Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары
Чытаць далейУ Кракаве па-лацінску выйшаў зборнік Міколы Гусоўскага “Песня пра зубра”, які складаўся з прысвячэння каралеве Боне Сфорца, уласна паэмы і 11 вершаў.
Нарадзіўся Андрэас Грыфіюс (ням. Andreas Gryphius; сапр. Андрэас Грайф; пам. 16 ліпеня 1664), нямецкі паэт і драматург эпохі барока. Найбольш вядомы аўтар санэтаў XVII стагоддзя. Вершы пісаў па-нямецку і на лаціне, адна з п’есаў напісаная на сілезскім дыялекце (“Каханая ружа”).
Памерла Тыё-ні (яп. 千代尼, нар. 1701), японская паэтка перыяду Эдо, самая вядомая з жанчын-хайдзінаў. Лічыцца, што яна нарадзілася ў правінцыі Кага, у падлеткавым узросце прыслужвала мясцоваму настаўніку хай ку, а ўжо 16-17 гадоў пісала сама і карысталася папулярнасцю. У 1753 годзе Тыё стала манашкай (“Тыё-ні” азначае “манахіня Тыё”) і правяла рэшту жыцця ў манастыры. Тыё была наўпроставай пераемніцай Басё, вучаніцай яго вучняў.
Нарадзіўся Ўолес Стывенс (анг. Wallace Stevens, памёр 2 жніўня 1955), амерыканскі паэт нямецка-нідэрландскага паходжання. Вядомасць да Стывенса прыйшла ў сярэдзіне 1910-х, калі вялікую падборку яго вершаў апублікаваў чыкагскі часопіс Poetry. На той час паэту было 35 гадоў, а яго першы паэтычны зборнік “Фісгармонія” (Harmonium) выйшаў у 1923 годзе. Двойчы лаўрэат Нацыянальнай кніжнай прэміі і Пулітцэраўскай прэміі (1955). На беларускую мову паэму Стывенса “Трынаццаць спосабаў убачыць чорнага дразда” пераклаў Андрэй Хадановіч.
Памёр Жазэф Эрнэст Рэнан (фр. Joseph Ernest Renan, нар. 28 лютага 1823), французскі пісьменнік, гісторык і ўсходазнаўца. Займаўся археалагічнымі даследаваннямі старажытнай Фінікіі, і хаця не зрабіў у гэтай галіне значных адкрыццяў, уражанні ад убачанага натхнілі яго на напісанне “Жыцця Ісуса” (Vie de Jésus), аднаго з самых значных і вядомых твораў Рэнана.
Нарадзіўся Пранас Будвіціс (літ. Pranas Vytautas Budvytis, псеўд. Svyrunelis; памёр 7 кастрычніка 1975), літоўскі паэт, перакладчык, журналіст. Заснавальнік сатырычнай газеты Liežuvis (у 1924 годзе закрытая ўладамі), часопіса сатыры і гумару Spaktyva (1924—1934). Быў вядомы багемным стылем жыцця, таму распаўсюджваліся чуткі пра тое, што вядомых аўтараў да ўдзелу ў часопісе ён прыцягвае багатымі пачастункамі гарэлкай, а чытачоў утрымлівае непрыстойнымі малюнкамі.
Нарадзіўся Грэм Грын (анг. Henry Graham Greene, памёр 3 красавіка 1991), амерыканскі пісьменнік, супрацоўнік брытанскай выведкі. Грэм Грын шмат разоў намінаваўся на Нобелеўскую прэмію па літаратуры, аднак так і не атрымаў яе праз шматлікія прэтэнзіі крытыкаў. Шведскі акадэмік, паэт і раманіст Артур Лундквіст заявіў, што “гэты дэтэктыўны аўтар атрымае прэмію толькі праз мой труп”. Па іроніі лёсу Лундквіст памёр праз сем месяцаў пасля смерці Грэма Грына.
Загінуў Дзімча Дэбелянаў (балг. Димчо Дебелянов, нар. 28 сакавіка 1887), балгарскі паэт. Друкаваць вершы пачаў з 1906 году. У 1912-м пайшоў на Балканскую вайну; хутка пачалася і Першая сусветная вайна, у якой паэт і загінуў, такім чынам толькі пачаўшы літаратурную кар’еру. Пасля смерці Дэбелянава сябры сабралі яго вершы, напісаныя збольшага ў рэчышчы сімвалізму, і выдалі двухтомную анталогію. Вершы Дэбелянава на беларускую мову перакладаў В. Сахарчук.
У Гародні выйшаў з друку першы нумар грамадска-культурнага часопіса “Беларуская думка” (выдаваўся да 1932).
Нарадзіўся Сяргей Шупа, беларускі перакладчык. Скончыў інстытут замежных моваў, працаваў у выдавецтве “Мастацкая літаратура”, Скарынаўскім цэнтры. Заснавальнік нефармальнага аб'яднання перакладчыкаў “Бабілён” (1986). Ад 1991 году ў Вільні ўдзельнічаў у выданні “Нашай Нівы”. Працаваў на вольным хлебе: пераклады, рэдагаванне кніг. Ад 1997 на “Радыё Свабода” (Прага). Укладальнік і публікатар “Архіваў БНР”, рэдактар “Ангельска-беларускага слоўніка” В. Пашкевіч. Перакладаў творы П. Мерымэ, Г. Мапасана, Ф. Тугласа, М. Уньта, М. Мута, Э. По, Х. Л. Борхеса, Б. Шульца, Э. Керэта, М. Павіча, Л. Дарэла, А. Ю. Грэймаса, М. Ергавіча, О. Мілаша, Б. Віяна, Дж. Джойса. Пераклады выходзілі асобнымі выданнямі, а таксама ў альманахах “Далягляды” і “Братэрства”, газетах “ЛіМ”, “Наша Ніва”, часопісах “Крыніца”, “Фрагмэнты“, “АРХЭ”.
Памёр Васіль Шукшын (руск. Василий Шукшин, нар. 25 ліпеня 1929), рускі пісьменнік, кінарэжысёр, актор, сцэнарыст, “апостал рускай вясковай літаратуры”. Нарадзіўся ў Алтайскім краі ў сям’і сялян-аднаасобнікаў, бацька быў рэпрэсаваны. Прыжыццёва былі выдадзеныя зборнікі апавяданняў “Вясковя жыхары” (“Сельские жители”, 1963), “Землякі” (“Земляки”, 1970), “Гутаркі пры ясным месяцы” (“Беседы при ясной луне”, 1974), раман “Любавіны” (“Любавины”, 1965). Памёр падчас здымання фільма “Яны змагаліся за Радзіму” ва ўзросце 45 гадоў.