№21: Знак прысутнасці

№21: Знак прысутнасці

Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары

Чытаць далей

У гэты дзень, 15 чэрвеня

  • 1763

    Нарадзіўся Кабаясі Іса (яп. 小林一茶, памёр 5 студзеня 1828), японскі паэт, майстар хайку. Ва ўзросце 13 гадоў з'ехаў у Эда (цяперашні Токіа) на заробкі. У 25 гадоў пачаў вывучаць паэзію пад кіраўніцтвам Мідзагуці Самару і Ніракуана Кабаясі Ціку-а ў школе Кацусіка. У 51 год Іса пасля доўгіх падарожжаў вярнуўся ў родныя мясціны. Пяру паэта належыць больш за 20 тысяч вершаў і велізарная колькасць малюнкаў хайга. Найбольш вядомыя апублікаваныя зборнікі яго твораў — “Дзённік смерці майго бацькі” і “Мая вясна”.

  • 1831

    Нарадзіўся Вінцэнт (Вінцэсь) Каратынскі (памёр 7 лютага 1891), беларускі пісьменнік і перакладчык. Перакладаў на польскую мову творы А. Пушкіна, М. Лермантава, Г. Гайнэ і інш. Вершы В. Каратынскага на беларускую мову перакладалі Г. Тумаш, Ул. Мархель, Р. Барадулін; пераклады выходзілі ў кнізе “Творы” (2-е выд. 1994), а таксама зборніку “Раса нябёсаў на зямлі тутэйшай” (1998).

  • 1867

    Нарадзіўся Канстанцін Бальмонт (руск. Константин Бальмонт, памёр 23 снежня 1942), рускі паэт-сімваліст, перакладчык, эсэіст, адзін з найвыбітнейшых прадстаўнікоў рускай паэзіі Срэбнага стагоддзя. Апублікаваў 35 паэтычных зборнікаў, 20 кніг прозы, перакладаў з многіх моваў (Ў. Блэйк, Э. По, П. Б. Шэлі, О. Ўайлд, Г. Гауптман, Ш. Бадлер; гішпанскія песні, славацкі, грузінскі эпас, югаслаўская, балгарская, літоўская, мексіканская, японская паэзія). “Для Бальмонта было натуральна ў Польшчы прасякнуцца ўсім польскім. У Японіі ён пачуваўся японцам, у Мексіцы — мексіканцам, ясна, што ў Варшаве ён быў палякам” — пісала пра Бальмонта Тэфі. Двойчы эміграваў з СССР. Памёр у Нуазі-ле-Гран пад Парыжам у галечы і пакутуючы на псіхічнае захворванне.

  • 1889

    Памёр Міхай Эмінэску (рум. Mihai Eminescu, нар. 15 студзеня 1850), самы вядомы румынскі пісьменнік у свеце, найвялікшы румынскі рамантык. Вучыўся ў Чарнаўцах на Букавіне. Галоўны твор — паэма “Лучафэр” (Luceafărul). У 1880-х гг. Эмінэску захварэў на маніякальна-дэпрэсіўны псіхоз і быў змешчаны ў лякарню для псіхічна хворых у чэрвені 1883-га. У снежні таго ж году выйшаў яго адзіны прыжыццёвы паэтычны зборнік “Вершы” (Poesii). Прычына смерці Эмінэску ў лякарні нявысветленая і застаецца загадкай. На беларускую мову Міхая Эмінэску працягвае перакладаць К. Коракс.

  • 1896

    Нарадзіўся Пётр Татарыновіч (памёр 3 верасня 1978), беларускі каталіцкі святар, грамадскі і культурны дзеяч, публіцыст, паэт, перакладчык, выдавец. Абараніў доктарскую дысертацыю “Святы Кірыла, біскуп Тураўскі, і ягонае вучэнне”. З 1949 да 15 студзеня 1971 быў кіраўніком і асноўным аўтарам беларускіх перадач “Радыё Ватыкана”. Займаўся выдавецкай справай. З верасня 1950 да 1975 рэдагаваў і друкаваў у Рыме лацінкай беларускі рэлігійна-грамадскі часопіс “Зніч” (усяго выйшла 120 нумароў). Перакладаў на беларускую мову творы дацкага паэта І. Ёргенсэна (у 1926 у Вільні выдаў яго рэлігійна-філасофскі нарыс “Прыпавесці”). Аўтар (пад псеўданімам Пётр Задума) кніг “Святы Ізідар-хлебароб” (Вільня, 1928), “Купалле” (Вільня, 1930), “Шляхам дзіваў і ўражанняў” (Вільня, 1934). Пераклаў на беларускую мову і выдаў у 1956 раман Г. Сянкевіча “Quo vadis?”. Надрукаваў па-беларуску малітоўнік “Голас душы” (1949), “Сьвятая Эванэлія і Апостальскія Дзеі” (1954), “Лісты Сьвятых Апосталаў” (1974), “Пакутныя Псальмы” (1964, вершаваны пераклад Я. Германовіча), “Наўзорную (першую) Імшу Сьвятую літургію” (1965, 1966) і інш. Некаторыя яго творы апублікаваныя на італьянскай мове. Памёр у Рыме.

  • 1992

    Памёр Леў Гумілёў (руск. Лев Гумилёв, нар. 1 кастрычніка 1912), рускі навуковец, заснавальнік пасіянарнай тэорыі этнагенезу, паэт, перакладчык. Сын Мікалая Гумілёва і Ганны Ахматавай.