Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары
Чытаць далейПамёр Марк Анэй Лукан (лац. Marcus Annaeus Lucanus, нар. 3 лістапада 39), рымскі паэт, самы значны рымскі эпік пасля Вергілія. Пляменнік Сэнэкі. Большасць твораў Лукана — паэма “Арфей” (вядомая яшчэ ў Сярэднявеччы), “Іліякон” (пра Траянскую вайну і смерць Гектара), “Катахтаніён”, “Сатурналіі”, трагедыі “Медэя” і многае іншае — да нас не дайшлі. Захавалася толькі адна эпіграма і няскончаная паэма “Фарсалія, альбо Пра грамадзянскую вайну” (Bellum civile sive Pharsalia) у 10 кнігах.
Нарадзіўся Янка Журба (сапр. Іван Івашын, памёр 7 студзеня 1964), беларускі паэт, педагог, перакладчык. Пераклаў на беларускую мову раман Ф. Дастаеўскага “Бедныя людзі” (1930).
Нарадзіўся Яраслаў Гашак (чэшск. Jaroslav Hašek, памёр 3 студзеня 1923), чэшскі пісьменнік-сатырык, драматург. Аўтар прыкладна 1500 разнастайных апавяданняў, фельетонаў і інш. Сусветную славу Я. Гашак здабыў няскончаным раманам “Прыгоды бравага салдата Швейка”. Першае беларускае выданне "Швейка" з’явілася ў 1931 — 1932 гадах, перакладчыкамі выступілі М. Зарэцкi, М. Лужанiн, К. Крапiва, Л. Калюга (праўда, пераклад быў зроблены з рускай мовы). У 1998 годзе выйшаў новы пераклад “Прыгодаў Швейка”, выкананы Аляксандрам Мажэйкам.
Нарадзіўся Оке Ходэл (шведск. Åke Hodell, памёр 29 ліпеня 2000), шведскі паэт, пісьменнік, кампазітар і мастак. Пачынаў кар’еру ваеннага пілота, але пасля аварыі надоўга трапіў у лазарэт. Гэта цалкам змяніла яго погляды на жыццё, ён зрабіўся антымілітарыстам, што паўплывала на яго творчасць. У гэты час ён пачаў пазнаёміўся з выбітным шведскім паэтам Гунарам Экелёфам. Ягоным дэбютам быў зборнік вершаў “Пілот у палёце” (Flyende pilot). Пазней заснаваў выдавецтва “Цэрбер” (Kerberos).
Памёр Алфрэд Эдвард Хаўсмэн (анг. Alfred Edward Housman, нар. 26 сакавіка 1859), ангельскі паэт і філолаг. Хаўсмэн лічыў сябе перадусім навукоўцам і не ставіўся сур’ёзна да сваіх заняткаў паэзіяй, і першы яго зборнік “Шропшырскі хлопец” (A Shropshire Lad, 1896), надрукаваны аўтарам за свой кошт, зрабіўся сапраўдным сюрпрызам для яго сяброў і студэнтаў. Пры жыцці паэта выйшла толькі два зборнікі — другі, “Апошнія вершы” (Last Poems), пабачыў свет у 1922. Пасля смерці было надрукавана яшчэ некалькі зборнікаў, у тым ліку “Кепскае стаўленне да адзінарогаў” (Unkind to Unicorns, 1995), зборнік жартоўных вершаў Хаўсмэна. На вершы Хаўсмэна напісана шмат песняў (асабліва папулярнымі яны былі ў часы Першай сусветнай вайны, бо многія з іх прысвечаныя салдатам і вайне), а Том Стопард зрабіў паэта галоўным героем сваёй п’есы “Вынаходніцтва кахання” (The Invention of Love). Паводле даследаванняў, Хаўсмэн з’яўляецца адным з самых цытаваных аўтараў ангельскай літаратуры ХХ ст. — яго вершы займаюць трэцяе месца пасля Бібліі і твораў Шэкспіра. Вершы А. Э. Хаўсмэна на беларускую мову перакладалі К. Маціеўская, Г. Янкута, І. Гаравая.
Памёр Эрнэста Сабата (гішп. Ernesto Sábato, нар. 24 чэрвеня 1911), адзін з найбуйнейшых аргентынскіх пісьменнікаў ХХ ст., эсэіст, мастак. Лаўрэат прэміі імя Сервантэса па літаратуры (1984). Вядомы як аўтар раманаў “Тунэль” (El túnel, 1948), “Пра герояў і магілы” (Sobre héroes y tumbas, 1961).