Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары
Чытаць далейПамёр Ганс Якаб Крыстофэль фон Грымэльсгаўзэн (ням. Hans Jacob Christoffel von Grimmelshausen, нар. каля 1622), нямецкі пісьменнік. Аўтар знакамітага рамана “Авантурнік Сімпліцысімус” (Der Abenteuerliche Simplicissimus Teutsch, 1668), аднаго з найважнейшых твораў нямецкай літаратуры XVII стагоддзя. На беларускую раман пераклаў Васіль Сёмуха.
Нарадзіўся Жульен Луі Жафруа (фр. Julien Louis Geoffroy, памёр 27 лютага 1814), французскі літаратурны крытык. Зрабіўся вядомым пасля таго, як пачаў жорстка крытыкаваць Вальтэра, чым нажыў сабе шмат ворагаў. Артыкулы Жафруа былі досыць папулярнымі, але хутка забыліся — яго пяцітомны збор раскупаўся слаба. Адна з самых вядомых працаў крытыка — каментары да твораў Расіна.
Памёр Васіль Традзякоўскі (руск. Василий Тредиаковский, нар. 5 сакавіка 1703), рускі навуковец і паэт. Вучыўся за мяжою, цярпеў нястачу. У 1730 годзе вярнуўся ў Расію і выдаў пераклад рамана Поля Тальмана “Едучы на выспу кахання”. Да перакладу былі дададзеныя вершы самога Традзякоўскага на рускай, французскай і лаціне. Традзякоўскі быў прыдворным паэтам Ганны Іяанаўны. Таксама ён адзін першых паэтаў у Расіі, якія пачалі выкарыстоўваць сілаба-танічнае вершаскладанне. У 1735 годзе ён выдаў “Новы і кароткі спосаб да складання вершаў Расійскіх” (“Новый и краткий способ к сложению стихов Российских”), дзе ўвёў панятак вершаванай страфы, а на яе аснове — паняткі ямба і харэя. Тамсама Традзякоўскі даў азначэнне розным жанрам: санэту, рандо, эпістале, одзе і іншым. З крытыкай гэтага твора выступіў Ламаносаў, і з яго сістэмай Традзякоўскі пагадзіўся.
Нарадзіўся Ён Арнасан (ісл. Jón Árnason, памёр 4 верасня 1888), аўтар і збіральнік ісландскіх казак і сагаў. Першы куратар Ісландскага нацыянальнага музея. Быў першым бібліятэкарам будучай Нацыянальнай бібліятэкі Ісландыі ў Рэйк’явіку. У 1862 і 1864 гадах выйшлі з друку два тамы ісландскіх народных сагаў і казак, якія былі надрукаваныя на ісландскай мове ў Ляйпцыгу дзякуючы дапамозе Конрада Маўрэра.
Джозэф Пулітцэр заснаваў Пулітцэраўскую прэмію.
Нарадзіўся Тэд Х’юз (анг. Ted Hughes, памёр 28 кастрычніка 1998), ангельскі паэт. З 1984 і да канца жыцця быў брытанскім паэтам-лаўрэтам (прыдворным паэтам). Быў жанаты з амерыканскай паэткай Сільвіяй Плат, у самагубстве якой яго некаторыя абвінавачвалі. Апошні яго зборнік, “Лісты на дзень народзінаў” (Birthday Letters, 1998) быў прысвечаны іх складаным адносінам. Неўзабаве пасля выхаду кнігі Х’юз памёр ад раку. Акрамя ўласнай творчасці Х’юз плённа займаўся перакладамі: пераклаў “Метамарфозы” Авідыя, “Федру” Расіна, “Крывавае вяселле” Ф. Г. Лоркі і інш.
Нарадзіўся Відыядхар Найпал (анг. Sir Vidiadhar Surajprasad Naipaul), англамоўны пісьменнік індыйскага паходжання, лаўрэат Нобелеўскай прэміі па літаратуры (2001). Атрымаў таксама шмат іншых узнагародаў, у тым ліку Букераўскую прэмію за раман In a Free State (1971). Нарадзіўся ў Трынідадзе, з 1950 жыве ў Англіі, вядзе амаль пустэльны лад жыцця. У 2008 газета The Times прысвоіла яму 7 месца ў спісе 50 найлепшых брытанскіх пісьменнікаў ад 1945 году.
Памерла Шарлота Пэркінс Гілман (анг. Charlotte Perkins Gilman, нар. 3 ліпеня 1860), амерыканская пісьменніца, эканаміст, выкладчык і ранні тэарэтык фемінісцкага руху, аўтарка больш чым двухсот апавяданняў і прыкладна дзесяці раманаў. Самы вядомы яе твор — апавяданне “Жоўтыя шпалеры”, якое на беларускую мову пераклала Юля Цімафеева.
Памёр Аляксандр Вампілаў (руск. Александр Вампилов, нар. 19 жніўня 1937), рускі драматург. Найбольш вядомыя п’есы — “Старэйшы сын” (1968), “Паляванне на качак” (1970), “Мінулым летам у Чулімску” (1972). Памёр заўчасна, утапіўшыся ў возеры Байкал.