Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары
Чытаць далейНарадзіўся Джавані Бакача (іт. Giovanni Boccaccio, памёр 21 снежня 1375), італьянскі паэт і празаік, яскравы прадстаўнік эпохі Ранняга Адраджэння. Найбольш вядомы яго твор — збор апавяданняў пад назвай “Дэкамерон” (Decameron) — уяўляе сабой карціну нораваў італьянскага грамадства тых часоў. “Дэкамерон” перакладзены на шматлікія мовы, вобразы і ідэі твора сталі ў далейшым крыніцай творчасці многіх значных пісьменнікаў (Чосэра, Шэкспіра, Мальера, Гётэ, Кітса і г.д.).
Дзень Блума (Блумсдэй), час падзеяў рамана Джэймса Джойса “Уліс”, свята, якое з 1982 штогод шырока адзначаюць аматары рамана. У межах святкавання па ўсім свеце адбываюцца чытанні, а ў Дубліне ахвотнікі праходзяць вуліцамі па маршруце герояў, Леапольда Блума і Стывена Дэдала. Дата 16 чэрвеня 1904 — не выпадковы выбар пісьменніка, гэта дата першага спаткання з яго будучай жонкай Норай Барнакль, дата, якую ён вырашыў увекавечыць у сваім творы.
Нарадзіўся Эрык Вольф Сігал (анг. Erich Wolf Segal, памёр 17 студзеня 2010), амерыканскі пісьменнік, сцэнарыст. У 1967 напісаў для гурта “Бітлз” сцэнар анімацыйнага фільма “Жоўтая падводная лодка” (Yellow Submarine, 1968). Яго раман “Гісторыя кахання” (Love Story, 1970) стаў бэстсэлерам і быў перакладзены на 33 мовы. Хварэў на Паркінсона, змагаючыся з хваробай трыццаць гадоў.
Нарадзілася Джойс Кэрал Оўтс (анг. Joyce Carol Oates), амерыканская пісьменніца, крытык. Напісала больш за пяцьдзясят раманаў, каля трыццаці з паловай зборнікаў апавяданняў, дзесяць паэтычных кніг. За раман “Іх жыцці” (them, 1969) ёй была прысуджаная Нацыянальная кніжная прэмія (1970). Раманы “Чорная вада” (Black Water, 1992), “Дзеля чаго я жыла” (What I Lived For, 1994) і “Бландынка” (Blonde, 2000) намінаваліся на Пулітцэраўскую прэмію. У 1990-х — пачатку 2000-х апублікавала некалькі містычных раманаў пад псеўданімамі Разамонд Сміт і Лорэн Келі. На беларускую мову апавяданні Оўтс перакладала Юля Цімафеева.
Нарадзіўся Торгні Ліндгрэн (шведск. Gustav Torgny Lindgren), шведскі пісьменнік, сябра Шведскай акадэміі. Шырокую вядомасць яму прынёс раман “След змея на скале” (Ormens väg på Hälleberget, 1982; экранізаваны ў 1986). У перакладзе на рускую вядомыя таксама кнігі “Чмяліны мёд”, “Вірсавія”, “Пахвала праўдзе”. Кнігі пісьменніка перакладаліся больш як на 30 моваў.
Памерла Эльза Трыяле (фр. Elsa Triolet, імя пры нараджэнні Эла Каган; нар. 24 верасня 1896), французская пісьменніца, перакладчыца, першая жанчына-лаўрэат Ганкураўскай прэміі (1944). Малодшая сястра Лілі Брык, якую яна ў 1915 пазнаёміла з У. Маякоўскім. У 1918 выйшла замуж за французскага афіцэра Андрэ Трыяле і з’ехала ў Францыю. Разам яны падарожнічалі на Таіці, пра што яна расказвала ў лістах да В. Шклоўскага, які паказаў гэтыя лісты М. Горкаму. Горкі высока ацаніў іх літаратурную вартасць, і ў 1925 г. выйшла першая кніга Трыяле “На Таіці” (на рускай мове). У 1929 пісьменніца выйшла замуж другі раз — за Луі Арагона, з якім пражыла 42 гады. У 1930-я яе перасталі друкаваць на радзіме, і Трыяле пачала пісаць па-французску. Перакладала на французскую Чэхава, Гогаля, Маякоўскага, Цвятаеву, Хлебнікава, Брусава, Пастарнака і інш.