№21: Знак прысутнасці

№21: Знак прысутнасці

Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары

Чытаць далей

У гэты дзень, 24 красавіка

  • 1731

    Памёр Даніэль Дэфо (анг. Daniel Defoe, нар. каля 1660), ангельскі пісьменнік і публіцыст, вядомы перш за ўсё як аўтар “Рабінзона Круза”. Дэфо лічаць адным з першых прыхільнікаў рамана як жанру. За сваё жыццё ён напісаў больш чым 500 кніг, памфлетаў, часопісаў на самыя розныя тэмы. Таксама быў пачынальнікам эканамічнай журналістыкі.

  • 1815

    Нарадзіўся Энтані Тролап (анг. Anthony Trollope, памёр 6 снежня 1882), ангельскі пісьменнік, адзін з найбольш паспяховых аўтараў віктарыянскай эпохі. У сваіх творах Тролап адлюстроўваў праблемы свайго часу — палітычныя, сацыяльныя і сямейныя.

  • 1845

    Нарадзіўся Карл-Фрыдрых Георг Шпітэлер (ням. Carl Friedrich Georg Spitteler, псеўд. Карл Фелікс Тандэм; памёр 29 снежня 1924), швейцарскі паэт, лаўрэат Нобелеўскай прэміі па літаратуры 1919 году “за непараўнальны эпас “Алімпійская вясна”.

  • 1905

    Нарадзіўся Роберт Пэн Ўорэн (анг. Robert Penn Warren, памёр 15 верасня 1989), амерыканскі паэт, празаік, літаратурны крытык. У 1957 годзе яму былі прысуджаныя Нацыянальная кніжная і Пулітцэраўская прэміі за кнігу вершаў “Абяцанні” (Promises). Вяршыняй яго творчасці лічыцца раман “Уся каралеўская раць” (All the King’s Men, 1946) — даследаванне кар’еры дэмагога з амерыканскага Поўдня, прататыпам якога лічыцца губернатар Луізіяны Х’ю Лонг. Раман атрымаў Пулітцэраўскую прэмію ў 1947 годзе.

  • 1941

    Памерла Карын Бое (шведск. Karin Boye, нар. 26 кастрычніка 1900), шведская пісьменніца. Найбольш вядомая вершамі, пісала таксама раманы і эсэ. Ва ўніверсітэце Упсалы вывучала грэцкую і скандынаўскія мовы, а таксама гісторыю літаратуры. Дэбютавала ў 1922 годзе яна дэбютавала са зборнікам вершаў “Воблака” (Moln). Лічыцца прыналежнай да другога пакалення мадэрністаў. Памерла ад звышдозы снатворнага, скончыўшы жыццё самагубствам. Паводле дакументаў Гётэборгскага архіву, Карын Бое знайшлі нежывой ля валуна на пагорку на поўначы Алінгсоса. На беларускую мову вершы Карын Бое перакладала Алеся Башарымава.

  • 1947

    Памерла Віла Картэр (анг. Willa Seibert Cather, нар. 7 снежня 1873), амерыканская пісьменніца. У 1923 годзе атрымала Пулітцэраўскую прэмію за раман “Адзін з нашых” (One of Ours, 1922), дзеянне якога адбываецца ў гады Першай сусветнай вайны.

  • 1977

    Нарадзіўся Сяргей Балахонаў, беларускі пісьменнік, аўтар рамана “Імя грушы”.

  • 1980

    Памёр Алеха Карпенцьер (гішп. Alejo Carpentier, нар. 26 снежня 1904), кубінскі пісьменнік, журналіст, музыка і музыказнаўца. Па матчынай лініі далёкі сваяк Канстанціна Бальмонта. Разам з Мігелем Анхелем Астурыясам напісаў творы, якія перадвызначылі з’яўленне ў лацінаамерыканскай літаратуры магічнага рэалізму і наступны выбух цікавасці да такой літаратуры ў свеце. Апошні раман Карпенцьера “Вясна святарная” (1978) названы паводле балета Стравінскага.