Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары
Чытаць далейПамёр Пётр Скарга (нар. у лютым 1536), царкоўны i палітычны дзеяч Рэчы Паспалітай, пачынальнік польскай аратарскай прозы. Сваімі казаннямі значна паўплываў на распаўсюджанне каталіцкага веравызнання на тэрыторыі ВКЛ. Заснавальнік і першы рэктар Віленскай езуіцкай акадэміі. Арганізаваў Полацкі езуіцкі калегіюм i ў 1582—1586 быў яго рэктарам. Заснаваў калегіюмы ў Рызе і Дэрпце (цяпер Тарту, Эстонія). Вёў актыўную барацьбу супраць Рэфармацыі. Дзякуючы аратарскаму таленту заўсёды перамагаў сваіх апанентаў у дыспутах. Здолеў вярнуць уплывовага прыхільніка кальвінізму М. К. Радзівіла (Сіротку) у каталіцызм. Ініцыятар і прапагандыст Брэсцкай уніі 1596. Аўтар рэлігійна-палітычных твораў “Пра еднасць Божай царквы” (1577), “Жыцці святых” (1579), “Брэсцкі сінод” (1597), “Сеймавыя казанні” (1600), “Жаўнерскія набажэнствы” (1606), “На трэны і лямант Тэафіла Арталога” (1610) і інш.
Нарадзіўся Жак Басюэ (фр. Jacques Bossuet, памёр 12 красавіка 1704), французскі багаслоў, пісьменнік, біскуп, ідэолаг галіканства. Вучні, што разам з ім наведвалі калеж, назвалі яго bos suetus aratro, “бык, звыклы да плуга” — да канца жыцця Басюэ заставаўся вельмі працавітым чалавекам. Басюэ называлі “апошнім бацькам Царквы”, бо ён падняў жанр казані на новы ўзровень. Ён разнастаіў свае казані па стылі і танальнасці, а таксама лічыў, што прапаведнік мусіць мець глыбокія веды. Самыя вядомыя творы Басюэ — “Казань пра Боскую волю” (1662) і “Казань пра боскасць рэлігіі” (1665).
Памёр Аўрам Мапу (ідыш אברהם מאפו, нар. 28 снежня 1907), габрэйскі пісьменнік родам з-пад Коўна. У 1852 годзе Мапу выдаў свой самы знакаміты раман “Ahabat Zion”, які зрабіўся першым белетрыстычным творам у новагабрэйскай літаратуры. У гэтым рамане звыродліваму і ненармальнаму жыццю ў габрэйскім гета ён супрацьпастаўляе свабоднае існаванне ў біблейскія часы.
Нарадзілася Грацыя Дэледа (іт. Grazia Deledda, памерла 15 жніўня 1936), італьянская пісьменніца, лаўрэат Нобелеўскай прэміі (1926) “за паэтычныя творы, у якіх з пластычнай выразнасцю апісваецца жыццё яе роднай выспы [Сардыніі], а таксама за глыбіню падыходу да чалавечых праблемах у цэлым”.
Памёр Іван Ганчароў (руск. Иван Гончаров, нар. 18 чэрвеня 1812), рускі пісьменнік. Найбольш вядомы як аўтар трылогіі “Звычайная гісторыя” (“Обыкновенная история”, 1847), “Абломаў” (“Обломов”, 1859), “Абрыў” (“Обрыв”, 1868). У кожным з раманаў адлюстраваны пэўны этап гістарычнага развіцця Расіі. Таксама папулярнымі былі яго падарожныя нарысы пад назвай “Фрэгат “Палада” (1858), напісаныя па слядах удзелу ў марской экспедыцыі адмірала Пуцяціна ў Японію. Некалькі гадоў Ганчароў служыў цэнзарам, уваходзіў у Раду па справах кнігадруку. Выступаў таксама як літаратурны крытык.
Нарадзіўся Эбе Ліндэ (шведск. Per Johan Ebbe Fredrik Linde, памёр 13 лістапада 1991), шведскі паэт, драматург і перакладчык, тэатральны крытык, настаўнік электрахіміі і піянер псіхааналізу ў Швецыі. Быў блізкім сябрам Карын Бое, якой прысвяціў свой верш “Мёртвы таварыш” (Död kamrat). Шмат перакладаў, у тым ліку Брэхта, Мальера, Апалінэра і лацінскую паэзію.
Нарадзіўся Лукаш Калюга (сапр. Канстанцін Вашына, памёр 5 кастрычніка 1937), беларускі пісьменнік, перакладчык. Дэбютаваў апавяданнем “Вясна”, якое К. Чорны ў чэрвені 1927 змясціў у часопісе “Чырвоны сейбіт”. У 1928 часопіс “Узвышша” змясціў аповесць “Ні госць, ні гаспадар”, а ў 1929 — шэраг апавяданняў Л. Калюгі. У часопісе “Полымя” за 1931 надрукаваная першая частка аповесці “Нядоля Заблоцкіх”. Захавалася частка рукапісаў Л. Калюгі часу высылкі (у тым ліку незавершаны раман “Пустадомкі”, надр. 1990; аповесці “Дзе косці мелюць”, “Зоры Вам Вядомага горада”, “Утрапенне”, надр. 1989). У 1974 выйшаў зборнік апавяданняў і аповесцяў “Ні госць, ні гаспадар”. Пераклаў на беларускую мову аповесць П. Панча “Блакітныя эшалоны” (з К. Чорным, 1930), раман Ю. Алешы “Зайздрасць” (1931), раман Я. Гашака “Прыгоды ўдалага ваякі Швейка” (ч. 4, 1932).
Нарадзіўся Ёзаф Шкварэцкі (чэшск. Josef Škvorecký), чэшскі і канадскі пісьменнік і перакладчык. Разам з жонкай пісьменнік заснаваў у Таронта “Выдавецтва 68”, дзе выдаваў кнігі чэшскіх і славацкіх дысідэнтаў (М. Кундэры, В. Гавала, Л. Вацуліка і інш.). Аўтар шэрагу раманаў і аповесцяў (“Танкавы корпус”, “Цуд”, “Інжынер чалавечых душаў” і інш.), а таксама некалькіх кніг па гісторыі джазу. Пераклаў з ангельскай мовы на чэшскую творы Г. Джэймса, Э. Хэмінгуэя, Ў. Фолкнера, Ў. Стайрана, Р. Брэдберы. Кнігі Шкварэцкага перакладзеныя на многія мовы свету, па-ангельску выдадзены збор яго твораў у 19 тамах.
Нарадзіўся Ірвін Ўэлш (анг. Irvine Welsh), шатландскі пісьменнік, аўтар нашумелых раманаў “На іголцы” (Trainspotting, 1993) і “Кіслотны дом” (The Acid House, 1994), паводле якіх былі знятыя аднайменныя фільмы. У абедзвюх экранізацыях атрымаў эпізадычныя ролі. Прасякнуты чорным гумарам раман “На іголцы” пра жыццё маладых наркаманаў Эдынбурга быў першым раманам пісьменніка. Пасля выхаду фільма паводле гэтага рамана і да сённяшняга дня Ўэлш застаецца адным з самых папулярных аўтараў кірунку контркультуры.
Нарадзіўся Аарон Бэлц (анг. Aaron Belz), амерыканскі паэт. Крытыкі часта параўноўваюць стыль Бэлца са стылем паэтаў Нью-ёркскай школы 1950—1960-хх гадоў. Аўтар кніг “Цудоўна, маліны” (Lovely, Raspberry), “Брудэр” (The Bird Hoverer), “Добрапрыстойныя светы” (Plausible worlds).