№21: Знак прысутнасці

№21: Знак прысутнасці

Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары

Чытаць далей

У гэты дзень, 21 верасня

  • 1832

    Памёр Вальтэр Скот (анг. Walter Scott, нар. 15 жніўня 1771), празаік, паэт і гісторык шатландскага паходжання, знакаміты перадусім сваімі гістарычнымі раманамі (традыцыйна лічыцца заснавальнікам гэтага жанру), першы ангельскамоўны пісьменнік, які набыў ледзь не сусветную папулярнасць і шырока чытаўся і перакладаўся ўжо пры жыцці за межамі свае радзімы, класік ангельскага і шатландскага рамантызму, чалавек, які меў фенаменальную памяць. З адзінаццаці яго братоў і сёстраў засталося ў жывых толькі пяцёра, не лічачы будучага пісьменніка. У дзяцінстве Скот перахварэў на дзіцячы паралюш, што стала прычынай пажыццёвага кульгання на правую нагу. Пасля заканчэння каледжа Скот з працоўнай неабходнасці (а ён працаваў адвакатам) шмат ездзіў па краіне, збіраў народныя легенды і паданні пра герояў шатландскай даўніны, а таксама займаўся перакладамі нямецкай паэзіі (сярод іншага пераклаў баладу Г. А. Бюргера “Ленора”). Апроч раманаў Вальтэр Скот — аўтар шэрагу паэтычных твораў, у тым ліку гатычных і рамантычных балад. На беларускую няскончаную баладу Скота “Шэры манах” пераклаў Андрэй Стэфановіч.

  • 1866

    Нарадзіўся Герберт Ўэлс (анг. Herbert George Wells, памёр 13 жніўня 1946), ангельскі пісьменнік, вядомы сваёй працай у жанры навуковай фантастыкі. Пладавіты аўтар і ў многіх іншых жанрах, такіх як сучасныя раманы, гісторыя, палітыка і сацыяльныя каментары. Ўэлса, як і Жуля Верна, называюць “бацькам навуковай фантастыкі”. Апавяданне (а паводле вызначэння аўтара — пантум у прозе) Ўэлса “Чалавек, які ўмеў рабіць цуды” на беларускую мову пераклаў Павел Донаў.

  • 1918

    Нарадзіўся Фёдар Янкоўскі (памёр 13 лістапада 1989), беларускі мовазнавец і пісьменнік, сябра СП СССР (з 1968). Аўтар кніг па культуры мовы, фразеалогіі, граматыцы беларускай мовы, складальнік зборнікаў афарызмаў, прыказак і прымавак, фразеалагізмаў. Выйшлі кнігі прозы “Абразкі” (1975), “Прыпыніся на часінку” (1979), “І за гарою пакланюся” (1982), “Радасць і боль” (1984), “З нялёгкіх дарог” (выбранае, 1988). Імя Ф. Янкоўскага носіць вуліца ў Мінску.

  • 1918

    Нарадзіўся Хуан Хасэ Арэола (гішп. Juan José Arreola Zúñiga, памёр 3 снежня 2001), класік мексіканскай літаратуры. Увёў у літаратуру Мексікі жанр інтэлектуальнай фантастыкі. Лаўрэат найбуйнейшых нацыянальных прэміяў Мексікі.

  • 1929

    Нарадзіўся Іосіф Аляшкоўскі, больш вядомы як Юз Аляшкоўскі (руск. Юз Алешковский), рускі празаік, паэт і бард. Пасля публікацыі тэкстаў “лагерных” песняў Аляшкоўскага (“Товарищ Сталин, вы большой учёный” — найбольш вядомая з іх) у альманаху “Метраполь” пісьменнік вымушаны быў эміграваць з СССР у 1979 годзе, цяпер жыве пераважна ў ЗША. У 1991 годзе быў адным са стваральнікаў нефармальнага аб'яднання “БаГаЖъ”, куды таксама ўваходзілі А. Бітаў, Б. Ахмадуліна і М. Жванецкі. Лаўрэат Пушкінскай прэміі (2001).

  • 1938

    Памерла Івана Брліч-Мажураніч (харв. Ivana Brlić-Mažuranić, нар. 18 красавіка 1874), харвацкая дзіцячая пісьменніца. Два разы намінавалася на Нобелеўскую прэмію (у 1931 і 1938), а ў 1937 годзе стала першай жанчынай — сябрам Югаслаўскай (цяпер Харвацкай) акадэміі навук і мастацтваў. Часта яе называюць харвацкім Андэрсэнам ці харвацкім Толкінам. Вяршыняй яе творчасці лічыцца зборнік “Апавяданні з даўніны” (Prіče іz davnіne, 1916), які напісаны на аснове старажытных славянскіх міфаў і праз казку вяртае ў жыццё страчаны свет паганскіх вераванняў харватаў. Творы пісьменніцы былі перакладзеныя амаль на ўсе еўрапейскія мовы.

  • 1965

    Нарадзіўся Фрэдэрык Бегбедэр (фр. Frédéric Beigbeder), французскі пісьменнік, публіцыст, літаратурны крытык і рэдактар. Вядомы як аўтар рамана-сатыры на рэкламны бізнэс “99 франкаў” (перайменаваны ў “14,99 еўра”), пасля публікацыі якога быў звольнены з рэкламнага агенцтва Young and Rubicam.

  • 1975

    Памёр Міхась Лынькоў (нар. 30 студзеня 1899), беларускі пісьменнік, аўтар рамана “На чырвоных лядах”, рамана-эпапеі “Векапомныя дні”, аповесцяў “Міколка-паравоз”, “Апошні зверыядавец”. Лынькоў пераклаў на беларускую мову асобныя творы М. Горкага, М. Ціханава і інш.