№21: Знак прысутнасці

№21: Знак прысутнасці

Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары

Чытаць далей

У гэты дзень, 31 жніўня

  • 1749

    Нарадзіўся Аляксандр Радзішчаў (руск. Александр Радищев, памёр 24 верасня 1802), рускі празаік, філосаф, паэт, дырэктар Пецярбургскай мытні і ўдзельнік Камісіі па складанні законаў. За кнігу "Падарожа з Пецярбурга ў Маскву" ("Путешествие из Петербурга в Москву", 1790) Радзішчаў быў арыштаваны і мусіў быць смяротна пакараны, аднак пакаранне змянілі высылкай у Сібір на 10 гадоў. Да канца не высветлена, скончыў пісьменнік жыццё самагубствам ці выпадкова атруціўся.

  • 1811

    Нарадзіўся Тэафіль Гацье (фр. Pierre Jules Théophile Gautier, памёр 23 кастрычніка 1872), французскі паэт і крытык рамантычнай школы. Самыя вядомыя свае творы напісаў у перыяд 1830—1836 гг.: паэму "Альбертус" (Albertus, 1832), раманы "Маладая Францыя" (La Jeune-France, 1834), "Мадэмуазэль дэ Мапэн" (Mademoiselle de Maupin, 1835) і інш., а таксама першую частку кнігі пра забытых паэтаў XV—XVII стст. "Гратэскі" (Grotesques). Шарль Бадлер прысвяціў Тэафілю Гацье свой зборнік "Краскі зла" (Fleurs du Mal).

  • 1867

    Памёр Шарль Бадлер (фр. Charles Pierre Baudelaire, нар. 9 красавіка 1821), французскі паэт, літаратурны крытык і перакладчык. Імя Бадлера зрабілася сімвалам літаратурнага і мастацкага дэкадансу. Дзякуючы бадлераўскім перакладам твораў Эдгара По, пісьменніка не толькі адкрылі ў Еўропе, але і “заўважылі” на радзіме, у Амерыцы. Пра славу, якая дасталася самому Бадлеру, Жан Както пісаў: “Мы ўмеем шанаваць славутых людзей, схіляць перад імі галаву, мы ацэньваем іх вартасці, але для нас мае значэнне слава іншага кшталту — не разведзеная вадою, тая, што застаецца на дне, што пракладае дарогу ў некаторыя душы, а іншыя зусім не кранае. Вы ведаеце імёны людзей, якія маюць такую славу. А ці ведаеце вы іх помнікі? Я налічыў сем помнікаў Мюсэ і ніводнага — Бадлеру; ён, нягледзячы на незлічоныя выданні, ніяк не можа заслужыць яго. Эрык Саці, ураджэнец Анфлёра, расказаў мне такую гісторыю: у 1869 годзе бацька Альфонса Але падумаў, што Анфлёру варта было б усталяваць невялікі бюст Бадлера ў нішы дома генерала Апіка [айчыма Бадлера. — ПС]. Праз два месяцы муніцыпальная рада сабралася абмеркаваць гэтую прапанову. “Бадлер? Сын мадам Апік? Пачакайце, пачакайце... Мадам Апік... суседка мсье Баона? — Так. — Выдатны чалавек мсье Баон”. І ўсё ў тым жа духу... “Спадарства! — не вытрымаў нарэшце мсье Але. — Вернемся да пытання пра бюст”. — “Ды вы што! — абурыўся старшыня. — Не можам жа мы ўсталёўваць бюсты ўсім сынам мадам Апік”. На беларускую мову творы Бадлера перакладалі Юрка Гаўрук і Андрэй Хадановіч.

  • 1908

    Нарадзіўся Ўільям Сараян (анг. William Saroyan, арм. Վիլյամ Սարոյան; памёр 18 траўня 1981), амерыканскі пісьменнік армянскага паходжання, адзін з самых выбітных у XX стагоддзі. Пісаў па-ангельску, але лічыў сябе армянскім пісьменнікам. Сараяну належыць больш за 1,5 тысячы апавяданняў, дванаццаць п’есаў і каля дзесяці раманаў. Адным з найлепшых яго твораў лічыцца часткова аўтабіяграфічная аповесць “Чалавечая камедыя” (The Human Comedy, 1942). Добра вядомыя таксама раманы “Прыгоды Ўэслі Джэксана” (Adventures of Wesley Jackson, 1946), “Мама, я люблю цябе” (Mama I Love You, 1956). За п’есу “Усё вашае жыццё” (The Time of Your Life, 1939) Сараяну была прысуджаная Пулітцэраўская прэмія, ад якой ён адмовіўся, лічачы, што мастацтва не павіннае ацэньвацца па продажах. Таксама пасля няўдалай, на яго думку, спробы экранізацыі “Чалавечай камедыі” ў Галівудзе больш ніколі не даваў згоды на экранізацыю іншых сваіх твораў, нягледзячы на грашовыя цяжкасці. Апавяданні Сараяна па-беларуску выходзілі ў перакладах І. Сляповіч і А. Міхальчука асобнай кнігай "У гарах маё сэрца..." (1985).

  • 1936

    Нарадзіўся Уладзімір Арлоў (руск. Владимир Орлов), рускі празаік, драматург і сцэнарыст. Аўтар раманаў "Альтыст Данілаў" ("Альтист Данилов"), "Аптэкар" ("Аптекарь") і інш.

  • 1937

    Нарадзіўся Марк Харытонаў (руск. Марк Харитонов), рускі празаік, эсэіст, паэт, перакладчык. Першы лаўрэат Рускага Букера за раман "Лініі лёсу, або Куфэрак Мілашэвіча" ("Линии судьбы, или Сундучок Милашевича", 1992). Лаўрэат французскай Прэміі за найлепшую эсэістычную кнігу году (фр. Prix du Meilleur livre étranger, 1997). Пераклаў на рускую творы Т. Мана, Ш. Цвайга, Ф. Кафкі, Г. Гесэ і інш.

  • 1941

    Памерла Марына Цвятаева (руск. Марина Цветаева, нар. 8 кастрычніка 1947), руская паэтка, празаік, перакладчыца. У 1910 годзе за ўласныя грошы выдала свой першы зборнік вершаў “Вечаровы альбом” (“Вечерний альбом”), і яе творчасць прыцягнула ўвагу знакамітых паэтаў: Валерыя Брусава, Максіміліяна Валошына і Мікалая Гумілёва. Пачатак творчасці Цвятаевай звязаны з колам маскоўскіх сімвалістаў. Пасля знаёмства з Валерыем Брусавым і Элісам паэтка ўдзельнічае ў дзейнасці гурткоў і студыяў пры выдавецтве “Мусагет”. З траўня 1922 да 1939 жыве на эміграцыі. Па прыездзе жыла на лецішчы НКУС у Болшаве. У апошнія гады паэтка амаль не пісала вершаў і займалася перакладамі. Вайна перарвала працу Цвятаевай над перакладамі Лоркі. 31 жніўня 1941 году Цвятаева скончыла жыццё самагубствам (павесілася), пакінуўшы тры цыдулкі: тым, хто будзе яе хаваць (“эвакуяваным”), Асеевым і сыну. У 1992 годзе верш Цвятаевай “Маім вершам”, напісаны на сцяне аднаго з дамоў у цэнтры Лейдэна (Нідэрланды), адкрыў культурны праект “Насценныя вершы” (Wall poems). Дарэчы, апошнім, 101-м паэтам, чые вершы зрабілі ў Лейдэне помнікам, стаў Федэрыка Гарсія Лорка, чые творы Цвятаева перакладала ў апошнія дні жыцця.

  • 1967

    Памёр Ілля Арэнбург (руск. Илья Эренбург, нар. 27 студзеня 1891), рускі савецкі празаік, паэт, перакладчык з французскай і гішпанскай моваў. Лаўрэат дзвюх Сталінскіх прэмій і міжнароднай Сталінскай прэміі “За ўмацаванне міру паміж народамі”. Быў карэспандэнтам шматлікіх савецкіх газетаў. Яму належыць лозунг “Забі немца!” Адольф Гітлер асабіста аддаў распараджэнне злавіць і павесіць Эрэнбурга, нацысцкая прапаганда дала яму мянушку Хатні габрэй Сталіна. Пасля смерці Сталіна напісаў аповесць “Адліга” (1954), якая дала назву цэлай эпосе ў савецкай гісторыі.