№21: Знак прысутнасці

№21: Знак прысутнасці

Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары

Чытаць далей

У гэты дзень, 2 чэрвеня

  • 1701

    Памерла Мадлен дэ Скюдэры (фр. Madeleine de Scudéry, нар. 15 лістапада 1607), французская пісьменніца, прадстаўніца прэцыёзнай літаратуры. Мадлен дэ Скюдэры не была асаблівай прыгажуняй; замуж яна не выйшла па перакананні, аддаючы перавагу платанічнаму пачуццю (гарантыя свабоды ад шлюбнай сувязі). У гэтым сэнсе яе можна лічыць папярэдніцай фемінізму. “Сапфо” (мянушка пісьменніцы) набыла еўрапейскую славу; у 1695 г. Людовік XIV загадаў выбіць медаль з яе выявай. Кар'еру пісьменніцы пачала ў 1641 г. Усе свае галантна-гераічныя раманы друкавала пад іменем брата (частка гэтых раманаў была напісаная ў суаўтарстве з ім).

  • 1740

    Нарадзіўся маркіз дэ Сад (поўнае імя Данасьен Альфонс Франсуа дэ Сад, фр. Donatien Alphonse François de Sade, памёр 2 снежня 1814), французскі пісьменнік і філосаф. Быў прапаведнікам абсалютнай свабоды, не абмежаванай ні маральнасцю, ні рэлігіяй, ні правам. Асноўнай каштоўнасцю жыцця лічыў спатолю імкненняў асобы. Яго імя дало назву панятку “садызм” — сэксуальнаму задавальненню праз прычыненне болю іншаму чалавеку. Перад смерцю маркіз дэ Сад напісаў тэстамент, у якім папрасіў пахаваць яго ў лесе і насыпаць на яго магілу жалудоў, каб дарога да яго магілы была забытая, а само імя яго сцерлася з памяці людзей. Дэ Сад памёр у Шарантоне ад астматычнага прыступу, смерць яго была мірнай. Яго перадсмяротная воля была парушаная: цела маркіза было адкрытае; Ленарман, па ўсім відаць, мясцовы святар, не быў папярэджаны, і дэ Сада па хрысціянскім звычаі пахавалі на могілках у Сэн-Марысе. Паводле іншай версіі, яго пахавалі ў глухім куце яго ўласнага маёнтка.

  • 1840

    Нарадзіўся Томас Гардзі (анг. Thomas Hardy, памёр 11 студзеня 1925), ангельскі раманіст і паэт. Скандальную вядомасць і непрыязнасць віктарыянскага грамадства яму прынеслі раманы “Тэс з роду д’Эрбервіляў” (Tess of the d'Urbervilles, 1891) і “Джуд Незаўважны” (Jude the Obscure, 1895). Пасля выхаду апошняга раманаў больш не пісаў. Быў жанаты двойчы, другім шлюбам — з дзіцячай пісьменніцай Флорэнс Дагдэйл. Яны ажаніліся ў 1914 годзе, калі Гардзі было 74, а Флорэнс — 35. Пахаваны Гардзі ў Вестмінстэрскім абацтве, а ягонае сэрца — у магіле першай жонкі Эмы.

  • 1857

    Нарадзіўся Карл Адольф Г’елеруп (дацк. Karl Adolph Gjellerup, памёр 13 кастрычніка 1919), дацкі паэт і празаік. Некаторыя яго творы надрукаваныя пад псеўданімам Эпігонас (анг. Epigonos). Лаўрэат Нобелеўскай прэміі па літаратуры (1917) — “за разнастайнаую паэтычную творчасць і ўзнёслыя ідэалы”.

  • 1876

    Памёр Хрыста Боцеў (балг. Христо Ботев, нар. 6 студзеня 1848), балгарскі паэт, рэвалюцыянер і нацыянальны герой змагання супраць турэцкага іга. На беларускую мову вершы Боцева перакладаў Алесь Разанаў.

  • 1881

    Памёр Эміль Літрэ (фр. Émile Littré, нар. 1 лютага 1801), французскі лексікограф і філосаф, найперш вядомы як складальнік слоўніка французскай мовы, агульнавядомага як “Літрэ” (Le Littré). Працу над слоўнікам ён працягваў каля 30 гадоў. Акрамя таго, Эміль Літрэ пераклаў на французскую ўсе творы Гіпакрата, творы Плінія, Давіда Штраўса, Ёгана Петэра Мюлера.

  • 1905

    Нарадзіўся Юрка Віцьбіч (сапр. Серафім Шчарбакоў, памёр 6 студзеня 1975), беларускі пісьменнік, публіцыст, краязнаўца і дзеяч эміграцыі ў Амерыцы.