№21: Знак прысутнасці

№21: Знак прысутнасці

Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары

Чытаць далей

У гэты дзень, 31 сакавіка

  • 1284

    Біскуп Элі засноўвае Пітэрхаўс — самы стары і самы маленькі каледж Кембрыджскага ўніверсітэта.

  • 1621

    Нарадзіўся Эндру Марвэл (анг. Andrew Marvell, памёр 16 жніўня 1678), ангельскі паэт, адзін з апошніх прадстаўнікоў школы метафізікаў і адзін з першых майстроў ангельскага класіцызму. Адзін з самых вядомых вершаў Марвэла — “Нораў галандцаў” (напісаны падчас ангельска-нідэрландскай вайны), у якім ворагі ганьбуюцца ўсімі магчымымі спосабамі і дзе выяўляецца тагачасны нацыянальны стэрэатып, нібыта ўсе нідэрландцы — п’яніцы і грубіяны. Зрэшты, у тагачаснай нідэрландскай паэзіі таксама хапае такіх ганьбаванняў ангельцаў (напрыклад, аўтарства Ёста ван дэн Вондэла). Вялікімі прыхільнікамі творчасці Эндру Марвела, які доўгі час заставаўся ў цені Мілтана і Драйдэна, былі Томас Стэрнс Эліят (ён фактычна адкрыў Малвэла наноў чытацкай публіцы) і Уладзімір Набокаў.

  • 1631

    Памёр Джон Дон (анг. John Donne, нар. 21 студзеня 1572), ангельскі паэт і найбуйнейшы прадстаўнік метафізічнага кірунку. Вяршынямі творчасці Дона лічаць цыклы санетаў “La Corona” (1607 — 1609) і “Пабожныя санеты” (Holy Sonnets). Творы Дона пры жыцці самога пісьменніка не выдаваліся (ён сам не хацеў іх друкаваць), а распаўсюджваліся ў рукапісах. Першая кніга Дона выйшла пасмяротна ў 1633 годзе. На беларускую мову вершы Дона перакладалі Андрэй Хадановіч, Лявон Баршчэўскі, Наталля Ламека.

  • 1670

    Памёр Якаб Вестэрбан (нід. Jacob Westerbaen, нар. 7 верасня 1599), нідэрландскі пісьменнік, сябра класіка нідэрландскай літаратуры Залатога стагоддзя Канстантэйна Хёйгенса. Вестэрбан пісаў вершы, у якіх выступаў супраць артадаксальных святароў, і пераасэнсоўваў у п’есах сюжэты, пазычаныя ў замежных аўтараў, пераважна камедыйныя (фактычна, пераказваў іх па-нідэрландску).

  • 1809

    Нарадзіўся Эдвард Фіцджэралд (анг. Edward FitzGerald, памёр 14 чэрвеня 1883), ангельскі пісьменнік і перакладчык, вядомы больш за ўсё дзякуючы свайму перакладу “Рубаята” Амара Хаяма. Фіцджэралд быў вельмі дасціпным чалавекам, хаця і надзвычай сціплым, і сваёй індывідуальнасцю моцна паўплываў на тагачасную ангельскую белетрыстыку. Вядомая наступная показка пра Фіцджэралда. З гадамі пісьменнік расчараваўся ў хрысціянстве і перастаў хадзіць у царкву. З гэтай нагоды мясцовы пастар наведаў яго, і Фіцджэралд праінфармаваў святара, што рашэнне адысці ад царквы для яго — вынік доўгіх і цяжкіх развагаў. Калі пастар пачаў пратэставаць і настойваць на сваім меркаванні, пісьменнік паказаў на дзверы са словамі: “Сэр, вы мусіце разумець, што чалавек у маім узросце шмат думае пра такія рэчы. Думаю, што я разважаў пра гэта не менш за Вас. А таму няма ніякай неабходнасці ў яшчэ адным візіце”.

  • 1838

    Нарадзіўся Леон Д’еркс (фр. Léon Dierx, памёр 12 чэрвеня 1912), французскі паэт, адзін з паслядоўных пераймальнікаў Леконта дэ Ліля і самы характэрны прадстаўнік парнаскай школы. Пасля смерці Малармэ ў 1898 годзе абраны каралём паэтаў. Самае вялікае значэнне мае першы зборнік Д’еркса “Стуленыя вусны” (Les lèvres closes, 1867), а таксама “Гаворыць пераможаны” (Paroles du vaincu, 1871). Верш Д’еркса “Стары самотнік” (Le Vieux Solitaire) — адзін з найважнейшых “адпраўных пунктаў” “П’янага карабля” Арцюра Рэмбо, у якім ёсць шматлікія адсылкі да тэксту Д’еркса. Рускі пераклад “Старога самотніка”, зроблены Яўгеніем Віткоўскім, можна пачытаць тут.

  • 1855

    Памерла Шарлота Бронтэ (анг. Charlotte Brontë, нар. 21 красавіка 1816), ангельская пісьменніца, сястра пісьменніц Эмілі і Эн Бронтэ. Ужо ў дзяцінстве Шарлота Бронтэ вельмі шмат пісала (частка яе ювеналіяў дагэтуль перавыдаецца). Самыя вядомыя раманы пісьменніцы напісаныя ў сталым узросце — “Джэн Эйр”, “Шэрлі”, “Гарадок” і “Настаўнік”. Раман “Эма” застаўся незавершаным, аднак яго дапісала Канстанс Сэйверы (вельмі беражліва паставіўшыся да спадчыны Шарлоты Бронтэ) і выдала пад аўтарствам “Шарлота Бронтэ і Іншая Лэдзі (Another Lady), апроч гэтага, раман дапісала таксама Клер Бойлен і назвала яго “Эма Браўн”.

  • 1876

    Нарадзіўся Барысаў Станкавіч (сербск. Борисав Бора Станковић, памёр 22 кастрычніка 1927), сербскі празаік, які пісаў у рэчышчы рэалізму. Самыя вядомыя яго творы — раман “Нячыстая кроў” (Nečista krv) і драма “Каштана” (Koštana), многія сцэны ў якой пазычаныя з сербскага фальклору і дзе адлюстраваныя сербскія патрыярхальныя традыцыі. П’еса ставіцца ў тэатрах Сербіі да сёння, апроч гэтага, сербскі кампазітар Петар Канёвіч (Petar Konjović) напісаў паводле яе оперу.

  • 1882

    Нарадзіўся Карней Чукоўскі (руск. Корней Чуковский, сапр. Мікалай Карнейчукоў, памёр 28 кастрычніка 1969), рускі пісьменнік, крытык, літаратуразнаўца і перакладчык. У 1930-я гады Чукоўскі шмат займаўся тэорыяй мастацкага перакладу і ўласна перакладамі на рускую мову (М. Твэн, О. Ўайлд, Р. Кіплінг і інш.), у тым ліку ў выглядзе пераказаў для дзяцей. Адным з любімых аўтараў Чукоўскага быў Ўолт Ўітмэн — праца над перакладамі Ўітмэна дапамагла яму перажыць смерць сына.

  • 1914

    Нарадзіўся Актавіё Пас (гішп. Octavio Paz, пам. 19 красавіка 1998), мексіканскі пісьменнік, перакладчык, культуролаг, лаўрэат Нобелеўскай прэміі 1990 году. Пас дэбютаваў кнігай вершаў “Дзікі месяц” (1933), а пасля выдання зборніка “Яны не пройдуць!” (1936) зблізіўся з французскімі сюррэалістамі. З канца 1940-х гадоў парваў з левымі сіламі і выдаў у Аргентыне матэрыялы пра сталінскія лагеры, чым выклікаў нападкі камуністычнай і леварадыкальнай прэсы (у тым ліку Ж.-П. Сартра). Сусветную славу Актавіё Пасу прынесла першая яго кніга прозы — зборнік эсэ пра нацыянальную гісторыю і мексіканскі характар “Лабірынт самоты” (1950). Вершы Актавіё Паса на беларускую мову перакладалі Юля Цімафеева і Макс Шчур.

  • 1914

    Памёр Крысціян Маргенштэрн (ням. Christian Morgenstern, нар. 6 траўня 1871), нямецкі пісьменнік і перакладчык. Асаблівую папулярнасць мае ягоная гумарыстычная лірыка. Маргенштэрн шмат перакладаў: так, летам 1897 году ён на замову пераклаў з французскай мовы аўтабіяграфічны раман Аўгуста Стрындберга “Inferno”, а ў кастрычніку 1897 году падпісаў кантракт на пераклад твораў Генрыка Ібсэна (хаця на той момант яшчэ не ведаў нарвежскай мовы). Каб вывучыць мову, пэўны час жыў у Нарвегіі і неаднаразова сустракаўся з самім Ібсэнам.

  • 1926

    Нарадзіўся Джон Фаўлз (анг. John Fowles, памёр 5 лістапада 2005), ангельскі пісьменнік, адзін з самых выбітных прадстаўнікоў постмадэрнізму. Апроч сусветна вядомых раманаў, што прынеслі пісьменніку не толькі славу, але і матэрыяльны дастатак, што дазволіла яму з 1963 году цалкам прысвяціць сябе літаратурнай дзейнасці, Фаўлз выдаў зборнік вершаў (1973) і шэраг перакладаў з французскай мовы, у тым ліку казкі “Папялушка”, рамана Клэр дэ Дзюра “Урыка” і сярэднявечнай аповесці “Элідзюк”. На беларускую мову перакладзенае апавяданне Фаўлза “Нябога Како” (“Крыніца”, №7, 2001, пер. В. Судлянкова).

  • 1933

    Нарадзіўся Нікіта Стэнэску (рум. Nichita Stănescu, памёр 13 снежня 1983), адзін з самых значных румынскіх паэтаў другой паловы ХХ ст., які атрымаў шэраг літаратурных узнагародаў, у тым ліку быў намінаваны на Нобелеўскую прэмію 1980 году. Тройчы быў жанаты (яго вяселлі адбыліся ў 1952, 1962 і 1982 гадах). Памёр ад гепатыту ва ўзросце 50 гадоў.

  • 1934

    Нарадзілася Камала Дас Сурая (малаялам കമലാ സുരയ്യ, памерла 31 траўня 2009), індыйская пісьменніца, якая пісала на дзвюх мовах ангельскай і малаялам — і была вядомая перадусім дзякуючы сваім апавяданням і аўтабіяграфіі. Шэраг твораў пісьменніцы прысвечаны тэме жаночай сэксуальнасці і таемных жаданняў. Імя Камала Дас пісьменніца змяніла на Камала Сурая пасля таго, як ва ўзросце 65 гадоў перайшла ў іслам, што было досыць нечакана для жанчыны яе поглядаў. Потым пісьменніца прызнавалася, што мяняць рэлігію не мае ніякага сэнсу.

  • 1938

    Памёр Вілем Клос (нід. Willem Kloos, нар. 6 траўня 1859), нідэрландскі паэт і літаратурны крытык. Клос быў адным з заснавальнікаў вельмі ўплывовага ў Нідэрландах літаратурнага “Руху васьмідзясятага” (Beweging van Tachtig), ці “васьмідзясятнікаў”, што дзейнічаў у Амстэрдаме ў 1880-х гадах і змагаўся ў першую чаргу за індывідуалізм у творчасці і “мастацтва дзеля мастацтва”. І хаця пісаць Клос, які дажыў да 79 гадоў, скончыў досыць рана, бо пакутаваў на алкагалізм і ў 1895 годзе быў нават шпіталізаваны, яго раннія творы ўвайшлі ў канон нідэрландскай літаратуры (асноўны корпус яго твораў напісаны паміж 1880 і 1885 гадамі).

  • 1948

    Памёр Эган Эрвін Кіш (ням. Egon Erwin Kisch, нар. 29 красавіка 1885), чэшска-нямецкі пісьменнік і журналіст. У пачатку літаратурнай дзейнасці Кіш далучыўся да пісьменнікаў-габрэяў — Пражскага гуртка (Ф. Кафка, М. Брод, Э. Вайс і інш.). Пісьменнік надаў жанру газетнага нарыса характар мастацкай публіцыстыкі і распрацаваў новы тып нарыса-эсэ. У 1923 годзе Кіш склаў анталогію “Класічная журналістыка”. У артыкулах і ў кнізе “Апантаны рэпарцёр” (1924) і асабліва ў аўтабіяграфічным “Кірмашы сенсацыяў” (1942) выклаў свае думкі пра эстэтычную і маральную адказнасць журналіста і пра рэпартаж “як форму мастацтва і барацьбы”. Мінуламу габрэяў Прагі Кіш прысвяціў зборнік “Апавяданні пра сем гета” (1934), а ў нарысе “Індзейская вёска пад зоркай Давіда” (зб. “Адкрыцці ў Мексіцы”, 1945) апавёў пра знойдзеную ім групу так званых індзейскіх габрэяў , якія лічаць сябе нашчадкамі маранаў.