Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары
Чытаць далейНарадзіўся Іпацій Пацей (памёр 18 ліпеня 1613), беларускі царкоўны і дзяржаўны дзеяч, пісьменнік. Аўтар палемічных твораў на старабеларускай і польскай мовах у абарону уніі: “Унія...” (1595), “Справядлівае апісанне ўчынкаў і справы сінодавае” (1597), “Размова берасцяніна з братчыкам” (1604), “Уваскрослы Налівайка” (1607), “Ерасі, невуцтва і палітыка папоў і мяшчан віленскага брацтва”, “Гармонія...”, “Рэляцыя” (усе —1608), вялікай колькасці прамоваў, павучанняў і інш.
Памёр Жак Басюэ (фр. Jacques Bossuet, нар. 27 верасня 1627), французскі багаслоў, пісьменнік, біскуп, ідэолаг галіканства. Вучні, што разам з ім наведвалі калеж, назвалі яго bos suetus aratro, “бык, звыклы да плуга” — да канца жыцця Басюэ заставаўся вельмі працавітым чалавекам. Басюэ называлі “апошнім бацькам Царквы”, бо ён падняў жанр казані на новы ўзровень. Ён разнастаіў свае казані па стылі і танальнасці, а таксама лічыў, што прапаведнік мусіць мець глыбокія веды. Самыя вядомыя творы Басюэ — “Казань пра Боскую волю” (1662) і “Казань пра боскасць рэлігіі” (1665).
Памёр Клод Крэбіён, альбо Крэбіён-сын (фр. Claude Prosper Jolyot de Crébillon, нар. 14 лютага 1707), французскі пісьменнік, сын паэта і драматурга Праспэра Жаліё дэ Крэбіёна. Вучыўся ў езуіцкім калежы, аднак ад уступлення ў ордэн ухіліўся. Шэраг твораў Крэбіёна-сына адносіцца да папулярных у той час эпісталярных раманаў: “Лісты маркізы М*** графу Р***” (Lettres de la Marquise de M*** au Comte de R***, 1732), “Афінскія лісты” (Lettres athéniennes, 1771) і да т.п. “Усходні” раман “Шумоўка, альбо Танзаі і Неадарнэ” (L’Écumoire ou Tanzaï et Néadarné, 1734) выклікаў скандал і абвінавачанні ў рэлігійнай і палітычнай крамоле, за што яго аўтар ненадоўга трапіў у турму. Апроч таго, Крэбіён у гэтым рамане высмеяў стыль рамана Марыво “Жыццё Марыяны”, за што “дачакаўся” непрыхільных заўвагаў у свой адрас у чацвертай частцы рамана Марыво “Шчаслівы селянін”. Праз наступны “ўсходні” раман “Сафа” (Le Sopha, 1742), уплыў якога вельмі адчуваецца ў “Нясціплых скарбах” Дзідро, Крэбіён быў высланы з Парыжу. Самы знакаміты твор Крэбіёна, раман “Аблуды сэрца і розуму” (Les Égarements du cœur et de l’esprit, 1736 – 1738), расказвае гісторыю “выхавання пачуццяў” маладога чалавека, які засвойвае галантную навуку, і папярэднічае “Небяспечным сувязям” Шадэрло дэ Лакло.
Памёр Метастазіё (іт. Metastasio, сапр. П’етра Антоніё Даменіка Трапасі, нар. 13 студзеня 1698), італьянскі драматург і лібрэтыст. Ужо ў 10 гадоў рабіў вялікія поспехі ў паэтычнай імправізацыі, чым прыцягнуў увагу паэта Гравіны, які яго ўсынавіў. Менавіта Гравіна даў яму псеўданім Метастазіё (пераклад прозвішча Трапасі на грэцкую мову; “trapasso” з італьянскай — пераход, пераправа і нават смерць). Метастазіё напісаў некалькі дзясяткаў операў, і яго імя праславіла італьянскі тэатр. У XVIII ст. драму, прызначаную для музычнага выканання, называлі менавіта операй, а не лібрэта, — такія ўзоры драмы могуць мець вялікую мастацкую каштоўнасць нават без музычнага суправаджэння. Шмат у чым гэта было заслугай Метастазіё.
Нарадзіўся Хасэ Гацье Бенітэс (гішп. José Gautier Benítez, памёр 24 студзеня 1880), пуэртарыканскі паэт, які ўважаецца за найлепшага нацыянальнага рамантыка. Збор яго вершаў быў апублікаваны пасмяротна, у 1880-м.
Памёр Крысціян Фрэдэрык Луі Лейпалт (афр. Christiaan Frederik Louis Leipoldt, нар. 28 снежня 1880), паўднёваафрыканскі пісьменнік, які лічыцца адным з самых значных творцаў ПАР “Другога руху” — пакалення творцаў, што пісалі на афрыкаанс, такім чынам распрацоўваючы мову і ўводзячы яе ў літаратурны ўжытак адразу пасля Другой англа-бурскай вайны. Лейпалт пісаў вершы, раманы, п’есы, апавяданні, кнігі для дзяцей, падарожныя нататкі і нават кулінарныя кнігі і працы па батаніцы і дыеталогіі. Паэт Дыдэрык Ёханэс Оперман назваў яго “самым шматгранным творцам”. На беларускую мову вершы Лейпалта перакладалі Кацярына Маціеўская і Ганна Янкута.