову, дапамагаў у распрацоўцы друкаркі для кітайскай мовы. З 1969 году зрабіўся прэзідэнтам кітайскага ПЭН-клубу, а пасля – віцэ-прэзідэнтам міжнароднага ПЭН-клубу, у 1975 годзе быў намінаваны на Нобелеўскую прэмію за раман “Імгненне ў Пекіне”.