Ці можна знайсці большага ПрайдзіСвета, чымся перакладчык, большага пройды і блудзягі, палусвета і авантурніка? Ён ходзіць-бадзяецца з торбаю па свеце, усё шукае нечага, імкнецца зразумець, а тады, як у родную мясціну завітае, то апавядае, што бачыў, што чуў.
Чытаць далейПамёр Луіш дэ Камоэнш (парт. Luís Vaz de Camões, нар. каля 1524), партугальскі паэт, аўтар паэмы “Лузіяды” (Os Lusíadas, 1556), якая ўсхваляе адкрыццё Індыі. Паэма ўяўляе сабой нацыянальны эпас, які апявае ўсё, што складае славу партугальцаў, — усе выбітныя гістарычныя падзеі, расказвае пра адкрыццё, якое здзейсніў Васка да Гама, уплятаючы ў аповед эпізоды з даўнейшай і пазнейшай партугальскай гісторыі. Гарачы патрыёт, Камоэнш імкнуўся абяссмерціць гераічныя ўчынкі і нацыянальныя традыцыі сваіх суайчыннікаў. Паэма перакладзеная на большасць еўрапейскіх моваў, на некаторыя з іх — некалькі разоў. Дзень смерці Камоэнша адзначаецца як Дзень Партугаліі — Дзень Камоэнша.
Памёр Жасінт Вэрдагер (катал. Jacint Verdaguer i Santaló, нар. 17 траўня 1845), каталонскі паэт, адзін з найбуйнейшых у каталонскай літаратуры, выбітны прадстаўнік каталонскага нацыянальнага Адраджэння. Быў святаром, шмат падарожнічаў. Вяртаючыся з плавання на Кубу, напісаў эпічную паэму “Атлантыда” (L'Atlàntida, 1876), якая прынесла яму славу. Праз два гады, падчас падарожжа ў Рым, паэт меў аўдыенцыю ў папы рымскага Льва XIII, дзе абмяркоўвалася гэтая паэма. У 1883 г. Вердагер напісаў “Оду Барселоне” (A Barcelona), якую гарадская рада раздрукавала ў ста тысячах экзэмпляраў. У 1886 г. біскуп Маргадас вянчаў Вердагера як “Паэта Каталоніі”.
Нарадзіўся Сол Бэлаў (анг. Saul Bellow, памёр 5 красавіка 2005), амерыканскі празаік і эсэіст. Паходзіў з габрэйскай сям’і, якая эмігравала ў Канаду з Расійскай імперыі за некалькі гадоў да нараджэння пісьменніка. Першапачаткова прозвішча ягоных бацькоў гучала як “Бэлоўс”, але пасля пераезду было амерыканізаванае. Калі Сол Бэлаў быў яшчэ малым, сям’я пераехала з Квебеку ў Чыкага (ЗША). Пісьменніцкую кар’еру Бэлаў пачаў з публікацыі літаратурных аглядаў і мастацкіх перакладаў з ідыш. У 1976 годзе Сол Бэлаў атрымаў Нобелеўскую прэмію па літаратуры “за гуманістычную пранікнёнасць і тонкі аналіз сучаснай культуры, што арганічна спалучаюцца ў ягонай творчасці”.
Памёр П’ер Лаці (фр. Pierre Loti, сапр. Луі Мары Жульен В’ё, нар. 14 студзеня 1850), французскі пісьменнік і афіцэр, стваральнік жанру каланіяльнага рамана. Папулярнасць яму прынёс ягоны першы раман “Азіядэ” (1879) — гісторыя кахання флоцкага афіцэра-француза і турчанкі. У Стамбуле ёсць гатэль і кавярня пад назвай “П’ер Лаці”.
Памёр Андрыс Герардус Вісэр (афр. Andries Gerhardus Visser, нар. 1 сакавіка 1878), адзін з самых значных паўднёваафрыканскіх паэтаў, што пісалі на афрыкаанс. Пры жыцці паэта выйшла два зборнікі яго вершаў: “Вершы” (Gedikte, 1925) і “Ружа памяці” (Rose van herinnering, 1927). Пасмяротна, у 1930 годзе, з’явіліся яшчэ два зборнікі — “Пурпуровы касач” (Die purper iris) і “З нашай ранняй маладосці” (Uit ons prille jeug). 1 сакавіка 1978 г. ПАР шырока адзначыла стогадовы юбілей Вісэра, прызнанага нацыянальным паэтам. На беларускую мову вершы А. Г. Вісэра перакладала Ганна Янкута.
Памерла Сігрыд Унсэт (нарв. Sigrid Undset, нар. 20 траўня 1882), нарвежская пісьменніца, лаўрэат Нобелеўскай прэміі па літаратуры за 1928 год. Значны ўплыў на яе творчасць зрабілі нарвежскія сагі. Яе гістарычная трылогія “Крысцін, дачка Лаўранса” (Кristin Lavransdatter, т. 1—3, 1920—1922) прызнаная шэдэўрам нарвежскай і сусветнай літаратуры. Шырока вядомы таксама яе раман “Улаў, сын Аўдуна” (Olav Audunssøn, т. 1—4, 1925—1927). Гістарычныя творы Унсэт вылучаюцца надзвычай дакладным апісаннем жыцця і атмасферы скандынаўскага Сярэднявечча, за што ёй, фактычна, і была прысуджана Нобелеўская прэмія.
Памерла Гала Далі (сапр. Алена Дзьяканава; нар. 7 верасня 1894), жонка французскага паэта Поля Элюара, затым каталонскага жывапісца Сальвадора Далі. Была крыніцай натхнення для Поля Элюара, пасля знаёмства з ёй Элюар пачаў пісаць інтымную лірыку.
Памёр Луі Ламур (анг. Louis L’Amour, нар. 22 сакавіка 1908), амерыканскі пісьменнік, адзін з найбольш знакамітых і пладавітых аўтараў вестэрнаў. Да пачатку Другой сусветнай вайны паспрабаваў цэлы шэраг прафесій — быў пагоншчыкам скаціны ў Тэхасе, мараком гандлёвага флоту, прафесійным баксёрам, лесарубам, дрэсіроўшчыкам сланоў, золаташукальнікам. Першыя апавяданні былі апублікаваныя ў канцы 1940-х гадоў, у 1951 г. быў выдадзены першы раман пісьменніка “Цячэнне на Захад” (Westward the Tide). Вядомасць аўтару прынёс раман “Хонда” (Hondo, 1953) і яго знакамітая аднайменная экранізацыя, а таксама цыклы твораў пра Хапалонга Кэсідзі і Сакетаў.
Памёр Веркор (Vercors, сапр. Жан Брулер, нар. 26 лютага 1902), французскі пісьменнік і мастак-ілюстратар. Першым творам, што выйшаў пад псеўданімам Веркор, стала аповесць “Маўчанне мора”, надрукаваная ў падпольным “Паўночным выдавецтве”, якое было арганізаванае Жанам Брулерам і П’ерам дэ Лескюрам і якое зрабілася рупарам французскага Супраціву. Аповесць “Маўчанне мора” на беларускую мову пераклаў Алесь Асташонак (“Далягляды”, 1987).
Памёр Чынгіз Айтматаў (кірг. Чыңгыз Төрөкулович Айтматов, нар. 12 снежня 1928), кіргізскі празаік, які пісаў на кіргізскай і рускай мовах, савецкі палітычны і культурны дзеяч, прадстаўнік пакалення “шасцідзясятнікаў”. Пэўны час быў галоўным рэдактарам часопіса “Иностранная литература”. У 1958 выйшла ў свет ягоная аповесць “Джаміля”, якая прынесла аўтару сусветную вядомасць. У 2006 удзельнічаў у выпуску кнігі “Аўтограф стагоддзя” (“Автограф века”).