Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары
Чытаць далейНарадзіўся Франсуа дэ Ларашфуко (фр. François VI, duc de La Rochefoucauld, памёр 17 сакавіка 1680), французскі пісьменнік і філосаф-мараліст. Аўтар шырокавядомага зборніка афарызмаў “Роздумы, або Маральныя выслоўі” (1665), больш вядомага як “Максімы” (Maximes). Яшчэ пры жыцці пісьменніка выйшла 5 выданняў “Максімаў”, кожнае з якіх нястомна дапаўнялася. Другі значны яго твор — “Мемуары” (Mémoires sur la régence d’Anne d’Autriche, 1662), на падставе якіх пазней быў заснаваны сюжэт рамана “Тры мушкецёры” А. Дзюма (гісторыя пра падвескі каралевы Анны Аўстрыйскай). У “Мемуарах” падрабязна апісаныя гістарычныя падзеі часоў Фронды.
Нарадзіўся Мануэл Марыя Барбоза ду Бакаж (парт. Manuel Maria de Barbosa l'Hedois du Bocage, памёр 21 снежня 1805), партугальскі паэт, яскравы прадстаўнік “аркадызму” (неакласіцызму) у Партугаліі. Вядомасць атрымаў пасля выхаду першага зборніка “Рытмы” (Rhythmas, 1791). Быў асуджаны за рэвалюцыйныя і атэістычныя погляды, пазней за франкмасонства, але быў вызвалены з умовай заняцця пасады перакладчыка на партугальскую замежных аўтараў. Шасцітомны збор твораў Бакажа быў апублікаваны ў 1806—1842 у Лісабоне. На рускую мову вершы Бакажа перакладалі Аляксандр Багданоўскі, Яўгеній Віткоўскі, Валерый Пералешын.
Нарадзіўся Джэймс Фенімор Купер (анг. James Fenimore Cooper, памёр 14 верасня 1851), амерыканскі пісьменнік, класік прыгодніцкага жанру. Пісьменнікам яго зрабіў выпадак. Чытаючы аднойчы ўслых жонцы нейкі раман, Купер заўважыў, што няцяжка напісаць лепш. Жонка злавіла яго на слове: каб не падацца выхвалякам, ён за некалькі тыдняў напісаў свой першы раман “Асцярога” (Precaution, 1820).
Памёр Уладзіслаў Сыракомля (польск. Władysław Syrokomla, сапр. Людвік Францішак Уладзіслаў Аляксандравіч Кандратовіч, нар. 29 верасня 1823), беларуска-польскі паэт, публіцыст, крытык, перакладчык, этнограф. Дэбютаваў вершам “Паштальён” (1844), напісаным паводле пачутай у Міры гісторыі (“гавэнды”). Пераклад “Паштальёна” на рускую мову паэтам Л. Трэфалевым зрабіўся папулярнай у Расіі народнай песняй “Когда я на почте служил ямщиком”. З беларускамоўных твораў Сыракомлі захаваліся толькі два — верш “Добрыя весці” (1848, 1861) і лірычная мініяцюра “Ужо птушкі пяюць усюды”. Аўтар краязнаўчых нарысаў: “Вандроўкі па маіх былых ваколіцах” (1853), “Мінск” (1857), “Нёман ад вытокаў да вусця” (1861), “Кароткае даследаванне мовы і характару русінаў Мінскай правінцыі” (1856), апрацовак беларускіх народных казак. Вершы Сыракомлі на беларускую мову перакладалі І. Чыгрын, Ул. Дубоўка, Я. Лучына, Ул. Мархель, М. Лужанін, Я. Купала, прозу — К. Цвірка.
Нарадзілася Агата Крысці (анг. Agatha Christie, сапр. Агата Мэры Кларыса Мілер, Крысці — прозвішча першага мужа; памерла 12 студзеня 1976), ангельская пісьменніца, аўтар дэтэктываў. Творы Крысці — адны з самых публікаваных у свеце (пасля Бібліі і Шэкспіра), перакладзеныя больш чым на 100 моваў. Аўтар 60 дэтэктыўных раманаў, 6 псіхалагічных (пад псеўданімам Мэры Ўэстмакот), 19 зборнікаў апавяданняў, 16 п’есаў. Да шлюбу Агата працавала медсястрой у шпіталі, што наклала своеасаблівы адбітак на яе кнігі: 83 злачынствы ў дэтэктывах Крысці былі ўчыненыя шляхам атручання. Першы шлюб Агаты з палкоўнікам Арчыбальдам Крысці скончыўся разводам, другі муж — археолаг Макс Малоўэн — быў маладзейшы за яе на 15 гадоў; пра гэта сама місіс Малоўэн заўважыла, што для археолага жанчына мусіць быць як мага старэйшай, бо яе каштоўнасць тады значна ўзрастае. Герой 33 раманаў і 51 апавядання Крысці Эркюль Пуаро стаў адзіным прыдуманым героем, на якога на першай старонцы “Нью-Ёрк Таймс” стаяў некралог: “6 жніўня 1975. Памёр Эркюль Пуаро, вядомы бельгійскі дэтэктыў”.
Нарадзіўся Ян Якаб Слаўэрхоф (нід. Jan Jacob Slauerhoff, памёр 5 кастрычніка 1936), адзін з найбуйнейшых нідэрландскіх пісьменнікаў ХХ ст., паэт, празаік, перакладчык, карабельны доктар. Аўтар шэрагу паэтычных зборнікаў і зборнікаў апавяданняў, трох раманаў (адзін з іх, “Паўстанне Гвадалахары” (De opstand van Guadalajara, 1937), выдадзены пасмяротна) і адной трагедыі “Ян Пітэрц Кун” (Jan Pietersz Coen, 1931), перакладчык з гішпанскай, партугальскай, французскай і кітайскай моваў. Гістарычны раман з рысамі магічнага рэалізму “Забароненае каралеўства” (Het verboden rijk) апавядае пра дзевятнаццатае стагоддзе і жыццё партугальскага паэта шаснаццатага стагоддзя Луіша дэ Камоэнша, аўтара санэтаў і гераічнай паэмы “Лузіяды”. У адной з паездак у Паўднёвую Афрыку Слаўэрхоф моцна захворвае на малярыю і ў 1936 годзе вяртаецца ў Нідэрланды — але запозна. Паэт памірае неўзабаве пасля 38-га дня нараджэння, у лякарні ў Хілверсуме, не дажыўшы месяца да выхаду свайго апошняга зборніка вершаў “Годная магіла марака” (Een eerlijk zeemansgraf). Празаічныя творы Яна Якаба Слаўэрхофа перакладаліся на нямецкую, французскую, італьянскую і партугальскую мовы, паэзія — на рускую (Яўгеній Віткоўскі) і беларускую (Ганна Янкута).
Нарадзіўся Юлій Таўбін (расстраляны 29 кастрычніка 1937), беларускі паэт і перакладчык. Выдаў пяць зборнікаў паэзіі. Арыштаваны ў канцы лютага 1933 г. Асуджаны на 2 гады высылкі (паводле звестак В. Куляшовай, “повадам для першага арышту Юлія Таўбіна стаў ліст з-за мяжы ад цёткі, якая нібыта пераехала з Польшчы ў Амерыку”). Тэрмін адбываў у Цюмені. Перакладаў творы Г. Гайнэ, У. Маякоўскага на беларускую, творы ангельскіх паэтаў — на беларускую і рускую. 4 лістапада 1936 паўторна арыштаваны і этапаваны ў Мінск. Выязной сесіяй ваеннай калегіі Вярхоўнага суда СССР прысуджаны да расстрэлу. Рэабілітаваны 29 жніўня 1956. Незадоўга да другога арышту Таўбін паслаў у Ленінградскае выдавецтва “Художественная литература” пераклады вершаў Алфрэда Эдварда Хаўсмэна, Ўільяма Батлера Ейтса і іншых паэтаў. Яны ўвайшлі ў кнігу М. Гутнера “Анталогія новай ангельскай паэзіі” (Ленінград, 1937), якая выйшла праз 20 дзён пасля расстрэлу паэта.
Памёр Рудальф Крыстаф Эйкен (ням. Rudolf Christoph Eucken, нар. 5 студзеня 1846), нямецкі пісьменнік і філосаф, лаўрэат Нобелеўскай прэміі (1908) годзе за “сур’ёзныя пошукі ісціны, усёпранікальную сілу думкі, шырокі кругагляд, выразнасць і пераканаўчасць, з якой ён адстойваў і развіваў ідэалістычную філасофію”.
Памёр Томас Вулф (анг. Thomas Clayton Wolfe, нар. 3 кастрычніка 1900), амерыканскі пісьменнік, прадстаўнік так званага “страчанага пакалення”. Два першых раманы Вулфа “Глянь на свой дом, анёл!” (Look Homeward, Angel, 1929), “Пра час і пра раку” (Of Time and the River, 1935) прайшлі жорсткую праўку дасведчанага рэдактара Максвэла Перкінса, які працаваў з Хэмінгуэем і Ф. С. Фіцджэралдам. Пасля смерці Вулфа былі надрукаваныя яго раманы “Павуціна і скала” (The Web and the Rock, 1939) і “Дахаты не вярнуцца” (You Can’t Go Home Again, 1940). Яны зрабілі Вулфа адным з найлепшых амерыканскіх празаікаў ХХ стагоддзя. Фолкнэр лічыў яго найбуйнейшым пісьменнікам свайго пакалення.
Памёр Роберт Пэн Ўорэн (анг. Robert Penn Warren, нар. 24 красавіка 1905), амерыканскі паэт, празаік, літаратурны крытык. У 1957 годзе яму былі прысуджаныя Нацыянальная кніжная і Пулітцэраўская прэміі за кнігу вершаў “Абяцанні” (Promises). Вяршыняй яго творчасці лічыцца раман “Уся каралеўская раць” (All the King’s Men, 1946) — даследаванне кар’еры дэмагога з амерыканскага Поўдня, прататыпам якога лічыцца губернатар Луізіяны Х’ю Лонг. Раман атрымаў Пулітцэраўскую прэмію ў 1947 годзе.