Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары
Чытаць далейПамёр Роберт Бэрнс (анг. Robert Burns, нар. 25 студзеня 1759), народны паэт Шатландыі, фалькларыст, выдатны прадстаўнік шатландскага нацыянальнага адраджэння. Аўтар шматлікіх гумарыстычных або саркастычных вершаў, напісаў або запісаў каля 200 песняў для славутага шматтомнага фальклорнага збору “Шатландскі музычны музей” (The Scot’s Musical Museum, 1787—1803). З найбольш вядомых твораў — паэмы “Тэм О’Шэнтар” (Tam o’Shanter, 1790), “Шчырая беднасць” (For A’That and A’That, 1795), “Ода, прысвечаная памяці місіс Освальд” (Ode, sacred to the Memory of Mrs. Oswald, 1789), балада “Джон Ячмень” (John Barleycorn, 1782), поліфанічная кантата “Вясёлыя жабракі” (The Jolly Beggars, 1785), паэма “Малітва святошы Вілі” (Holy Willie’s Prayer), “Святы кірмаш” (The Holy Fair, 1786). Імем Бэрнса названая вельмі распаўсюджаная ў шатландская паэзіі страфа, таксама вядомая як стандартны габі. Натхняльнікам і нават настаўнікам для Бэрнса стаў Роберт Фэргюсан. Апошнія гады жыцця Бэрнс правёў у галечы і за тыдзень да смерці ледзь не трапіў у пазыковую турму. Выбраныя творы Р. Бэрнса два разы выходзілі асобнымі выданнямі на беларускай мове ў перакладах Язэпа Семяжона (“Шатландская слава”, 1957, і “Вам слова, Джон Ячмень”, 1982). Сярод перакладчыкаў паасобных вершаў Бэрнса — Ю. Гаўрук, Г. Дубянецкая і інш. Дзень нараджэння Роберта Бэрнса — нацыянальнае свята Шатландыі.
Нарадзіўся Давід Бурлюк (руск. Давид Бурлюк, памёр 15 студзеня 1967), рускі паэт, мастак, адзін з заснавальнікаў рускага футурызму. Удзельнік футурыстычных зборнікаў “Садок суддзяў”, “Аплявуха грамадскаму густу” і інш. У 1920 эміграваў у Японію, дзе пражыў два гады, вывучаў культуру Усходу. З 1922 г. — у ЗША, дзе актыўна ўдзельнічаў у прасавецкіх групах, выдаваў свае зборнікі, брашуры, часопісы і праз сяброў распаўсюджваў гэтыя выданні пераважна ў межах СССР. Выдаваў часопіс “Колер і рыфма” (Color and Rhyme) на ангельскай і рускай мовах.
Нарадзіўся Эрнэст Хэмінгуэй (анг. Ernest Miller Hemingway, памёр 2 ліпеня 1961), амерыканскі пісьменнік, лаўрэат Нобелеўскай прэміі па літаратуры (1954). Атрымаў вядомасць дзякуючы раманам і апавяданням, якія значна паўплывалі на літаратуру ХХ ст. Крытыкі творчасці пісьменніка лічаць, што “Хэмінгуэй занадта абмежаваны… яго героі маўклівыя, без пачуццяў… у яго кнігах апісваецца толькі бокс, баі быкоў, бойкі, лоўля стронгі і іншыя мужчынскія забавы”. Аповесць “Стары чалавек і мора” (іншы варыянт — “Стары і мора”) на беларускую мову перакладалі П. Марціновіч і В. Небышынец (параўнальны аналіз гэтых перакладаў гл. тут), апавяданне “Віно Ваямінгу” — Алесь Квіткевіч, “Забойцы” (“Крыніца” №11—12, 1992) і “Індзейскі пасёлак” (“Крыніца” №9, 1994) — А. Асташонак. Раман “І ўзыходзіць сонца” пераклаў Ю. Гаўрук (асобнае выданне — 1976), раман “Бывай, зброя” — А. Бутэвіч (1996).
Памёр Багдан Лэпкій (укр. Богдан Лепкий, нар. 9 лістапада 1872), украінскі паэт, празаік, перакладчык, грамадскі дзеяч, мастак, выдавец. Прафесар і выкладчык украінскай мовы і літаратуры Ягелонскага ўніверсітэта ў Кракаве. Вядомы як аўтар рамана-пенталогіі “Мазепа”, шматлікіх зборнікаў паэзіі “Стужкі” (“Стрічки”, 1901), “Падае лісце” (“Листки падуть”, 1902), “Восень” (“Осінь”, 1902), “Кніга журбы” (“Книжка горя”, 1903), “На чужыне” (“На чужині”, 1904), “Над ракой (“Над рікою”, 1905), “Для ідэі” (“Для ідеї”, 1911), “Тым, што палеглі” (“Тим, що полягли”, 1916), “Слата” (“Сльота”, 1926) і інш. Верш “Жураўлі” (“Видиш (Чуєш), брате мій…”, 1910) стаў народнай песняй.
Нарадзіўся Майкл Конэлі (анг. Michael Connelly), амерыканскі пісьменнік, аўтар бэстсэлераў пра дэтэктыва Гары Босха, якія перакладзеныя на 24 мовы свету. Лаўрэат прэстыжных прэмій у галіне вострасюжэтнай літаратуры, у тым ліку прэміі імя Э. А. По.