Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары
Чытаць далейПамёр Эрнст Тэадор Амадэй Гофман (ням. Ernst Theodor Amadeus Hoffmann, нар. 24 студзеня 1776), нямецкі пісьменнік, кампазітар, музычны крытык, мастак рамантычнага кірунку. Герой знакамітай оперы Ж. Афенбаха “Казкі Гофмана”. Арганізаваў філарманічнае таварыства і сімфанічны аркестр у Варшаве, быў дырэктарам і дырыжорам у тэатрах Берліна, Ляйпцыга, Дрэздэна. У 1814 годзе Гофман стварыў адну з першых рамантычных операў “Ундына” (Undine). Аўтар казак “Шчаўкунок і Мышыны кароль” (Nußknacker und Mausekönig, 1816), “Чужое дзіця” (Das fremde Kind, 1817), “Прынцэса Брамбіла” (Prinzessin Brambilla, 1820), рамана “Эліксіры д’ябла” (“Die Elixiere des Teufels,” 1815—1816), зборніка “Начныя апавяданні” (1817). Сярод найлепшых твораў Гофмана — зборнік навэлаў “Серапіёнавы браты” (Die Serapionsbrüder, 1819—1821). Вяршыня творчасці — няскончаны раман “Жыццёвыя погляды ката Мура” (Lebensansichten des Katers Murr, 1820—1822). На беларускую мову асобныя творы Гофмана перакладаў Васіль Сёмуха.
Нарадзіўся Фрыдзеш Карынці (венг. Karinthy Frigyes, памёр 29 жніўня 1938), венгерскі празаік, драматург, паэт, перакладчык Дж. Свіфта і А. Мілна. У апавяданні “Ланцугі” (Láncszemek, 1929) упершыню сфармуляваў знакамітую псіхалагічную канцэпцыю “шасці ўзроўняў раздзялення”. Напісаў працяг прыгодаў Гулівера — “Вандроўка ў Фа-рэ-мі-до” (Utazás Faremidóba, 1915, у якой Гулівер ратуецца ад Першай сусветнай вайны) і сатырычную “Капіларыю” (Capillária, 1921). Аўтар рамана-гратэску “Паведамленне з выраю” (Mennyei riport, 1937), сатырычна-фантастычнага рамана “Вандроўка вакол уласнага чэрапа” (Utazás a koponyám körül, 1937), некалькіх вершаваных зборнікаў, сатырычных апавяданняў.
Нарадзіўся Джордж Оруэл (анг. George Orwell, сапр. Эрык Артур Блэр; памёр 21 студзеня 1950), ангельскі пісьменнік і публіцыст. Удзельнік грамадзянскай вайны ў Гішпаніі (1936—1939), падзеі якой адлюстраваныя ў кнізе “Памяці Каталоніі” (Homage to Catalonia, 1938). Аўтар аповесці “Ферма” (Animal Farm, 1945) — алегорыі на падзеі рэвалюцыі 1917 году ў Расіі, вядомага рамана-антыўтопіі “1984” (Nineteen Eighty-Four, 1949), якія ў 2000 г. пабачылі свет па-беларуску ў перакладах Сяргея Шупы.
Нарадзіўся Арсеній Таркоўскі (руск. Арсений Тарковский, памёр 27 траўня 1989), рускі паэт, перакладчык. Бацька кінарэжысёра Андрэя Таркоўскага. Пасмяротна ўзнагароджаны Дзяржаўнай прэміяй СССР (1989). Аўтар зборнікаў вершаў “Перад снегам” (“Перед снегом”, 1962); “Зямлі зямное” (“Земле земное”, 1966); “Вястун” (Вестник, 1969); “Вершы” (“Стихотворения”, 1974); “Зімні дзень” (“Зимний день”, 1980); “Выбранае” (“Избранное”, 1982).
Нарадзілася Інгеборг Бахман (ням. Ingeborg Bachmann, памерла 17 кастрычніка 1973), аўстрыйская паэтка і празаік. Лаўрэат Вялікай дзяржаўнай прэміі Аўстрыі па літаратуры (1968). Зрабілася знакамітай пасля публікацыі зборнікаў вершаў “Адтэрмінаваны час” (Die Gestundete Zeit, 1953) і “Заклік да Вялікай мядзведзіцы” (Anrufung des großen Bären, 1957). Працавала на радыё, пісала радыёп’есы, самая вядомая — “Добры Бог з Манхэтэна” (1958). Загінула пасля пажару ў сваёй кватэры ў Рыме. Асабісты архіў забараніла адкрываць да 2025 году. На беларускую мову творы Бахман перакладала Вольга Гронская.