Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары
Чытаць далейНарадзіўся Альфонс Дадэ (фр. Alphonse Daudet, памёр 16 снежня 1897), французскі раманіст і драматург, стваральнік яркіх аповедаў з жыцця Праванса, стваральнік знакамітага вобраза зухвала і рамантыка Тартарэна з Тараскона. Слава прыйшла да пісьменніка пасля выхаду зборніка “Лісты з майго млына” (Lettres de Mon Moulin, 1869). Раман “Незвычайныя прыгоды Тартарэна з Тараскона” (Tartarin de Tarascon) друкаваліся ўрыўкамі з 1869 па 1870 гады, а ў 1872 годзе выйшлі асобнай кнігай. У 30 гадоў Дадэ зрабіўся самым знакамітым французскім пісьменнікам. Многія яго творы маюць фальклорную аснову.
Нарадзілася Дафна Дзюмар’е (анг. Daphne du Maurier, памерла 19 красавіка 1989), ангельская пісьменніца. Пісала дэтэктыўныя і гістарычныя раманы, апавяданні ў жанры псіхалагічнага трылера, а таксама біяграфіі і п’есы. Яе самы знакаміты раман “Рэбека” (Rebecca, 1938) з’яўляецца класічным гатычным раманам. Шмат твораў Дзюмар’е было экранізавана: апавяданне “Птушкі” (The Birds, 1952) стала вядомым дзякуючы фільму А. Хічкока, які выйшаў у 1963 г., таксама апавяданне “Не азірайся” (Don't Look Now, экр. у 1973 г.), раманы “Рэбека” (экранізаваны 11 разоў), “Карчма “Ямайка” (Jamaica Inn, 1936), “Мая кузіна Рэйчэл” (My Cousin Rachel, 1951).
Памёр Шалом-Алейхем (ідыш שלום-עליכם, сапр. Саламон (Шалом) Навумавіч (Нахумавіч) Рабіновіч, нар. 2 сакавіка 1859), габрэйскі пісьменнік, драматург, асветнік, адзін з пачынальнікаў літаратуры на ідыш, у тым ліку дзіцячай. З 1883 году піша толькі на ідыш (за выняткам некалькіх апавяданняў на рускай і іўрыце). Сваёй мэтай ён бачыў асвету, а іўрыт ведалі нямногія. Крытыкі называлі яго габрэйскім Маркам Твэнам за падабенства стыляў і любоў да літаратуры для дзяцей. Пазней, пры асабістай сустрэчы, Марк Твэн адзначыў, што лічыць сябе амерыканскім Шалом-Алейхемам. Памёр пісьменнік у Нью-Ёрку.
Памёр Мікола Хвылявы (укр. Микола Хвильовий, нар. 13 снежня 1893), украінскі празаік, паэт, публіцыст, адзін з заснавальнікаў украінскай паслярэвалюцыйнай літаратуры, аўтар выслоўя “Геть від Москви!” На беларускую мову апавяданні Хвылявога перакладалі Уладзь Лянкевіч і Ганна Міхальчук.
Памёр Р. К. Нараян (тамільск. ராசிபுரம் கிருஷ்ணசுவாமி அய்யர் நாராயணசுவாமி, нар. 10 кастрычніка 1906), індыйскі пісьменнік, адзін з самых значных ангельскамоўных пісьменнікаў Індыі. Нараян дабіўся поспеху дзякуючы свайму сябру і настаўніку Грэму Грыну, які судзейнічаў выданню яго першых кніг. Дзеянне большасці твораў Нараяна адбываецца ў выдуманым гарадку Малгудзі — упершыню гэты горад з’яўляецца ў рамане “Свамі і сябры” (Swami and Friends, 1935), і таму пісьменніка часта параўноўваюць з Ўільямам Фолкнэрам.