Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары
Чытаць далейПамёр Сімон Дах (ням. Simon Dach, нар. 29 ліпеня 1605), нямецкі паэт, вядомы перш за ўсё як аўтар словаў да песні “Анхен з Тараў”, дагэтуль папулярнай у Германіі, Аўстрыі і Швейцарыі. У 1637 годзе ў царкве вёскі Тараў вянчаліся пастар Ёган Патрацый і дачка мясцовага пастара Марціна Нендэра Анхен. Даха запрасілі на вяселле, і ў якасці падарунка ён напісаў гэты верш. Пры жыцці Даха верш не быў заўважаны, але калі праз сто гадоў Гердэр пераклаў яго на літаратурную нямецкую мову, а Зільхер напісаў музыку, песня зрабілася папулярнай і набыла статус народнай.
Нарадзіўся Генры Джэймс (анг. Henry James, памёр 28 лютага 1916), амерыканскі пісьменнік і філосаф, які за год да смерці атрымаў брытанскае грамадзянства. Пісьменнік пачаў пісаць у рэалістычным жанры, аднак потым звярнуўся да жанру містычнага апавядання пра прывідаў, якому надаў адмысловую вусцішнасць, выкарыстаўшы прыём “ненадзейнага апавядальніка”. Самы вядомы твор Джэймса ў гэтым жанры — аповесць “Паварот вінта” (1989). Джэймс лічыцца папярэднікам мадэрнізму — складаная, суб’ектыўная проза Джэймса мяжуе з “плынню свядомасці”.
Нарадзіўся Роберт Вальзэр (ням. Robert Walser, памёр 25 снежня 1956), швейцарскі паэт і празаік, які пісаў на нямецкай мове. Дэбютаваў у 1898 на старонках бернскай газеты Der Bund як паэт, пасля зблізіўся з колам мадэрнісцкага часопіса Die Insel (там выдаваліся Гафмансталь, Ведэкінд, Метэрлінк, Рыльке, Стрындберг і інш.), дзе публікаваў свае вершы і апавяданні. У 1904 у выдавецтве Insel выйшаў яго першы раман “Сачыненні Фрыца Кохера” (Fritz Kochers Aufsätze). Вальзэр напісаў аўтабіяграфічныя раманы “Суўдзельнік” (Der Gehülfe, 1908, экранізаваны ў 1976), “Якаб фон Гунтэн” (Jacob von Gunten, 1909, двойчы экранізаваны), шэраг навелаў і мініяцюраў, якія былі высока ацэненыя іншымі пісьменнікамі, але не знайшлі шырокага чытацкага прызнання.
Нарадзіўся Мікалай Гумілёў (руск. Николай Гумилёв, расстраляны ў жніўні 1921), рускі паэт, празаік, драматург, перакладчык і літаратурны крытык, салдат і падарожнік, улюбёнец жанчын і рыцар, Вялікі Муг (Велімуг — прозвішча паэта, прачытанае наадварот) і сіндык “Цэху паэтаў”, тэарэтык акмеізму (літаратурнага напрамку, які Гумілёў супрацьпастаўляў сімвалізму і пра які пісаў у артыкуле “Спадчына сімвалізму і акмеізму”: “Заўсёды памятаць пра неспасцігальнае, але не абражаць сваю думку пра яго больш ці менш імавернымі здагадкамі — вось прынцып акмеізму”) і адзін з арганізатараў Петраградскага аддзелу Усерасійскага саюзу пісьменнікаў. Па падрадкоўніках Уладзіміра Шылейкі, спецыяліста па Старажытным Усходзе, свайго сябра і другога мужа Ганны Ахматавай, пераклаў “Песню пра Гільгамеша”; сам перакладаў з ангельскай (Ў. Шэкспір, О. Ўайлд, Р. Браўнінг, Р. Саўці, С. Колрыдж), французскай (Т. Гацье, Ш. Бадлер, Ф. Віён, Ж.-М. дэ Эрэдыя, А. Рэмбо), італьянскай (Дж. Леапардзі), нямецкай (Г. Гайнэ) моваў. Летам 1921 году Гумілёў быў арыштаваны па абвінавачанні ва ўдзеле ў контррэвалюцыйнай арганізацыі (так званая “Таганцаўская змова”) і расстраляны. Месца ягонага пахавання дагэтуль невядомае.
Памёр Гастон Леру (фр. Gaston Leroux, нар. 6 траўня 1868), французскі пісьменнік, майстар дэтэктыўнага жанру. Самыя вядомыя яго раманы — “Таямніца Жоўтага пакоя” (Le Mystère de la chambre jaune, 1907) і “Прывід Оперы” (Le Fantôme de l’Opéra, 1910), якія неаднакроць экранізаваліся.
Нарадзіўся Томас Транстромер (шведск. Tomas Tranströmer), адзін з найбуйнейшых шведскіх паэтаў ХХ стагоддзя. Паводле асноўнай прафесіі — доктар-псіхолаг, таксама прафесійны піяніст. Жыве ў Стакгольме. Аўтар 12 кніг вершаў і прозы, сярод якіх “17 вершаў” (17 dikter, 1954), “Вокны і камяні” (Klanger och spår, 1966), “Для жывых і мёртвых” (För levande och döda, 1989) і інш. Перакладаў на шведскую мову творы французскіх сюррэалістаў.
Памёр Сэсар Вальеха (гішп. César Abraham Vallejo Mendoza, нар. 16 сакавіка 1938), перуанскі паэт, празаік, драматург, журналіст. Нягледзячы на тое, што пры жыцці выйшла толькі тры яго кнігі, лічыцца адным з найвялікшых паэтычных наватараў XX стагоддзя. Першая кніга вершаў “Чорныя геральды” (Los heraldos negros) выйшла ў 1919 годзе, другая — “Асалода” (Trilce) — у 1922 годзе. У 1923 Вальеха пераехаў на сталае жыццё ў Парыж, зблізіўся з французскімі, гішпанскімі і лацінаамерыканскімі сюррэалістамі (Вісэнтэ Ўідобрам, Пабла Нэрудам, Трыстанам Тцара). Захоплены падзеямі гішпанскай грамадзянскай вайны, піша шмат вершаў, якія ўвайшлі ў апошні зборнік “Гішпанія, адвядзі ад мяне чару гэтую” (España, aparta de mí este cáliz, 1937). Беларускамоўныя пераклады твораў паэта, выкананыя Рыгорам Барадуліным, выйшлі кнігай “Чорныя геральды” ў 1993 годзе, якую можна спампаваць на нашым сайце.
Памёр Жан-Поль Сартр (фр. Jean-Paul Sartre, нар. 21 чэрвеня 1905), французскі філосаф-экзістэнцыяліст, пісьменнік. Літаратурную дзейнасць пачаў з рамана “Млосць” (La Nausée, 1938). У 1964 годзе Сартру была прысуджаная Нобелеўская прэмія па літаратуры “за багатую ідэямі, прасякнутую духам свабоды і пошукамі ісціны творчасць, якая зрабіла велізарны ўплыў на наш час”. Ён адмовіўся прыняць гэтую ўзнагароду, заявіўшы пра нежаданне быць чым-небудзь абавязаным якому-небудзь сацыяльнаму інстытуту і паставіць пад сумнеў сваю незалежнасць.
Памёр Жан Жэнэ (фр. Jean Genet, нар. 19 снежня 1910), французскі паэт, празаік, драматург, рэжысёр. Літаратурную творчасць распачаў у 1940-х гадах. Паказ гомасэксуальных стасункаў і апісанне жыцця злачынцаў прывялі да таго, што ў 1950-х гг. некаторыя кнігі Жэнэ былі забароненыя ў ЗША. Сядзеў Жэнэ, дарэчы, часцей за ўсё за выкраданне з крамаў кніг (Пруста, напрыклад). Аўтар раманаў “Божая Маці кветак” (Notre-Dame-des-Fleurs), “Цуд пра ружу” (Miracle de la rose), “Керэль з Брэста” (Querelle de Brest), “Пахавальныя ўрачыстасці” (Pompes funèbres), “Дзённік злодзея” (Journal du voleur), паэмы “Смяротнік” (Le Condamné à mort), п’есаў “Служанкі” (Les Bonnes), “Яна” (Elle), “Балкон” (Le Balcon) і інш. У 1950 годзе зняў кароткаметражны фільм “Песня кахання” (Un Chant d’Amour).