Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары
Чытаць далейПамёр Іпацій Пацей (нар. 12 красавіка 1541), беларускі царкоўны і дзяржаўны дзеяч, пісьменнік. Аўтар палемічных твораў на старабеларускай і польскай мовах у абарону уніі: “Унія...” (1595), “Справядлівае апісанне ўчынкаў і справы сінодавае” (1597), “Размова берасцяніна з братчыкам” (1604), “Уваскрослы Налівайка” (1607), “Ерасі, невуцтва і палітыка папоў і мяшчан віленскага брацтва”, “Гармонія...”, “Рэляцыя” (усе — 1608), вялікай колькасці прамоваў, павучанняў і інш.
Нарадзіўся Ўільям Тэкерэй (анг. William Makepeace Thackeray, памёр 24 снежня 1863), ангельскі пісьменнік, мастак-ілюстратар і карыкатурыст. У сатырычных раманах апісваў побыт і норавы кіроўных класаў Англіі. Акрамя раманаў Тэкерэй пісаў аповесці, нарысы, фельетоны, эсэ, пародыі, балады і вершы, чытаў лекцыі. У 1860—1862 гг. быў рэдактарам часопіса “Корнхіл” (Cornhill). Сярод самых знакамітых яго твораў — “Кніга снобаў”, раман “Кірмаш пыхлівасці”, назва якога ўзятая з рамана Беньяна “Дарога пілігрыма”, раман “Пендэніс”, а таксама няскончаны і выдадзены пасмяротна раман “Дэні Дзюваль”.
Памерла Джэйн Остэн (анг. Jane Austen, нар. 16 снежня 1775), ангельская пісьменніца, “першая лэдзі” ангельскай літаратуры. Ужо ў 12 гадоў пачала пісаць вершы, апавяданні і п’есы, якімі забаўляла сваіх родных. Яе раннія творы пазней былі сабраныя ў тры сшыткі, вядомыя як Juvenilia. Сярод яе раманаў найбольш знакамітыя — “Пачуццё і пачуццёвасць” (Sense and Sensibility, 1811), “Пыха і перадузятасць” (Pride and Prejudice, 1813), “Мэнсфілд-парк” (Mansfield Park, 1814), “Эма” (Emma, 1815). Остэн ніколі не была замужам, сваёй пляменніцы яна аднойчы напісала: “Лепей усё што заўгодна, толькі не шлюб без кахання”. Хварэла на хваробу Адысана, але працавала, пакуль не страціла здольнасць пісаць. Урывак з рамана “Пыха і перадузятасць” пераклала на беларускую Ганна Янкута.
Нарадзіўся Трыстан Карб’ер (фр. Tristan Corbière, памёр 1 сакавіка 1875), французскі паэт-сімваліст, адзін з “выклятых паэтаў”. У 1873 годзе Карб’ер выдае на грошы свайго бацькі адзіную кнігу вершаў Les Amours jaunes (даслоўна “Жоўтае каханне” — назва, складзеная з аналогіяў з французскімі выразамі “жоўты гнеў” — моцная ярасць — і “жоўтая ўсмешка” — усмешка крывая, вымушаная). Зборнік быў цалкам незаўважаны ў Парыжы. У жніўні 1883 году, пасля смерці Карб’ера ў парыжскім літаратурным штотыднёвіку “Лютэцыя” з'явіўся нарыс Поля Вэрлена, прысвечаны творчасці Карб’ера, які зрабіўся першым у серыі вэрленаўскіх артыкулаў пра “выклятых паэтаў”. Глыбокі ўплыў вершаў Карб’ера знаходзяць у творчасці Т. С. Эліята.
Нарадзіўся Янка Лучына (сапр. Ян Неслухоўскі, памёр 28 ліпеня 1897), беларускі паэт, пісаў па-беларуску і па-польску. Многія творы Лучыны не захаваліся. Аўтар паэм “Паляўнічыя акварэлькі з Палесся”, “Віялета”, “Гануся”, “Андрэй”. Тэматычна паэзія Янкі Лучыны звязаная пераважна з жыццём беларускай вёскі. Яго зборнік “Вязанка” быў выдадзены пад выглядам кніжкі на балгарскай мове — каб абысці расійскую цэнзуру, якая забараняла беларускамоўны друк. Перакладаў з польскай мовы на беларускую (У. Сыракомля) і рускую (У. Сыракомля, А. Аснык), з рускай на польскую (І. Крылоў, М. Някрасаў, В. Чуміна-Міхайлава і інш.), з нямецкай (Г. Гайнэ), старажытнагрэцкай (Гамэр). Іншамоўныя творы Я. Лучыны на беларускую мову перакладалі М. Клімковіч, М. Машара, П. Пестрак, К. Цітоў, М. Арочка, Р. Барадулін, У. Мархель, Г. Тумаш, І. Чыгрын і інш.
Нарадзілася Наталі Сарот (фр. Nathalie Sarraute, сапр. Наталля Чарняк; памерла 19 кастрычніка 1999), французская пісьменніца, прызнаны класік французскай літаратуры XX стагоддзя. Нарадзілася ў габрэйскай сям’і ў Расіі. Да 40 гадоў працавала адвакатам. Творчасць Сарот засяроджаная на апісанні псіхічных рэакцый, перадачы тонкіх адценняў эмоцый і пачуццяў. Пазнейшым творам уласцівая адсутнасць сюжэту і канкрэтызацыі дзейных асобаў. Раманы “Між жыццём і смерцю” (Entre la vie et la mort, 1968), “Выкарыстанне слова” (L’Usage de la parole, 1980), “Ты сябе не любіш” (Tu ne t’aimes pas, 1989) перакладаліся больш чым на 30 моваў. На беларускую раман “Трапізмы” (Tropismes, 1939) пераклаў Зміцер Колас.
Нарадзіўся Яўгеній Еўтушэнка (руск. Евгений Евтушенко), рускі паэт, празаік, публіцыст, сцэнарыст, рэжысёр, актор. Папулярнасць да яго прыйшла з удзелам у вядомых літаратурных вечарах у Політэхнічным музеі, дзе Еўтушэнка чытаў свае творы разам з Р. Раждзественскім, Б. Ахмадулінай, Б. Акуджавам і інш. У 1984 г. атрымаў Дзяржаўную прэмію СССР за паэму “Мама и нейтронная бомба”. Яму належыць шырока вядомае выслоўе “Поэт в России — больше, чем поэт”.
Нарадзіўся Хантэр Стоктан Томпсан (анг. Hunter Stockton Thompson, памёр 20 лютага 2005), амерыканскі пісьменнік і журналіст, заснавальнік гонза-журналістыкі. Вядомасць яму прынесла аповесць “Ромавы дзённік” (1968, экранізаваная ў 2011). Папулярызаваў у журналістыцы стыль “гонза”, які вылучаўся аповедам ад першай асобы і глыбока суб’ектыўным апісаннем падзей. Для гэтага журналіст павінен быў асабіста ўдзельнічаць у падзеях, каб потым выкарыстаць свой досвед і эмоцыі для дакладнага апісання і ўзмацнення значнасці таго, што адбывалася. У 1970-я — 1990-я пісаў артыкулы для вядомага часопіса Rolling Stone. Тамсама быў апублікаваны самы вядомы твор пісьменніка — “Страх ды агіда ў Лас-Вегасе. Дзікунская вандроўка ў сэрца амерыканскай мроі” (Fear and Loathing in Las Vegas. A Savage Journey to the Heart of the American Dream, 1971, экранізаваны ў 1998). Томпсан быў вялікім аматарам агнястрэльнай зброі і меў буйную калекцыю. Скончыў жыццё самагубствам, стрэліўшы сабе ў галаву.
Памёр Хасэ Анхель Валентэ (гішп. José Ángel Valente, нар. 25 красавіка 1929), гішпанскі паэт, эсэіст і перакладчык. Пісаў па-гішпанску і па-галісійску. Адзін з найбуйнейшых гішпанскіх паэтаў другой паловы ХХ стагоддзя. Лаўрэат шматлікіх літаратурных прэмій. Яго вершы перакладзеныя на ангельскую, французскую, нямецкую, партугальскую, італьянскую, чэшскую і рускую мовы.