Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары
Чытаць далейПамёр Марцін Опіц (ням. Martin Opitz, нар. 23 снежня 1597), нямецкі паэт, рэфарматар нямецкай паэзіі, заснавальнік так званай Першай сілезскай школы паэтаў. Да яго нямецкія паэты пісалі пераважна на лаціне. Опіц увёў сілабатоніку ў нямецкую паэзію, а свае прынцыпы выклаў у “Кнізе пра нямецкую паэтыку” (Buch von der deutschen Poeterey, 1624).
Памёр Фрыдрых Арнольд Бракгаўз (ням. Friedrich Arnold Brockhaus, нар. 4 траўня 1772), нямецкі выдавец, заснавальнік выдавецкай фірмы “Бракгаўз” і выдавец “Энцыклапедыі Бракгаўза”. Яго энцыклапедыя стала асновай рускага слоўніка Бракгаўза — Эфрона (82 тамы, 1890—1907).
Нарадзіўся Шарль дэ Кастэр (фр. Charles-Theodore-Henri De Coster, памёр 7 траўня 1879), бельгійскі франкамоўны пісьменнік, аўтар рамана “Легенда пра Уленшпігеля” (La legende et les aventures heroiques, joyeuses et glorieuses d’Ulenspiegel et de Lamme Goedzak au pays de Flandres et ailleurs, 1867). Па-французску напісаў раман хутчэй з кан’юнктурных меркаванняў, каб здабыць больш шырокую чытацкую аўдыторыю. З тае ж прычыны Карэл дэ Костэр зрабіўся Шарлем дэ Кастэрам.
Нарадзіўся Баляслаў Прус (польск. Bolesław Prus, сапр. Аляксандр Главацкі; памёр 19 траўня 1912), польскі пісьменнік эпохі пазітывізму, мысляр, асветнік і грамадскі дзеяч. Псеўданім — ад назвы родавага герба Прус І. Браў удзел у паўстанні 1863 г., за што быў пазбаўлены шляхецкага звання. Пісьменнік пакутаваў на агарафобію. Шырокую вядомасць набылі яго апавяданні “Антэк” (Antek, 1880), “Шарманка” (Katarynka, 1880), “Грахі маленства” (Grzechy dzieciństwa, 1883), “Камізэлька” (Kamizelka, 1882), а таксама аповесць “Зваротная хваля” (Powracająca fala, 1880). Яму таксама належыць раман “Лялька” (Lalka, 1889), новы тып сацыяльна-псіхалагічнага рамана, дзе ўзнаўляецца панарама жыцця Варшавы ў 1878—1879 гадах. Сусветную славу прынёс яму гістарычны раман “Фараон” (Faraon, 1896). На беларускую мову апавяданні Пруса перакладалі М. Чарнецкі і Я. Брыль. Урывак з рамана “Лялька” ў перакладзе Міколы Хаўстовіча змешчаны ў часопісе “Arche” (2010, №4).
Нарадзіўся Якуб Барт-Цішынскі (сербалуж. Jakub Bart-Ćišinski, памёр 16 кастрычніка 1909), сербалужыцкі пісьменнік. Лічыцца найбуйнейшым нацыянальным паэтам, тэарэтыкам сербалужыцкай літаратуры і культуры. На беларускую вершы Барта-Цішынскага перакладаў Рыгор Барадулін (зборнік перакладаў “Кахаць — гэта значыць...”, 1986).
Памёр Жуль Лафорг (фр. Jules Laforgue, нар. 16 жніўня 1860), французскі паэт-сімваліст. Рана памёр ад туберкулёзу, паспеўшы выдаць пры жыцці толькі тры зборнікі вершаў. Іранічна-парадыйная паэзія Лафорга зрабіла сур’ёзны ўплыў на творчасць Э. Паўнда і Т. С. Эліята.
Нарадзіўся Говард Філіпс Лаўкрафт (анг. Howard Phillips Lovecraft, памёр 15 сакавіка 1937), амерыканскі пісьменнік, які працаваў у жанрах хорару, фэнтэзі і навуковай фантастыкі, на той час вядомых як проста “дзіўная літаратура”. Асноўнай крыніцай натхнення Лаўкрафта і яго галоўным вынаходніцтвам былі касмічныя жахі, ідэя якіх у тым, што жыццё непазнавальнае для чалавечага розуму і што сам Сусвет з’яўляецца абсалютна чужым для нас. Той, хто па-сапраўднаму мысліць, як яго персанажы, дзейнічае на мяжы здаровага розуму. Для сваіх Міфаў Ктулху, серыі слаба звязаных твораў, прысвечаных пантэону антычалавечых істот, Лаўкрафт распрацаваў культ іх паклоннікаў, а таксама прыдумаў Некранамікон — выдуманы падручнік магічных абрадаў і забароненых навук. На беларускую мову творы Лаўкрафта перакладаў Павел Донаў.
Нарадзіўся Сальваторэ Квазімада (іт. Salvatore Quasimodo, памёр 14 чэрвеня 1968), італьянскі паэт і перакладчык, лаўрэат Нобелеўскай прэміі па літаратуры 1959 году “за лірычную паэзію, якая з класічнай жывасцю адлюстроўвае трагічны досвед нашага часу”. Перакладаў на італьянскую Шэкспіра і антычных аўтараў, у тым ліку Гамэра, Эсхіла, Сафокла, Вергілія і Катула, а таксама сучасных яму еўрапейскіх і амерыканскіх паэтаў, напрыклад, Пабла Неруду.
Нарадзіўся Вільям Пахлёбкін (руск. Вильям Похлёбкин, памёр у канцы сакавіка 2000, пахаваны 15 красавіка), рускі гісторык, пісьменнік, журналіст. Шырока вядомы дзякуючы шматлікім кнігам па кухарстве. У 1993 атрымаў прэмію Ланге Чарэта, якая прысуджаецца вінным заводам братоў Чарэта па рэкамендацыі міжнароднага журы кухараў Англіі, Францыі, Германіі і Італіі за выбітныя кнігі ў галіне кухарства, за кнігу “Гісторыя гарэлкі”.
Нарадзіўся Васіль Аксёнаў (руск. Василий Аксёнов, памёр 6 ліпеня 2009), руска-амерыканскі пісьменнік, сцэнарыст, кінадраматург, дысідэнт. Адзін з лідараў апавядальнай савецкай прозы 60-х гадоў ХХ стагоддзя, дзе выкарыстоўваецца гарадскі моладзевы слэнг. Належаў да пакалення шасцідзясятнікаў. 5 сакавіка 1966 удзельнічаў у дэманстрацыі супраць меркаванай рэабілітацыі Сталіна, быў затрыманы. Падпісаў шэраг лістоў у абарону дысідэнтаў. У 1970-я гг. яго творы перасталі публікаваць у Расіі. У 1980 выехаў у ЗША, дзе займаўся літаратурнай і журналісцкай дзейнасцю і выкладаў рускую літаратуру ва ўніверсітэтах. Сябра амерыканскага ПЭН-клуба і Амерыканскай аўтарскай лігі. Лаўрэат прэміі “Рускі Букер” за раман “Вальтэр'янцы і вальтэр'янкі” (“Вольтерьянцы и вольтерьянки”, 2004).
Нарадзіўся Мэцью Дзікман (анг. Matthew Dickman), амерыканскі паэт, лаўрэат American Poetry Review (2008). Атрымаў ступень магістра прыгожых мастацтваў у Тэхаскім універсітэце ў Остэне. Шмат падарожнічаў па Амерыцы, але вярнуўся ў Портлэнд, дзе працуе ў краме, гатуючы піцу і бутэрброды. Вершы Дзікмана на беларускую мову перакладала Юля Цімафеева.