Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары
Чытаць далейПамёр Мацей Казімір Сарбеўскі (польск. Maciej Kazimierz Sarbiewski, нар. 24 лютага 1595), выбітны новалацінскі паэт Еўропы, прызнаны тэарэтык літаратуры. Скончыў Віленскую езуіцкую акадэмію, удасканальваў веды ў Германіі і Італіі. У 1612 г. уступіў у ордэн езуітаў. Выкладаў у Полацкім і Нясвіжскім езуіцкіх калегіюмах, у Віленскай езуіцкай акадэміі. З 1635 году – каталіцкі прапаведнік пры двары караля Рэчы Паспалітай Уладзіслава ІV. Аўтар зборнікаў “Тры кнігі лірычных вершаў”, (Lyricorum libri III, 1625), “Чатыры кнігі лірычных вершаў” (Lyricorum libri IV, 1634), трактатаў па рыторыцы, паэтыцы і антычнай міфалогіі, якія ўвайшлі ў зборнікі, выдадзеныя ў Польшчы на лацінскай і польскай мовах: “Пра дасканалую паэзію, або Вергілій і Гамэр” (De perfecta poesi, надрук. у 1954), “Лекцыі па паэтыцы” (Characteres lyrici, надрук. у 1958), “Багі язычнікаў”, (Dii gentium, надрук. у 1972). Яго даследаванні па паэтыцы, драматургіі, красамоўстве, міфалогіі былі на ўзроўні найлепшых еўрапейскіх працаў таго часу і зрабілі ўплыў на выкладанне гэтых навук на Беларусі і Літве. Вершы Сарбеўскага перакладзеныя на ангельскую, нямецкую, французскую мовы, на польскую яго перакладаў У. Сыракомля.
Памёр Паўль Флемінг (ням. Paul Fleming, нар. 5 кастрычніка 1609), адзін з найвыбітнейшых лірыкаў нямецкага барока, доктар паводле адукацыі. Яго паэзія вылучаецца жыццярадасным успрыняццем быцця і ў той жа час характэрным для лірыкі барока адчуваннем яго хісткасці.
Нарадзіўся Джакома Казанова (іт. Giacomo Girolamo Casanova, памёр 4 чэрвеня 1798), вядомы італьянскі авантурыст, вандроўнік і пісьменнік. У 1789 годзе ён пачаў пісаць мемуары, апісваючы сваё жыццё, поўнае разнастайных прыгодаў, — “Гісторыя майго жыцця”, якія прынеслі яму сусветную славу. У 1822 — 1828 гг. быў выдадзены скарочаны пераклад яго мемуараў па-нямецку. У 1826 — 1838 гг. выйшла французскае выданне ў апрацоўцы Ж. Лафорга, у якім былі скарочаныя сэксуальныя прыгоды (у прыватнасці, выкінутыя ўсе гомасэксуальныя эпізоды), а таксама змененая палітычная афарбоўка мемуараў — з каталіка і перакананага праціўніка рэвалюцыі, якім ён быў насамрэч, Казанова ператварыўся ў палітычнага і рэлігійнага вальнадумца. Сапраўдны тэкст Казановы выдадзены толькі ў 1960-я гады. У 2010 годзе рукапіс дзённікаў быў прададзены з аўкцыёну за 7 мільёнаў еўра.
Нарадзіўся Ганс Хрысціян Андэрсэн (дацк. Hans Christian Andersen, памёр 4 жніўня 1875), дацкі празаік і паэт, аўтар знакамітых казак для дзяцей. Усё жыццё Андэрсэн хацеў стаць добрым акторам, затым драматургам і раманістам, але сусветная слава прыйшла да яго менавіта дзякуючы дзіцячым казкам, якія яшчэ пры жыцці пісьменніка вытрымалі шмат перавыданняў. Аднак Андэрсэн, не кідаючы іх пісаць, пагарджаў казкамі, якія так моцна яго праславілі. Ён злаваўся, калі яго называлі дзіцячым казачнікам, і казаў, што піша не толькі для дзяцей, але і для дарослых. З гэтай жа прычыны ён загадаў, каб на яго помніку, дзе першапачаткова казачніка мусілі атачаць дзеці, не было ніводнага дзіцяці. Апошнюю сваю казку ён напісаў на Каляды 1872 году. У тым жа годзе ён упаў з ложка і моцна разбіўся. Не ачуняўшы ад траўмаў, Андэрсэн пражыў яшчэ тры гады.
Нарадзіўся Эміль Заля (фр. Émile Zola, памёр 29 верасня 1902), французскі пісьменнік, заснавальнік тэарэтык натуралістычнага кірунку ў літаратуры. Заля быў у цэнтры літаратурнага жыцця Францыі апошняй траціны XIX ст. і быў звязаны з найбуйнейшымі пісьменнікамі таго часу (“Абеды пяцёх” (1874) з удзелам Гюстава Флабэра, Івана Тургенева, Альфонса Дадэ і Эдмона Ганкура). Таксама браў удзел у знакамітым зборніку “Меданскія вечары” (1880) — разам з Жарысам Карлам Гюісмансам, Гі дэ Мапасанам і іншымі. Памёр, атруціўшыся ўгарным газам, паводле афіцыйнай версіі, праз няспраўнасць коміну. Яго апошнімі словамі, звернутымі да жонкі, былі: “Мне кепска, галава расколваецца. Глядзі, і сабака хворы. Мабыць, мы нешта з’елі. Нічога, усё пройдзе. Не трэба нікога турбаваць…” Сучаснікі падазравалі, што гэта магло быць забойства, аднак бясспрэчных доказаў гэтай тэорыі знайсці не ўдалося.
Памёр Пауль Хайзэ (ням. Paul Johann Ludwig von Heyse, нар. 15 сакавіка 1830), нямецкі пісьменнік, лаўрэат Нобелеўскай прэміі па літаратуры за 1910 год. Нобелеўскую прэмію ён атрымаў “за мастацкасць, ідэалізм, якія ён дэманстраваў цягам усяго свайго доўгага і прадуктыўнага творчага шляху ў якасці лірычнага паэта, драматурга, раманіста і аўтара вядомых усяму свету навелаў”. Хайзэ выдаў 24 тамы навелаў, 6 раманаў, каля 60 п’есаў і 9 паэтычных зборнікаў.
Нарадзіўся Віктар Шымук, беларускі пісьменнік і перакладчык. Літаратурную працу пачаў у 1949 г. Для дзяцей напісаў паэму “Каля Броннай гары” (1960), зборнікі вершаў “Мы вясне дапамагалі” (1962), “Дочкі сіняга Нёмана” (1964), “Марылі пра шчасце хлапчукі” (паэмы, 1981). Аўтар зборнікаў вершаў “Свіцязянскія хвалі” (1968), “Світанне” (1972), “Святло красавіцкіх бяроз” (1983), “Спелы жнівень” (1990), сатырычных вершаў “Ад хаты да хаты” (1983). Аўтар зборніка апавяданняў “Помняць пушчы і паляны” (1969). На шэраг вершаў В. Шымука напісаныя песні. Таксама займаўся перакладамі, пісаў крытычныя матэрыялы пра творчасць беларускіх пісьменнікаў і паэтаў. Памёр у 1998 годзе.
Памёр Пімен Панчанка (нар. 23 жніўня 1917), Народны паэт Беларусі. Лаўрэат Літаратурнай прэміі імя Янкі Купалы (1959) за “Патрыятычную песню”, Дзяржаўнай прэміі БССР імя Янкі Купалы (1967) за кнігу вершаў “Пры святле маланак”, Дзяржаўнай прэміі СССР (1981) за кнігу вершаў “Где ночует жаворонок” (Масква, 1979). Перакладаў на беларускую мову творы А. Міцкевіча, М. Нагнібеды, Я. Райніса, Ф. Шылера і інш.