№21: Знак прысутнасці

№21: Знак прысутнасці

Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары

Чытаць далей

У гэты дзень, 27 красавіка

  • 1759

    Нарадзілася Мэры Ўолстанкрафт (анг. Mary Wollstonecraft, памерла 10 верасня 1797), брытанская пісьменніца, перакладчыца, філосаф і феміністка, маці пісьменніцы Мэры Шэлі. У сваіх раманах Ўолстанкрафт крытыкуе патрыярхальны, на яе думку, інстытут шлюбу і яго шкоднае ўздзеянне на жанчын. У першым яе рамане, “Мэры” (Mary: A Fiction, 1788), гераіня вымушаная з матэрыяльных прычынаў уступіць у шлюб без кахання; сваё жаданне любові яна кампенсуе па-за шлюбам гарачымі рамантычнымі стасункамі: сяброўствам з жанчынай і каханнем з мужчынам. Няскончаны раман “Марая, або Жаночыя памылкі” (Maria; or, The Wrongs of Woman, 1798), выдадзены пасмяротна, лічыцца самай радыкальна-феміністычнай працай Ўолстанкрафт.

  • 1882

    Памёр Ралф Ўолда Эмерсан (анг. Ralph Waldo Emerson, нар. 25 траўня 1803), амерыканскі паэт, эсэіст і філосаф, заснавальнік трансцэндэнталізму, ідэі якога выказаныя перш за ўсё ў эсэ “Прырода” (Nature, 1936). Эмерсан моцна паўплываў на развіццё амерыканскай думкі і літаратуры — лібералы яго пакалення лічылі яго сваім духоўным лідарам. Уплыў Эмерсана прасочваецца ў творчасці Ў. Ўітмэна, Г. Тора, Н. Готарна, Г. Мэлвіла, у больш позні перыяд — у Э. Дыкінсан, Э. А. Робінсана і Р. Фроста. У Еўропе Эмерсан таксама быў папулярны — яго творы чыталі Ф. Ніцшэ, М. Метэрлінк, А. Бергсон, Ш. Бадлер.

  • 1900

    Памёр Францішак Багушэвіч (нар. 21 сакавіка 1840), беларускі паэт, грамадскі дзеяч, адзін з пачынальнікаў новай беларускай літаратуры. Актыўны ўдзельнік паўстання 1863 — 1864 гадоў. Пад псеўданімамі Мацей Бурачок і Сымон Рэўка з-пад Барысава выдаў свае вершаваныя зборнікі “Дудка беларуская” (1891) і “Смык беларускі” (1894), апавяданне “Тралялёначка” (1892). Лёс іншых твораў Багушэвіча — зборнікаў “Скрыпачка беларуская” і “Беларускія апавяданні Бурачка” — дагэтуль невядомы. У публіцыстычных прадмовах і праграмных вершах Багушэвіч выказаў асноватворныя прынцыпы ідэалогіі нацыянальнага вызвалення. Праблему мовы ён вылучаў як асноўную праблему нацыянальнага жыцця, лічыў нацыянальную мову найважнейшай формай выяўлення духоўнасці народа, найбольш устойлівай, асноўнай прыкметай нацыі.

  • 1953

    Памерла Мод Гон (ірл. Maud Ghoinn, анг. Maud Gonne, нар. 21 снежня 1866), ірландская рэвалюцыянерка, акторка і феміністка, больш за ўсё вядомая дзякуючы сваім стасункам з Ўільямам Батлерам Ейтсам, які доўгі час быў у яе закаханы і прысвяціў ёй многія вершы.

  • 1995

    Памёр Вілем Фрэдэрык Хэрманс (нід. Willem Frederik Hermans, нар. 1 верасня 1921), нідэрландскі празаік, адзін з “Вялікай тройкі” (разам з Герардам Рэве і Хары Мюлішам) нідэрландскіх пісьменнікаў другой паловы ХХ ст. На творчасць Хэрманса моцна паўплывала Другая сусветная вайна і акупацыя Нідэрландаў Германіяй — самыя значныя і буйныя творы пісьменніка, экзістэнцыялісцкія раманы “Слёзы акацыяў” (De tranen der acacia's, 1949) і “Цёмны пакой Дамокла” (De donkere kamer van Damokles, 1958), прысвечаныя вайне. У 1986 Хэрманс быў прызнаны ў Амстэрдаме персонай нон-грата праз наведванне ім у 1983 г. Паўднёвай Афрыкі, дзе ў гэты час праводзілася палітыка апартэіду. Жанаты з “каляровай” жанчынай, Хэрманс не прызнаў свае віны і таму змог пабываць у сваёй краіне толькі ў 1993 годзе. У 1990 годзе зрабіўся ганаровым доктарам Льежскага ўніверсітэта, у 1993 — універсітэта ў Прэторыі (ПАР).

  • 1998

    Памёр Карлас Кастанэда (гішп. Carlos Castaneda, нар. 25 снежня 1925, 1931 або 1935), амерыканскі пісьменнік і антраполаг, доктар філасофіі, этнограф, мысляр эзатэрычнай скіраванасці, містык, аўтар кніг, прысвечаных шаманізму. Кастанэда трымаў многія факты сваёй біяграфіі ў таямніцы, а таму існуе шмат версіяў і здагадак адносна яго біяграфіі. Сам пісьменнік паставіў перад сабой мэту сцірання прыватнай гісторыі, а таму забараняў фатаграфаваць сябе, здымаць на відэа ці запісваць на дыктафон падчас інтэрв’ю і лекцыяў. Паўплываў і працягвае ўплываць на многіх сучасных аўтараў, у тым ліку В. Пялевіна, Л. Дэрэша і інш.