№21: Знак прысутнасці

№21: Знак прысутнасці

Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары

Чытаць далей

У гэты дзень, 18 верасня

  • 1876

    Нарадзіўся Мілан Ракіч (сербск. Милан Ракић, памёр 30 чэрвеня 1938), сербскі паэт, дыпламат. У 1903 годзе выдаў зборнік “Вершы” (перавыдаваўся пасля ў 1924 і 1936 гадах), які зрабіўся першай кнігай сербскага мадэрнізму. Другая кніга выйшла ў 1912 пад назвай “Новыя вершы”. Больш нічога Ракіч не надрукаваў праз высокую патрабавальнасць да сваіх твораў. Нягледзячы на тое, што паэтычная спадчына Ракіча складаецца ўсяго з 64 вершаў, паэт лічыцца адным з класікаў нацыянальнай літаратуры і пачынальнікам не толькі сербскага мадэрнізму, але і ўсёй сербскай літаратуры ХХ ст. Даследчыкі творчасці паэта гавораць пра ўплыў на яе парнаскай школы і французскага сімвалізму (асабліва блізкай Ракічу была паэзія Шарля Бадлера). На беларускую мову адзін з санэтаў Ракіча пераклаў Андрэй Стэфановіч.

  • 1886

    Французскі паэт Жан Марэас надрукаваў у газеце Le Figaro артыкул, які стаў маніфестам сімвалізму.

  • 1939

    Памёр Станіслаў Ігнацы Віткевіч (псеўданім Віткацы; польск. Stanisław Ignacy Witkiewicz, нар. 24 лютага 1885), польскі празаік, драматург, тэарэтык мастацтва, мастак, фатограф, філосаф. Адукацыю атрымліваў дома, у бацькоўскім маёнтку ў Закапанэ, дзе збіралася тагачасная творчая інтэлігенцыя. Браў удзел у Першай сусветнай вайне ў складзе царскай арміі, падчас Кастрычніцкай рэвалюцыі знаходзіўся ў Санкт-Пецярбургу — падзеі, якія значна паўплываюць на светапогляд аўтара і якія пазней ён пераасэнсуе ў сваіх драматычных творах, перадусім у самай вядомай п’есе “Шаўцы” (Szewcy, 1934). У 1919 годзе выйшла галоўная філасофска-эстэтычная праца Віткевіча “Новыя формы ў мастацтве і вынікаючыя адтуль непаразуменні” (Nowe formy w malarstwie i wynikające stąd nieporozumienia), дзе ён выклаў “тэорыю чыстай формы”. Аўтар раманаў “622 падзенні Бунга, або Дэманічная жанчына (1910—1911), “Развітанне з восенню (1927), “Ненаеднасць” (1930). Напісаў больш як 30 п’есаў, вядомасць яму як драматургу прынесла п’еса “Прагматысты” (Pragmatyści, 1919). Знаходзячыся ў вёсцы Язёры на ўкраінскім Палессі, даведваецца па радыё аб уваходжанні савецкіх войскаў у Польшчу і заканчвае жыццё самагубствам. На беларускую мову п’есу Віткевіча “Шаўцы” (Szewcy, 1934) працягвае перакладаць Алена Пятровіч.

  • 1964

    Памёр Шон О’Кейсі (ірл. Seán Ó Cathasaigh, анг. Seán O'Casey, нар. 30 сакавіка 1880), ірландскі драматург. У сваёй творчасці О'Кейсі маляваў жыццё ірландскіх рабочых, добра яму знаёмае. Першыя п'есы пісьменніка былі пацыфісцкімі сатырычнымі трагікамедыямі, напісанымі, тым не менш, са спагадай да герояў. Пасля О'Кейсі перайшоў да стварэння містычных маралізатарскіх драмаў, а ў канцы жыцця — да фантастычных камедыяў.

  • 1980

    Памерла Кэтрын Эн Портэр (анг. Katherine Anne Porter, нар. 15 траўня 1890), амерыканская пісьменніца, журналістка, грамадскі дзеяч. Найбольш вядомая дзякуючы раману “Карабель дурняў” (Ship of Fools, 1962), які стаў бэстсэлерам. Таксама ўганараваны Пулітцэраўскай прэміяй (1966) і Нацыянальнай кніжнай прэміяй ЗША яе “Зборнік апавяданняў Кэтрын Эн Портэр” (The Collected Stories of Katherine Anne Porter, 1965).

  • 1992

    Памёр Ян Скрыган (нар. 16 лістапада 1905), беларускі празаік, паэт, публіцыст і крытык. Адзін з пачынальнікаў жанру нарысу ў беларускай літаратуры. Выдаў зборнікі нарысаў “Шугае сонца” (1930), “Права на энтузіязм” (1932), “Недапісаны профіль” (1932). Аўтар зборнікаў апавяданняў, аповесцяў, нататак і артыкулаў па праблемах літаратурнага майстэрства і культуры мовы. Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі БССР (1976) за ўдзел у стварэнні Беларускай савецкай энцыклапедыі. Пераклаў на беларускую мову кнігі і асобныя творы А. Астроўскага, М. Горкага, І. Буніна, Ф. Гладкова, К. Федзіна, І. Бабеля, а таксама ўкраінскіх, літоўскіх, латышскіх, эстонскіх пісьменнікаў.

  • 2004

    Памёр Гірш Рэлес (нар. 23 красавіка 1913), габрэйскі празаік і паэт, пісаў на ідыш і рускай. Аўтар зборнікаў вершаў на ідыш “Пачатак” (1940), “Вершы” (1941), кнігі апавяданняў “Пад мірным небам” (Масква, 1983). Аўтар аповесці “Записки моего коллеги” (1960), “Через трудный порог” (1976), зборнікаў прозы “Друзья и знакомые” (1963), “За тесными партами” (1966), “В родном уголке” (1972), “Под каждой крышей” (1979). Пастаянна друкаваўся ў габрэйскім часопісе “Саветыш Геймланд” (“Савецкая Радзіма”, Масква). У перакладзе на беларускую мову выйшла аповесць “Пра тое, чаго не ведаюць вучні” (часопіс “Полымя”, 1955), кніга вершаў “Бяроза пад акном” (1961); на рускую — “Стихи” (Масква, 1974).