Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары
Чытаць далейПамёр Джордж Гордан Байран, шосты лорд Байран (анг. George Gordon Byron, нар. 22 студзеня 1788), ангельскі паэт і драматург, адзін з найбуйнейшых прадстаўнікоў рамантызму. Знакаміты сваімі эксцэнтрычнымі паводзінамі арыстакрата, вялікімі пазыкамі, шматлікімі любоўнымі драмамі і добраахвотнай высылкай. За ўдзел у вайне супраць Атаманскай імперыі лічыцца нацыянальным героем Грэцыі, дзе памёр ад ліхаманкі. З імем Байрана звязаны новы тып светаўспрымання і паводзінаў жыхароў Еўропы ў пачатку XIX стагоддзя — байранізм, спалучэнне расчаравання ў рэчаіснасці, адчування катастрафічнасці быцця, страты ідэалаў, духу бунтарства. Вядомы творамі “Паломніцтва Чайлд-Гарольда” (Childe Harold's Pilgrimage, 1818), “Дон Жуан” (Don Juan, 1819 — 1824, няскончаны). На беларускую мову творы Байрана выдаваліся асобнымі кнігамі двойчы: у 1963 і 1989 гг. Сярод перакладчыкаў — Р. Барадулін, Ю. Гаўрук, У. Дубоўка, Г. Дубянецкая, У. Караткевіч, М. Лужанін, Я. Семяжон, М. Танк, Э. Агняцвет, Е. Лось, М. Аўрамчык. Уладзімір Скарынкін пераклаў на беларускую мову паэму “Прароцтва Дантэ” (The Prophecy of Dante, 1819) і раман у вершах “Дон Жуан”.
Нарадзіўся Хасэ Эчэгарай-і-Эйсагірэ (гішп. Jose Echegaray Y Eizaguirre, памёр 14 верасня 1916), гішпанскі драматург, лаўрэат Нобелеўскай прэміі па літаратуры (1904). Напісаў каля 60 п’есаў, якія карысталіся папулярнасцю ў гішпанскіх тэатрах. Амаль палова з іх напісаная вершам. Найбольш вядомымі сталі “Вар’яцтва або святасць” (O locura o santidad, 1877) і “Вялікі Галеота” (El gran Galeoto, 1881). Яго творчасць высока ацэньваў Б. Шоў, у той час як крытыкі ставіліся да яго неадназначна, а пісьменнікі “пакалення 1898 году” папракалі ў перайманні Ібсэна і залішнім сентыменталізме. У 1894 г. Эчэгарай быў абраны ў Гішпанскую каралеўскую акадэмію, а ў 1904 г. атрымаў Нобелеўскую прэмію сумесна з Ф. Містралем “за шматлікія заслугі ў адраджэнні традыцый гішпанскай драмы”.
Нарадзіўся Веньямін Каверын (руск. Вениамин Каверин, сапр. Зільбер; памёр 2 траўня 1989), рускі савецкі пісьменнік. Творчы псеўданім узяты ў гонар гусара П. П. Каверына, прыяцеля маладога Пушкіна, вядомага гулякі і задзіры. Найбольш вядомыя творы — раманы “Исполнение желаний” (2 кн., 1935 — 1936), “Два капитана” (кн. 1-2, 1938 — 1944), трылогія “Открытая книга” (1953 — 1956). Два апошніх творы неаднаразова экранізаваліся, а за “Двух капітанаў” пісьменнік атрымаў Сталінскую прэмію другой ступені (1946). Магчыма, гэта ўратавала яго ад рэпрэсій. Каверын дамагаўся літаратурнай рэабілітацыі Тынянава і Булгакава, выступаў у абарону Даніэля і Сіняўскага, падтрымліваў Салжаніцына.
Памёр Ладзіслаў Кліма (чэшск. Ladislav Klíma, нар. 8 жніўня 1878), чэшскі філосаф, празаік, паэт і драматург. Найбольшая частка філасофскіх поглядаў пісьменніка адлюстраваная ў яго кнізе “Свет як свядомасць і нішто” (Svět jako vědomí a nic), а самым яго знакамітым творам лічыцца раман “Пакуты князя Штэрненгоха” (Utrpení knížete Sternenhocha). Шматлікія рукапісы Ладзіслава Кліма былі адрэдагаваныя і выдадзеныя ўжо пасля яго смерці, уключна з яго апавяданнямі і лістамі. Шмат што Кліма знішчыў сам. Яго апавяданне “Што пасля смерці” (Jak bude po smrti) на беларускую мову пераклаў Макс Шчур. Неўзабаве мае выйсці кніга перакладаў твораў Л. Кліма.
Памёр Ежы Анджаеўскі (польск. Jerzy Andrzejewski, нар. 19 жніўня 1909), польскі пісьменнік. Намінаваўся на Нобелеўскую прэмію па літаратуры, але не атрымаў яе. У сваіх творах часта закранаў тэму пошуку сапраўдных духоўных каштоўнасцяў у жыцці чалавека. Яго творы часта экранізаваліся, найбольш вядомыя экранізацыі зрабіў знакаміты польскі рэжысёр А. Вайда — паводле рамана “Попел і дыямент” (Popiół i diament, 1948) і аповесці “Вялікі тыдзень” (Wielki tydzień). Анджаеўскі выведзены ў вобразе Альфы ў “Скутым розуме” Чэслава Мілаша.
Памерла Дафна Дзюмар’е (анг. Daphne du Maurier, нар. 13 траўня 1907), ангельская пісьменніца. Пісала дэтэктыўныя і гістарычныя раманы, апавяданні ў жанры псіхалагічнага трылера, а таксама біяграфіі і п’есы. Яе самы знакаміты раман “Рэбека” (Rebecca, 1938) з’яўляецца класічным гатычным раманам. Шмат твораў Дзюмар’е было экранізавана: апавяданне “Птушкі” (The Birds, 1952) стала вядомым дзякуючы фільму А. Хічкока, які выйшаў у 1963 г., таксама апавяданне “Не азірайся” (Don't Look Now, экр. у 1973 г.), раманы “Рэбека” (экранізаваны 11 разоў), “Карчма “Ямайка” (Jamaica Inn, 1936), “Мая кузіна Рэйчэл” (My Cousin Rachel, 1951).
Памёр Актавіё Пас (гішп. Octavio Paz Lozano, нар. 31 сакавіка 1914), мексіканскі пісьменнік, перакладчык, культуролаг, лаўрэат Нобелеўскай прэміі 1990 году. Пас дэбютаваў кнігай вершаў “Дзікі месяц” (1933), а пасля выдання зборніка “Яны не пройдуць!” (1936) зблізіўся з французскімі сюррэалістамі. З канца 1940-х гадоў парваў з левымі сіламі і выдаў у Аргентыне матэрыялы пра сталінскія лагеры, чым выклікаў нападкі камуністычнай і леварадыкальнай прэсы (у тым ліку Ж.-П. Сартра). Сусветную славу Актавіё Пасу прынесла першая яго кніга прозы — зборнік эсэ пра нацыянальную гісторыю і мексіканскі характар “Лабірынт самоты” (1950). Вершы Актавіё Паса на беларускую мову перакладалі Юля Цімафеева і Макс Шчур.
Памёр Рэджыналд Роўз (анг. Reginald Rose, нар. 10 снежня 1920), амерыканскі празаік, драматург і сцэнарыст. Аўтар сцэнару да фільма “12 раззлаваных мужчын” (Twelve Angry Men, 1957) Сідні Люмета.
Памёр Джэймс Грэм Балард (анг. James Graham Ballard, нар. 15 лістапада 1930), ангельскі пісьменнік, адзін з найбуйнейшых прадстаўнікоў ангельскай літаратуры другой паловы XX стагоддзя. Вялікі ўплыў на яго творчасць зрабіла мастацтва сюррэалізму. Спачатку вядомасць яму прынеслі навукова-фантастычныя апавяданні і раманы, пазней — псіхапаталагічныя трылеры. Найбольш вядомыя з іх — “Аўтакатастрофа” (Crash, 1973; экранізаваны ў 1996) і “Імперыя сонца” (Empire of the Sun, 1984; экранізаваны С. Спілбергам у 1987).